Лепш сустрэцца з камісіяй, чым з бядой. У Ляхавіцкім раёне работа назіральных камісій – сістэмная, рэгулярная і, што самае галоўнае, неабходная

Людзі, якія ўваходзяць у склад назіральных камісій, прадстаўляюць розныя жыццёва важныя службы і арганізацыі, могуць на месцы падказаць, пракансультаваць і дапамагчы ліквідаваць недахоп. Тым больш, калі гэты недахоп тычыцца бяспекі жыцця. Ацяпляльны сезон пачаўся – рызыка ўзнікнення надзвыйчаных сітуацый узрастае. Прафілактыка і неабыякавасць дапамогуць выкрасліць з жыцця сітуацыі, якія пасля выправіць немагчыма.

Сёння задача назіральных камісій – не проста праінспектаваць жыллёвыя ўмовы, праінфармаваць і нагадаць пра бяспеку. Важна ўпэўніцца, што чалавеку, асабліва калі гэта пажылыя людзі, шматдзетныя сям’і, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, аказваюцца ўсе належныя віды дапамогі, варта абавязкова выслухаць і дапамагчы вырашыць яго бытавыя моманты.


На тэрыторыі Востраўскага сельсавета з 4 па 8 снежня ва ўзмоцненым рэжыме працавала назіральная камісія. Прафілактычныя мерапрыемствы аб’ядналі прадстаўнікоў розных зацікаўленых службаў. Важныя кожная дэталь і дробязь.
На тэрыторыі сельсавета пастаянна пражывае больш за 1 450 чалавек, сярод іх 758 працаздольнага ўзросту, 567 – пенсіянеры. Усяго на тэрыторыі налічваецца 791 домаўладанне.
Выконваючы абавязкі старшыні Востраўскага сельвыканкама Дзмітрый Гібеж адзначае, што хочацца зайсці ў кожны дом. Праверыць, абследаваць, праінспек-таваць, каб адвесці бяду
ў любых выпадках.


– Прыемна, што большасць нашых жыхароў разумее неабходнасць такіх мерапрыемстваў. З задавальненнем сустракаюць, даюць магчымасць праверыць умовы і, што самае важнае, прыслухоўваюцца да заўваг і хутка ліквідуюць праблемныя моманты. На жаль, людзі, якія злоўжываюць спіртным, грэбуюць правіламі бяспекі і кураць у ложку, мала таго, што пра сябе не думаюць, пад пагрозу ставяць і тых, хто жыве з імі, суседзяў, якія наўрад ці рады такому суседству. Калі слова не дапамагае, прымаем іншыя меры: прадпісанні, адміністрацыйныя пакаранні. Статыстыка сведчыць, што ў 2022 годзе на тэрыторыі Востраўскага сельсавета не было зарэгістравана вогненных здарэнняў, сёлета – ужо сем, – гаворыць Дзмітрый Гібеж.
Карэспандэнт «ЛВ» зафіксаваў работу назіральнай камісіі ў аграгарадку Востраў. Па адным з адрасоў камісію сустрэла пенсіянерка Ганна Міхайлаўна Рагацэвіч. Прызнаецца, што людзі з камісіі ёй знаёмыя. І хаця ў яе клапатлівыя дзеці, заўжды рада, калі на такую праверку заходзяць да яе.


– Лішнім не будзе, калі правераць пажарныя ўмовы, як працуе АПА. Гэта ж дзеля нас, таму дзякую за такі інтарэс і клопат пра пажылых грамадзян. Пенсію зарабіла годную. Хапае, каб купіць усё неабходнае. Дзякаваць, у нашай краіне да тых, хто выйшаў на заслужаны адпачынак, ставяцца з павагай і на рэспубліканскім узроўні, і на мясцовым не забываюць – гэта адчувальна. Мы не маладзеем, таму часам выпускаем штосьці з віду, але ж ёсць службы, якія дапамагаюць. Мне пашчасціла з сацыяльным работнікам Кацярынай Плаўскай. Яна свая, родная, – гаворыць пенсіянерка.
Ганна Міхайлаўна інвалід па зроку, аднак з хатнімі справамі імкнецца спраўляцца сама, дапамагае сацыяльны работнік. Кідаецца ў вочы ідэальна вычышчаны ад снегу падворак.
Да старшыні дэпутацкага корпуса раёна Юрыя Чаранкевіча пенсіянерка накіравала пытанне наконт магчымасці правядзення электрычнага ацяплення, паколькі, як інваліду па зроку, ёй складана карыстацца газавым ацяпленнем і абслугоўваць газавыя прыборы. Спрабавалі раней, аднак энергетыкі адмовілі, маўляў, на падстанцыі не хапае магутнасці. Юрый Міхайлавіч прапанаваў старшыні сельвыканкама накіраваць пісьмо ў адпаведную службу і праінфармаваць, што тут ёсць жадаючыя падключыцца да электраацяплення. А значыць прадугледзець у плане рамонт падстанцыі.
Галоўны ўрач ЦРБ Георгій Хлябовіч пацікавіўся, ці якасна і своечасова аказваецца медыцынская дапамога.
Адказ гучаў станоўчы.
Па сваёй частцы заўваг да пажарнай бяспекі ў начальніка Ляхавіцкага РАНС Юрыя Буйкевіча не з’явілася. Замянілі
элементы сілкавання ў АПА – цяпер дакладна ідэальна!
Па наступным адрасе камісію сустрэла пенсіянерка Ганна Аляксандраўна Плаўская. У хаце цеплыня – праведзена газавае ацяп-
ленне, да пажарнай бяспекі пытанняў не ўзнікла.
– Усё добра, камісія наведваецца часта, прыходзяць, правяраюць парадак. Да мяне і дзеці часта прыязджаюць. А на што не хапае ўласных сіл, дапамагае сацыяльны работнік Валянціна Адамчык. Лічы, кожны дзень у мяне. І ў магазін сходзіць, і лекі прывязе, і па хаце спраўляецца. На жаль, здароўе падводзіць, – адзначыла пенсіянерка.
Георгій Хлябовіч, у першую чаргу, пацікавіўся самаадчуваннем, ці ёсць неабходныя лекі. На скаргу пра здароўе на дом адразу прыехалі медыкі: загадчыца Востраўскага ФАПа Таццяна Аніскевіч
вымярае ціск, цікавіцца, калі апошні раз прымалі лекі,
ці ёсць яшчэ ў наяўнасці.
– Такі адладжаны механізм прымяняем да кожнага домаўладання, куды прыходзіць назіральная камісія. Больш таго, сёння, маючы спецыяльны планшэт і адпаведную праграму, заносім даныя агляду ў базу. Дарэчы, яна адзіная для розных службаў. Там мы можам бачыць, што было выяўлена, ці гэта было ліквідавана. А адпаведныя службы бачаць, на што ў наступны раз звярнуць
увагу, – падагульніў Дзмітрый Гібеж.

Маргарыта Кухта-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.