Снег дабавіў клопатаў.Як на Ляхавіччыне супрацьстаяць снежным сумётам, высвятляў «ЛВ».

Чакалі снегу? Калі ласка, падарунак ад нябеснай канцылярыі: у ноч з 1 на 2 студзеня Ляхавіччыну накрыла снежнае покрыва: засыпала вуліцы, дарогі, палі, двары, дахі будынкаў.

Снег дабавіў клопатаў многім службам. Як на Ляхавіччыне супрацьстаяць снежным сумётам, высвятляў «ЛВ».

Адным з першых супрацьснежны арсенал на барацьбу з наступствамі стыхіі вывела КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Спакойна, без аўралу –
так ахарактарызаваў ход работ дырэктар камунгаса Андрэй
Чайкоўскі. Шэсць адзінак тэхнікі і 12 работнікаў участка «Добраўпарадкаванне» вызваляюць са снежнага палону гарадскія дарогі, пешаходныя дарожкі, дваровыя тэрыторыі, аўтобусныя прыпынкі. З чатырох гадзін раніцы на вуліцы Ляхавічаў выходзіць тэхніка, займаецца расчысткай снегу. Камунальная служба трымае сітуацыю на пастаянным кантролі.
У супрацьснежным узбраенні і дарожнікі. Начальнік ДРБУ-200 Максім Муха расказаў, што, пачынаючы з 2 студзеня, работнікі арганізацыі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме: расчышчаюць ад снегу дарогі раёна і вуліцы сельскіх населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў зоне адказнасці ДРБУ-200. У першую чаргу – увага на дарогі, па якіх курсіруюць рэйсавыя аўтобусы, на маршрут праезду аўталавак. Напрыклад, у другі дзень 2024 года работы пачаліся ў дзве гадзіны ночы, назаўтра – у чатыры гадзіны раніцы. Для барацьбы са снежнай стыхіяй на балансе ДРБУ-200 маецца ў наяўнасці 16 адзінак тэхнікі, пакуль задзейнічаны сем. У дастатковай колькасці і людскіх працоўных рэсурсаў. Хапае супрацьгалалёднай пясчана-саляной сумесі, якой назапашана больш за тры тысячы тон. Максім Муха падзякаваў прадпрыемствам і арганізацыям, якія ўласнай тэхнікай дапамагаюць расчышчаць дарогі і вуліцы. Так, ААТ «Шлях новы» расчышчаў ад снегу дарогі ў аграгарадку Навасёлкі, ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» – у Тухавічах.
– Прымаем усе неабходныя меры для надзейнага электра-
забеспячэння спажыўцоў. Арганізавана кругласутачнае дзяжурства работнікаў, узмоцнены кантроль за работай абсталявання падстанцый і лініямі электраперадачы, падрыхтаваны рэзервовыя крыніцы электразабеспячэння. Да ліквідацыі магчымых парушэнняў падачы электраэнергіі гатовы аварыйныя брыгады, якія ўкамплек-
таваны неабходнай тэхнікай, інструментамі і матэрыяламі, – адзначае начальнік Ляхавіцкага РЭС Віктар Станкевіч.

Галіна КАНЬКО.