Калектыўны імунітэт для здароўя і эканомікі. Як складваецца сітуацыя з правядзеннем прафілактычных прышчэпак у калектывах Ляхавіцкага раёна

Штогод у краіне тысячы людзей сутыкаюцца з вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, у тым ліку грыпам і кавідам. Найбольш эфектыўным сродкам прафілактыкі хвароб застаецца вакцынацыя. Сёлета кампанія па вакцынацыі супраць грыпу ў раёне стартавала напачатку кастрычніка.

Як складваецца сітуацыя з правядзеннем прафілактычных прышчэпак у калектывах раёна, чарговы раз на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама агучыў галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч. Ён адзначыў, што працэнт ахопу паступова павялічваецца: па стане на 18 снежня вакцынавана больш за 24 працэнты насельніцтва Ляхавіцкага раёна. Каб сфарміраваўся калектыўны імунітэт, неабходна, каб вакцыну атрымала 40 працэнтаў насельніцтва.
Медыкі з тлумачэннямі важнасці прышчэпак наведваюць працоўныя калектывы, праводзяць прафілактычныя гутаркі падчас бацькоўскіх сходаў.
Спецыялісты адзначаюць, што вакцына стала заложнікам уласнай эфектыўнасці. Дзякуючы прышчэпкам, людзі забылі пра эпідэміі і цяпер недаацэньваюць існуючай рызыкі.
У першую чаргу, рэкамендуецца сфарміраваць абарону супраць грыпу дзецям і дарослым, якія маюць хранічнае захворванне, цяжарным жанчынам і дзецям ва ўзросце ад шасці месяцаў да трох гадоў. Таксама зрабіць прышчэпку рэкамендуецца тым, хто па родзе дзейнасці кантактуе з людзьмі, – медыкам, работнікам адукацыі, грамадскага харчавання, камунальнай сферы, гандлю і г. д. Не заўсёды і бацькі разумеюць довады медыкаў, калі прымаюць рашэнне адмовіцца ад прышчэпкі свайму дзіцяці. Так, на сёння, па лічбах, агучаных галоўным урачом райбальніцы, вакцынавана супраць грыпу менш за палову дзяцей.
І тут ужо на дапамогу медыкам павінны прыйсці педагогі з пераканаўчымі аргументамі на карысць вакцыны, падкрэсліў Георгій Хлябовіч.
Тым, хто яшчэ не паспеў зрабіць прышчэпку, варта зрабіць гэта хутчэй. Брыгады медыкаў гатовы ў любы час выехаць для вакцынацыі на прадпрыемствы і ў арганізацыі.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз акцэнтаваў увагу на тым, што здароўе працоўнага калектыву ўплывае на эканамічны паказчык любога прадпрыемства. І кіраўнікі павінны гэта разумець і быць асабіста зацікаў-лены ў фарміраванні калектыўнага
імунітэту. Нельга абыходзіць увагай і пажылых людзей. Гэтая катэгорыя адна з самых уразлівых, рэзюмаваў кіраўнік раёна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.