Кадры для АПК, ці Каледжская прафпляцоўка. Праз месяц у Ляхавіцкім агракаледжы стартуе ўступная кампанія. Чаму трэба выбраць каледж
У Першым рэгіёне створана дзейсная сістэма падрыхтоўкі кадраў для рэальнага сектара эканомікі. На прадпрыемствах і ў арганізацыях краіны запатрабаваны маладыя спецыялісты, падрыхтоўкай якіх займаюцца каледжы Брэцкай вобласці
Праз месяц у Ляхавіцкім агракаледжы стартуе ўступная кампанія. Тут рыхтуюць спецыялістаў, якія запатрабаваны ў аграпрамысловым сектары эканомікі краіны. Галоўны акцэнт ва ўстанове сярэдняй спецыяльнай адукацыі робяць на практыка-арыентаванае навучанне: будучыя аграномы, ветэрынары, заатэхнікі асвойваюць азы
і знаёмяцца з сучаснай тэхнікай, вывучаюць перадавыя тэхналогіі і замацоўваюць веды непасрэдна на вытворчасці.
– Нашы навучэнцы з другога курса праходзяць вучэбную практыку
ў вядучых сельгаспрадпрыемствах раёна – СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Шлях новы», ЗАТ «Фораланд», ААТ «Жарабковічы», за што ім калектыў каледжа шчыра ўдзячны. Тры гады старшынёй дзяржаўнай кваліфікацыйнай камісіі з’яўляецца кіраўнік «Ляхавіцкага» Іван Вітко. На прафесійныя якасці і ўменні нашых навучэнцаў працуе і тэхналагічная практыка. Як правіла, выпускнікі яе праходзяць на сваіх будучых працоўных месцах, – адзначае дырэктар Ляхавіцкага аграрнага каледжа Ірына Прыступа-Юнік.
Выпускнікі каледжа запатрабаваны як у мясцовых работадаўцаў, так і з іншых рэгіёнаў. Важны факт. Традыцыйна на дзяржаўным размеркаванні пры-сутнічаюць кіраўнікі прадпрыемстваў АПК як з Брэсцкай, так і з Мінскай, Гродзенскай абласцей, і часта за кожнага выпускніка ідзе сапраўдная барацьба. І нават пасля размеркавання ў каледж паступаюць прапановы з працаўладкаваннем навучэнцаў. Тлумачыцца гэта прафесійнай падрыхтаванасцю каляджан і іх гатоўнасцю да выканання канкрэтных вытворчых задач. Прычым 80 працэнтаў дыпламаваных спецыялістаў накіроўваюцца працаваць у гаспадаркі Брэстчыны. Сёлета калектывы сельгасарганізацый папоўніла сотня маладых спецыялістаў рознага профілю, сярод якіх і выпускнікі аддзялення вытворчасці прадукцыі жывёльнага паходжання, якія прыступілі да працы 1 чэрвеня.
Ветфельчар СВК «Ляхавіцкі» Ганна Пецюлевіч каледж скончыла тры гады назад і сёння дзеліцца, што ёй пашчасціла прыйсці ў калектыў, дзе яе падтрымалі і заўжды дапамагаюць.
– Удзячна каледжу за трывалыя веды і ўменні, а «Ляхавіцкаму» – за цудоўныя ўмовы для прафесійнага старту. Калі цябе падтрымліваюць і ў табе зацікаўлены, тады нават складаныя задачы вырашальныя. Тут я праходзіла і практыку. Таму прыйшла ў знаёмы калектыў і не «зялёным» спецыялістам. Работа стала любімай справай, – падкрэслівае малады спецыяліст.
Напачатку Ганна працавала ветфельчарам на ферме «Русінавічы», а праз год ёй даверылі больш адказны ўчастак – МТК «Новы». Ганна падкрэслівае, што быць часткай каманды паспяховага сельгаспрадпрыемства – ганарова і нават фінансава выгадна. Яна
рэкамендуе і іншым не шукаць лёгкага хлеба, а выбіраць аграрную галіну, бо ветэрынар сёння –прафесія даволі распаўсюджаная і запатрабаваная.
Год назад у Ляхавіцкім аграрным каледжы сельскагаспадарчыя спецыяльнасці дапоўнілі спецыяльнасцю «тэхнік лясной гаспадаркі». І сёлета плануецца набор дзвюх груп на аснове базавай і сярэдняй адукацыі. Дзякуючы мэтанакіраванай падрыхтоўцы каледж забяспечвае беларускую вёску моладдзю, якая свядома будуе кар’еру ў АПК.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

