Сярод экспанатаў музея і ліст франтавічкі з гэтымі словамі:»Вызваляла вашу вёску Крывошын…»

Асмялелае красавіцкае сонейка заліло светам прасторны, утульны двор Крывошынскай сярэдняй школы. З будынка даносіліся звонкія дзіцячыя галасы. Немагчыма і на хвіліну ўявіць, што такога шчаслівага дзяцінства і юнацтва магло б не быць. Але дзякуючы неўміручаму подзвігу нашых продкаў, якія выстаялі і перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне, мы жывём пад мірным небам, радуемся кожнаму дню, будуемся, вырошчваем хлеб, вучымся, працуем, кахаем, выхоўваем дзяцей і ўнукаў. І беражліва з пакалення ў пакаленне перадаём свяшчэнную памяць пра тых, хто цаной уласнага жыцця падарыў нам гэта шчасце.

Менавіта памяць, жаданне данесці да нашчадкаў імгненні той страшнай вайны і навечна ўпісаць у гераічны летапіс прозвішчы воінаў, партызан, падпольшчыкаў, мірных жыхароў – усіх, хто быў сведкай і ўдзельнікам вялікай Перамогі натхнілі энтузіястаў-краязнаўцаў на стварэнне ў Крывошынскай школе гісторыка-краязнаўчага музея.

Усяго 3 залы, але ў іх мноства экспанатаў, і кожны – гісторыя. А пачынаецца музей са школьнага двара. Менавіта тут устаноўлены абеліск, які нагадвае крыло самалёта. На ім надпіс: “Вечная памяць лётчыкам, якія змагаліся ў небе Ляхавіцкага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Побач выгравіраваны назвы 16 вёсак, у небе над якімі прынялі свой апошні бой экіпажы.

Усяго некалькі дзясяткаў крокаў – і перад вачыма чарговая старонка гісторыі: на сцяне школы 3 мемарыяльныя дошкі, 2 з якіх у памяць пра загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вучняў Мікалая Галамбіеўскага, Генадзія, Аляксандра, Пятра і Любоў Чаранкевічаў, а таксама Людмілу Собаль і Надзею Фармага, якіх прама ў школе 21 студзеня 1944 года застрэліў п’яны фашыст…

Музей бярэ пачатак сваёй багатай гісторыі з лютага 1965 года. Ля вытокаў яго стварэння  стаялі патрыёты, краязнаўцы, улюбёныя ў сваю прафесію неабыякавыя людзі – настаўнік гісторыі  Леанід Чаранкевіч і  колішні дырэктар школы  Казімір Плюцінскі. Яны па крупінках  збіралі матэрыялы, успаміны сведкаў тых падзей, што і стала асновай першай экспазіцыі. Колькі кіламетраў прайшоў Леанід Вікенцьевіч ра-зам са сваімі памочнікамі-вучнямі ў раёнах вёсак Свяціца, Залужжа,  Гайнінец у 70-я гады мінулага стагоддзя ў пошуках рэшткаў савецкіх самалётаў. Гэта ім прысвечана экспазіцыя “У суровым небе франтавым”.

Былы дырэктар Крывошынскай СШ Аліна Дыдышка і настаўнік гісторыі і краязнаўства Андрэй Сініца абмяркоўваюць новыя экспанаты музея.

— Леанід Вікенцьевіч ішоў з рабятамі ў экспедыцыі, паходы. Знаходзілі шматлікія рэчы, якія мелі непасрэднае дачыненне да вайны. Кожная беражліва апрацоўвалася, матэрыял абагульняўся, сістэматызаваўся. А якую пошукавую работу арганізавалі! Па перапісцы знайшлі больш як 40 удзельнікаў баёў каля Крывошына, і амаль усе яны ў розныя пасляваенныя часы прыязджалі сюды, – расказвае былы дырэктар Крывошынскай СШ Аліна Дыдышка.

