«Экспрэс» выклікаецца на біс! У народнай эстраднай студыі «Экспрэс» юбілей у кубе

У народнай эстраднай студыі «Экспрэс» юбілей у кубе: 30-годдзе заснавання калектыву, 20-годдзе прысваення звання «народны», 10-годдзе акцыі «Ад сэрца да сэрца»

Сярэдзіна мінулага стагоддзя адзначылася і на музычным небасхіле Беларусі: ствараліся разнастайныя песенныя калектывы, з’яўляліся новыя імёны эстрадных артыстаў. Адной з першых груп новай музычнай фармацыі на Ляхавіччыне ў 1993 годзе стаў самадзейны музычны калектыў, які выбраў для сябе назву эстрадная студыя «Экспрэс» і кватараваў на базе ГДК райаграсэрвіса.

– Чаму менавіта «Экспрэс»? Удзельнікі групы прапаноўвалі разнастайныя назвы, якіх сабралася каля дзясятка. Спрачаліся, узнікалі новыя варыянты, каб і гучала, і не доўгая была назва. У рэшце рэшт прыйшлі менавіта да «Экспрэса», – расказвае заснавальнік і нязменны мастацкі кіраўнік народнай эстраднай студыі «Экспрэс» Юрый Грынь.
Яшчэ школьнікам Юрый быў залічаны ў склад народнага духавога аркестра ГДК і менавіта там адточваў сваё прафесійнае майстэрства. Але, як прызнаецца, заўжды марыў не толькі іграць на музычных інструментах, але і спяваць. Тым больш, пэўны вопыт меў –старшакласнік Юрый Грынь удзельнічаў у вакальна інструментальным ансамблі СШ № 2, які быў надзвычай папулярны напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў нашым райцэнтры.
– Магу прызнацца, марыў пра групу, якая будзе спяваць сучасныя песні, выступаць на розных пляцоўках. Калі працаваў у ГДК райаграсэрвіса, мара пачала набываць рэальныя абрысы. Пазнаёміўся з таленавітымі землякамі, якія таксама марылі спяваць. Ініцыятыву падтрымала і колішні дырэктар СДК Людміла Жукоўская. На працягу 30 гадоў калектыў, канешне ж, мяняўся, але заўжды ў яго прыходзілі таленавітыя, адданыя музыцы людзі. Заслуга кожнага, што ў 2003 годзе наша студыя атрымала званне «народная» і ўжо неаднойчы пацвярджала яго, – узгадвае старонкі біяграфіі калектыву Юрый Грынь.
З часам слава пра ансамбль разнеслася па музычнай прасторы,
калектыў сталі запрашаць на гарадскія і раённыя канцэрты, святы, частымі сталі выступленні ў працоўных калектывах.
І вось ужо адзін за адным сыплюцца запрашэнні для «Экспрэса» паўдзельнічаць у абласных фестывалях, конкурсах, святах. Калектыў феерычна «запальваў» на абласных фестывалях-кірмашах «Дажынкі», аглядах і конкурсах мастацкай самадзейнасці. За тры дзесяцігоддзі існавання такіх выступленняў, па падліках удзельнікаў калектыву, збярэцца каля паўтысячы. Толькі сёлета народная эстрадная студыя з поспехам удзельнічала ў 26 канцэртных праграмах, выступіла на сцэне абласнога фестывалю-кірмашу «Берасцейскія сані – 2023», падчас святкавання на Брэстчыне Дня народнага адзінства ў Баранавічах, у рэспубліканскім экалагічным форуме, прымеркаваным да Года міру і стварэння, у святочным канцэрце да 800-годдзя Нясвіжа.
Яшчэ адна добрая традыцыя «Экспрэса» – дабрачынная акцыя «Ад сэрца да сэрца». Усе грошы, сабраныя за продаж білетаў, перадаюцца на патрэбы мясцовага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Сёлета 27 снежня ў 18 гадзін «Экспрэс» запрашае ў ГДК на дабрачынны канцэрт «Калі мы разам!» дзясяты год запар.
Сёння народная эстрадная студыя – гэта Юрый Грынь, Аляксандр Гуліцкі, Ларыса Бобер, Васілій Шпак, Таццяна Лук’янчык, Ірына Прыхач, Алеся Камская, Ірына Петручэня, Лізавета Арцыменя. Яны прадстаўнікі розных прафесій і рознага ўзросту, але разам яны дружны і таленавіты калектыў творчых і крэатыўных артыстаў, якіх так часта выклікаюць
на біс.

Што для вас «Экспрэс»? Адказ на пытанне даюць удзельнікі студыі.

Ларыса БОБЕР, загадчык дзіцячага сада № 4:
– Гэта маё бясконцае захапленне, аддушына, тут я адпачываю і набіраюся сіл, тут толькі станоўчыя эмоцыі. Я прыйшла ў калектыў па запрашэнні дырэктара  ГДК райаграсэрвіса Людмілы Жукоўскай у 1995 годзе, калі працавала загадчыцай Задворскага дзіцячага садка. Без перабольшання скажу: мы сябры. Падтрымліваем адзін аднаго не толькі ў творчасці, але і ў паўсядзённым жыцці, дзелімся сваімі праблемамі і радасцямі. Так, мы спрачаемся на рэпетыцыях, але гэта звычайны творчы працэс. І наш кіраўнік Юрый Грынь прыслухоўваецца да меркаванняў, але канчатковы выбар давяраем яму. Мне найбольш падабаецца выконваць беларускія творы. Люблю, калі адначасова на сцэне выступае ўвесь калектыў.
Аляксандр ГУЛІЦКІ, культарганізатар Конькаўскага СДК:
– Для мяне самае галоўнае ў жыцці – мая сям’я. А «Экспрэс» таксама мая сям’я, мы адзінае цэлае. Ведаем адзін аднаго некалькі дзесяцігоддзяў. Разам пераадольваем розныя перашкоды, але куды больш у нашай творчай біяграфіі запамінальных, цікавых, непаўторных момантаў. Як жа горача бывае на рэпетыцыях, ці калі падбіраем рэпертуар, як хвалюемся перад выхадам на сцэну і да чаго ж радуемся поспехам кожнага з «Экспрэса».
З гонарам скажу: я стаяў ля вытокаў стварэння нашай студыі. Тады мы былі маладыя, поўныя мараў і надзей. Здорава, што многае з задуманага спраўдзілася. Як хваляваліся, калі адстойвалі права калектыву звацца народным.
Дарэчы, дзякуючы «Экспрэсу», маё захапленне стала прафесіяй, я работнік культуры.

Алеся КАМСКАЯ, загадчык Дараўскага СДК:
– У «Экспрэс» мяне запрасіў кіраўнік калектыву Юрый Грынь. Ад такой прапановы не адмаўляюцца. Першы раз выступіла ў дуэце на фестывалі ў Целяханах. Хоць я ў студыі ўсяго некалькі гадоў, але калектыў сапраўды стаў маім другім домам. Зусім не адчуваецца розніца ва ўзросце, хаця некаторыя ўдзельнікі ўдвая старэйшыя за мяне.
Падабаецца, што кожны стараецца ўнесці нешта новае ў рэпертуар, манеру выканання. Лічу, мне пашчасціла быць адной з «Экспрэса».

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.