Творчасць, якая дорыць цуд. Па-дамашняму шчыра і ў вялікім коле сяброў прайшоў юбілейны канцэрт народнай эстраднай студыі «Экспрэс»

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Па-дамашняму шчыра і ў вялікім коле сяброў – так прайшоў юбілейны канцэрт народнай эстраднай студыі «Экспрэс». А кола сяброў – поўная зала прыхільнікаў творчасці калектыву.
Са сцэны неаднойчы гучала: «Экспрэс» – нібы творчая візітоўка Ляхавіччыны. І кожны, хто жадаў-віншаваў, гаварыў пра высокае майстэрства, талент і ўлюбёнасць у справу. Не адзін дзясятак, а то і сотня творчых пляцовак скарыліся «Экспрэсу», а вось адна з іх – асаблівая.
Юбілейны дзясяты раз запар «Экспрэс» аб’ядноўвае землякоў у дабрачыннай справе. Канцэрт у рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» – заўжды чаканая падзея навагоддзя. І сёлета да
«Экспрэса» падключыліся і іншыя вядомыя калектывы раёна. А сабраныя сродкі ад продажу білетаў пойдуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Словы прызнання ад цэнтра і дзетак, іх бацькоў гучалі ад дырэктара ЦКРНіР Наталлі Маслоўскай.
Віншаванні прыляцелі з розных адрасоў – віншавалі калегі па цэху, сектар культуры, 38-я асобная гвардзейская дэсантна-штурмавая брыгада…
– Галоўнае, што наша трыццацігадовая гісторыя мае працяг. Калектыў абнаўляецца і папаўняецца маладымі галасамі. Нас чакаюць і вітаюць на розных сцэнах. Дзякуй землякам, якія ў такія важныя для нас даты раздзялілі з намі свята. І гэта свята мы падорым тым, каму яно так важна і неабходна, – адзначыў кіраўнік калектыву «Экспрэс» Юрый Грынь.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.