Пацвярджэнне яе слоў – шматлікія папкі, у якіх перапіска з былымі  воінамі Чырвонай Арміі – удзельнікамі баёў за вызваленне Крывошына і іншых вёсак сельсавета ад фашысцкай навалы.

“Дарагія вучні і настаўнікі Крывошынскай школы, дзякуй за тое, што знайшлі мяне, дзякуй за памяць…”, – так пачынаюцца амаль усе пісьмы. Сярод зваротных адрасоў – Валгаград, Масква,  Находка, Варонеж, Ленінград, Мінск, Пскоў, Яраслаўль, Бранск, Чувашская АССР і многія іншыя гарады і вёскі былога Савецкага Саюза.

“У 1941 годзе скончыла сярэднюю школу №234 у Маскве. Збіралася паступаць у інстытут.  Але тут вайна. Бамбёжкі, узімку маразы 20-25 градусаў, голад, абстрэлы. Адразу пайшла працаваць на абарончыя рубяжы Масквы, капала акопы, піліла лес. Хлеб давалі па картках: 300 грамаў на дзень. У 1942 годзе пасля вучобы ў школе сувязістаў адпраўлена ў дзеючую армію, вызваляла вашу вёску Крывошын, а потым Румынію, Балгарыю, Югаславію, Венгрыю. Зараз жыву ў Маскве. Прыеду да вас на 40-годдзе вызвалення Беларусі…” –  вытрымкі з пісьма  Ніны Хмары, гвардыі радавой роты сувязі. І такіх пісьмаў сотні.

Гэты музей – сапраўдная скарбніца памяці, дзе беражліва захоўваюцца бясцэнныя рэліквіі. Вось стэнд, прысвечаны  55-й стралковай дывізіі імя К. Варашылава і лётчыкам 123-га знішчальнага і 39-га бамбардзіровачнага палкоў. Тут жа пад шклом  рэшткі чырвонаармейскай зброі ўзору 1941 года.  З расказа экскурсавода:

“Вораг захапіў нашу вёску ў першыя дні вайны.  У Крывошыне карнікамі фарміруецца  камендатура. Але нават жорсткія меры супраць насельніцтва не палохаюць барацьбітоў за свабоду. Хутка супраць гітлераўцаў пачынае дзейнічаць падпольны камітэт партыі, у лясах фарміруюцца партызанскія атрады “Сокал”, імя Суворава,  брыгады Чорнага і імя Молатава…”

Цэлая экспазіцыя расказвае пра ўраджэнца Крывошына Героя Савецкага Саюза Гаўрыіла Здановіча.  Ні адзін хлопчык, напэўна, з зайздрасцю глядзеў на ваенную форму генерала, перададзеную ў музей. Побач фотаздымкі Герояў Савецкага Саюза, якія нарадзіліся на Брэстчыне. Сярод іх – удзельнік Мінскага падполля Іван Кабушкін, расстраляны фашыстамі.  Гонар ляхавіцкай  зямлі –  поўныя кавалеры ордэна Славы – ліпчанін Аляксандр Малевіч і Рыгор Нагорны з Пранчакоў. Пра іх у музеі сабрана нямала цікавай інфармацыі.


Газеты ваеннага часу. Зусім не падобныя на сённяшнія… Звычайныя аркушы паперы з простымі шрыфтамі, яны  змагаліся з ворагам упоравень з  салдатамі, баявое друкаванае слова біла ненавісных гітлераўцаў і давала надзею на вызваленне ад прыгнёту мірнаму насельніцтву. У музеі нібы вяртаешся на 70 гадоў назад, у  зямлянку ў Машукоўскім лесе, дзе друкаваліся  першыя нумары “Совецкага патрыёта”. У музеі пад шклом захоўваюцца пажоўклыя нумары газеты даўніх часоў…

Чарговая старонка гісторыі, якую перагортваеш у музеі Крывошынскай СШ, расказвае пра дзейнасць  ляхавіцкіх падпольных райкамаў КПБ(б) і камсамола. Адам Ерашаў,  Павел Чаранкевіч,  Мікалай Галамбіеўскі (крывошынскі юнак, камсамолец, якога выдаў здраднік, быў расстраляны  фашыстамі 8 сакавіка 1942 года), Мікалай Жукаў –  з тых актывістаў, дзякуючы якім  падполле дзейнічала.

