Няшчасныя і… небяспечныя. Чарговы званок на гарачую лінію «ЛВ» паступіў з Мядзведзічаў

Чарговы званок на гарачую лінію «ЛВ» паступіў з Мядзведзічаў. Вясковая жыхарка ўзняла праблему, актуальную не толькі для сельскіх населеных пунктаў, але і для райцэнтра. Жанчына расказала, што ў вёсцы прыжыліся два бадзяжныя сабакі, якія на год па некалькі разоў прыводзяць патомства. Абурэнне людзей зразумела: страшна прайсці каля зграі сабак, якая ў пошуку ежы можа і на чалавека накінуцца.

Якое выйсце з гэтай сітуацыі – за каментарыямі раёнка звярнулася па некалькіх адрасах.

Уладзімір ПЛЕСКАЦЭВІЧ, старшыня Ганчароўскага сельвыканкама:
– Праблема непакоіць людзей не першы месяц. Сельвыканкам падаваў некалькі заяў у КУМВП ЖКГ «Ляхавіц-кая ЖКГ» для адлову бадзяжнай жывёлы. На адрас сельвыканкама з камунгаса прыходзіў адказ, у якім значылася, што работнікі Ляхавіцкай ЖКГ выязджалі ў вёску, але бадзяжных сабак не знайшлі. На гэтым кола замкнулася. А праблема засталася…

Наталля МАСЛОЎСКАЯ, галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама:
– Асноўным нарматыўным актам, які рэгулюе пытанні ўтрымання сабак і катоў, з’яўляецца пастанова Савета Міністраў № 834 «Аб зацвярджэнні Правілаў утрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь». На даны момант працэдуру ўзгаднення з дзяржаўнымі органамі праходзіць праект новай пастановы Савета Міністраў «Аб абыходжанні з жывёламі», які папярэдне прайшоў грамадскае абмеркаванне. Дакумент дапаможа вырашыць многія спрэчныя моманты, якія тычацца як утрымання жывёлы, так і пакарання за жорст-кае абыходжанне з ёй і ўдакладніць сітуацыю з бадзяжнымі сабакамі.
Што тычыцца адлову, то гэтым у нашым раёне займаецца камунгас. Праводзіцца такая працэдура для папярэджвання захворванняў людзей і жывёлы шаленствам, іншымі інфекцыйнымі і паразітарнымі захворваннямі, а таксама для папярэджвання кантакту бадзяжных жывёл з людзьмі.

Юрый ЖЫЖА, майстар участка аварыйна-тэхнічнай службы КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»:
– На працягу года ў камунгас паступаюць заявы на адлоў бадзяжных сабак у розных населеных пунктах раёна, былі выезды і ў райцэнтры. Што тычыцца Мядзведзічаў, то толькі ў снежні мінулага года работнікі камунгаса тройчы выязджалі ў гэту вёску, спрабавалі знайсці бадзяжных сабак, але так і не знайшлі іх. Калі паступяць чарговыя заяўкі на адлоў, выезды паўторым.
«ЛВ» неаднойчы на сваіх старонках уздымаў гэта пытанне. Друкаваліся меркаванні грамадзян, службовых асоб, якія непасрэдна курыруюць пытанні адносін да братоў нашых меншых. Сапраўды, бадзяжныя ці кінутыя гаспадарамі каты і сабакі даўно сталі каменем спатыкнення, меркаванні раздзяліліся. Адны выступаюць за тое, каб падтрымаць кінутую ці бяздомную жывёлу, іншыя –
катэгарычна супраць такога суседства. Бадзяжныя сабакі і каты не з’яўляюцца самі па сабе. Яшчэ нядаўна яны былі хатнімі, мелі гаспадароў, якім потым па нейкай прычыне ці надакучылі, ці аказаліся лішнімі… А потым яны прыводзяць патомства, і колькасць праб-лем яшчэ больш павялічваецца. Што неабходна зрабіць, каб кінутых, непатрэбных коцікаў і сабачак стала істотна менш? Сярод абавязковых крокаў –
прыцягненне да адказнасці грамадзян, якія выкідваюць хатнюю жывёлу. Некаторыя прапануюць варыянт стварэння часовых прытулкаў для такой катэгорыі жывёлы. Але гэта патрабуе не толькі шчырага спачування, але і дзейснай дапамогі, матэрыяльных укладанняў і выканання розных арганізацыйных і заканадаўчых момантаў. У любым выпадку, людзям важна заставацца людзьмі і не дапускаць у адносінах да братоў нашых меншых тых адносін, што законам трактуюцца як жорсткія.
Галіна КАНЬКО.