Плюс. Але рэзервы ёсць. Што прывяло да высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі ААТ «Шлях новы»?

Малочны плюс ААТ «Шлях новы» – гэта істотная прыбаўка па выніках мінулага года. Што прывяло да высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі гаспадаркі?

Адзін са складнікаў поспеху – кадры.
Заатэхнікам-селекцыянерам на МТФ «Літва» працуе леташняя выпускніца Ляхавіцкага аграрнага каледжа Іна Мароз (на здымку).
Лабарант Алена Цыкман.

«Літва» пачынае ўпэўнена


Чатыры месяцы прайшло з таго часу, як справіла наваселле самая маладая малочнатаварная ферма ААТ «Шлях новы» –
«Літва». І за такі кароткі час стала адной з лепшых у  сельгаспрадпрыемстве. Нехта скажа, што няма чаму здзіўляцца, усё ж новае. Яно і сапраўды так. Створаны выдатныя ўмовы для работнікаў: некалькі душавых, камфортны пакой для адпачынку з усёй бытавой тэхнікай (мікрахвалёўка, халадзільнік, чайнікі і г. д.),
ёсць пакой з пральнай машынай – усяго не пералічыць. Асобная размова – пра вытворчыя памяшканні. МТФ «Літва», пабудаваная па сучасных тэхналогіях, разлічана на адначасовае ўтрыманне 640 галоў буйной рагатай жывёлы.
– На сёння ў нас у дойным статку 439 кароў. Ім зараз прасторна ў двух кароўніках боксавага ўтрымання, дзе рагулі знаходзяцца на беспрывязным утрыманні. Маюцца і выгульныя пляцоўкі, дзе жывёла адпачывае, пакуль наводзіцца марафет у кароўніках. Паглядзіце якая чысціня і парадак у даільна-малочным блоку, дзе двойчы на дзень праходзіць дойка. Для большай прадукцыйнасці дойкі суправаджаюцца класічнай музыкай. Даільнае абсталяванне «Паралель 2х16» дазваляе адначасова даіць 32 каровы, з гэтым выдатна спраўляюцца два аператары машыннага даення. 360 рагуль раскватараваліся ў асобных боксах. Зручныя ўмовы і для 243 цялушак. Для кожнай катэгорыі – адпаведны рацыён кармлення, – праводзіць экскурсію брыгадзір МТФ «Літва» Наталля Махнач.
Наталля Махнач у «Шляху новым» працуе з 1989 года, раней узначальвала ферму «Галавачы».
– На новай ферме працаваць няпроста. Але спраўляемся. Калектыў у нас складваецца дружны, з узаемазамяняльнасцю ў нас усё ў парадку. Адпаведна, і вынікі, бо людзі стараюцца. Ды і кіраўніцтва «Шляху новага» не пакідае без увагі. Кармоў удосталь: чатыры новыя і дзве колішнія траншэі запоўнены якаснымі сіласам і сенажом. Вытворчыя паказчыкі радуюць. Сярэднясутачныя надоі ад каровы – больш за 16 кілаграмаў. Будзем павялічваць, – упэўнена гаворыць Наталля Махнач.
Штодня ў сярэднім на МТФ атрымліваюць 7 180 кілаграмаў малака, што прадаецца на СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» гатункам экстра. Бясспрэчная заслуга ў высокіх надоях у адных з лепшых аператараў машыннага даення – вопытных Ганны Марчык, Таццяны Пінчук, Алены Ціхан. Паспяховасць работы ўсяго калектыву ў многім залежыць ад зладжаных дзеянняў ветэрынарна-заатэхнічнай службы, дзе тон задаюць прафесіяналы сваёй справы ветурач Генадзій Сычэўскі, тэхнік-асемянатар Аляксей Курыла, ветурач-гінеколаг Анжэла Курыла, малады спецыяліст заатэхнік-селекцыянер Іна Мароз.
– Летась атрымала дыплом Ляхавіцкага аграрнага каледжа і на размеркаванні выбрала «Шлях новы». Тут была на практыцы, мне спадабалася. На гэтай ферме працуюць і мае бацькі: мама – аператар машыннага даення, бацька – жывёлавод. Пакуль усё падабаецца. Спадзяюся, з работай спраўляюся. Калі ўзнікаюць нейкія пытанні, абавязкова звяртаюся за дапамогай і ні разу не пачула адмовы, – адзначае Іна Мароз.
Не толькі МТФ «Літва» робіць пагоду ў «Шляху новым». І ў астатніх чатырох падраздзяленнях справы ідуць па ўзрастаючай.
– Збалансаваная і ў дастатковай колькасці кармавая база, будаўніцтва новых і капітальны рамонт існуючых МТФ, замена даільнага абсталявання, кадравы складнік, вучоба жывёлаводаў і спецыялістаў, новыя падыходы ў вырошчванні і ўтрыманні БРЖ, у тым ліку ў прафілактыцы і лячэнні хвароб, укараненне індывідуальных падыходаў да работы на кожнай МТФ, – называе перадумовы поспеху дырэктар ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш і дадае: – Разам з тым рэзервы ёсць, і ў першую чаргу гэта тычыцца паляпшэння якасці малака, будзем старацца, каб і колькасны паказчык таксама павялічваўся.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Ветурач-гінеколаг Анжэла Курыла.
Брыгадзір МТФ «Літва» Наталля Махнач і вадзіцель Сяргей Люкіш з СААТ «Ляхавіцкі малочны завод».
Аператар машыннага даення Алена Ціхан.
Жывёлаводы Юлія Хромава і Юрый Спатар.