Немагчыма не спыніцца  каля карцін, намаляваных мастаком-самавучкай, мясцовым жыхаром  Пятром Гатоўчыцам. Кожная яго работа прысвечана пэўнаму этапу гісторыі вёскі Крывошын з 1941 па 1945 гады. Назвы гавораць самі за сябе: “Вызваленне”, “Вяртанне” і г.д.  Дарэчы, як расказвае Аліна Дыдышка, усе карціны напісаны непасрэдна ў музеі, так аўтар больш дакладна і  канкрэтна адчуваў тэму.

Памяць пра камандзіра батальёна капітана Аляксея Ламаку, які праявіў гераізм пры  вызваленні Крывошына  7 ліпеня 1944 года, не толькі ўвасоблена ў сабраныя экспанаты, яго імем названа  адна з вуліц вёскі.

Успаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны пад агульнай назвай “Яны змагаліся за Радзіму”.  Іх можна чытаць і перачытваць бясконца: вось летапіс сведкаў.  Вайна прайшла па іх лёсе, не пытаючыся дазволу, раздзяліўшы жыццё на “да” і “пасля”.  Дзмітрый і Антон Саўчыкі з Бенькаўцаў, Іван Рабцэвіч і Іван Мішкевіч з Заліпення, Аляксандр Гатоўчыц з Крывошына,  Іван Гаўрыльчык  і Васілій Саўчык са Стральцоў, Уладзімір Пляшко  і Канстанцін Максімчык з Малышоў, Мікалай Русакевіч з Нетчына, Адам Гатоўчыц, Аляксей Рабцэвіч, Мікалай Дыдышка і Аляксандр Кічыла з Ліпска ваявалі на розных франтах кулямётчыкамі, сувязістамі,  артылерыстамі, сапёрамі, танкістамі, узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Пасля Перамогі будавалі мірнае жыццё, сустракаліся з моладдзю. Іх, на жаль, ужо няма сярод жывых, але яны ў памяці ўдзячных нашчадкаў.


Крывошынскай школе шанцуе на таленавітых педагогаў, якія  апантана займаюцца пошукавай работай і разам з вучнямі папаўняюць музей новымі экспанатамі. Цяперашні настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, дырэктар музея  Андрэй Сініца заўзяты краязнаўца. Некалі разам са сваім дзедам даследаваў тэрыторыю, дзе ішлі баі  каля Гайнінца. Андрэй Мікалаевіч “захварэў” мясцовым музеем,  разам з найбольш зацікаўленымі вучнямі ўдыхнуў у яго новае жыццё.

Увогуле, у гэтай навучальнай установе выдатна арганізавана работа па патрыятычным выхаванні.  Ганаровым старшакласнікі лічаць права быць экскурсаводамі ў музеі, як, напрыклад, 10-класніцы Паліна Вітко і Ганна Куніцкая. Напэўна, у памяці многіх жыхароў Крывошына засталася незабыўная падзея, якая адбылася ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Па ўспамінах Аліны Дыдышка, тады на сустрэчу пакаленняў  сабраліся ваеннаслужачыя  асобнай брыгады  ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія тут ваявалі ці жылі, а таксама вучні і настаўнікі школы. “Не толькі ўсе вяскоўцы прысутнічалі на гэтым свяце, было і нямала гасцей. Урачыста і прыгожа прадстаўнікі трох пакаленняў пад гукі духавога аркестра прайшлі да цэнтра вёскі… Такое выхаванне лепш любых слоў”, – пераканана Аліна Яўгеньеўна.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *