Пенсія без даведкі аб памеры зарплаты. Што рабіць, калі адсутнічаюць звесткі аб памеры заработнай платы, атрымліваемай грамадзянінам за канкрэтны перыяд у канкрэтнага наймальніка

Па заканадаўстве, што рэгулюе пенсійнае забеспячэнне, памер заробку за перыяды работы да 1 студзеня 2003 года павінен быць пацверджаны даведкай, якая выдаецца работадаўцам, а за перыяды работы пасля 1 студзеня 2003 года – на падставе звестак індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку. У выпадку спынення дзейнасці работадаўца даведка аб памеры заробку выдаецца яго правапераемнікам, архівам або органам, які ажыццяўляе дзяржаўную рэгістрацыю юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, у залежнасці ад таго, дзе знаходзяцца на захоўванні бухгалтарскія дакументы.

Нярэдка пры назначэнні пенсіі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне выяўляюцца выпадкі адсутнасці звестак аб памеры заработнай платы, атрымліваемай грамадзянінам за канкрэтны перыяд у канкрэтнага наймальніка. Прычыны адсутнасці ўказаных звестак могуць быць звязаны з адсутнасцю ў наймальніка першасных дакументаў аб налічэнні заработнай платы (асабовых рахункаў, разліковых ведамасцяў аб заработнай плаце канкрэтнага работніка), а таксама адсутнасцю ўказаных дакументаў у архіўных установах, у выпадку спынення наймальнікам гаспадарчай дзейнасці.
Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжаны механізм абароны правоў такіх грамадзян на пенсійнае забеспячэнне з улікам перыяду работы, за які ў грамадзяніна адсутнічае магчымасць прадставіць даведку наймальніка аб памеры заработнай платы.
У сілу палажэння артыкула 363 ГПК Рэспублікі Беларусь грамадзянін, які пры назначэнні пенсіі сутыкнуўся з вышэйзгаданай сітуацыяй, мае права звярнуцца ў суд з заявай аб устанаўленні факта атрымання заработнай платы ў вызначаным памеры за канкрэтны перыяд работы ў канкрэтнага наймальніка. Грамадзяне вызвалены ад выплаты дзяржаўнай пошліны за падачу такіх заяў.
У даным выпадку варта звярнуць увагу на тое, што нявыплата абавязковых страхавых узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь у адносінах да перыядаў пасля 1 ліпеня 1998 года з’яўляецца падставай для адмовы ў задавальненні заявы аб устанаўленні факта атрымання заработнай платы.
Мэтай устанаўлення юрыдычнага факта па такіх справах з’яўляецца назначэнне або пераразлік ужо назначанай пенсіі.
У сувязі з тым, што заканадаўства аб пенсійным забеспячэнні не змяшчае якіх-небудзь абмежаванняў аб спосабах доказу факта атрымання заработнай платы за канкрэтны перыяд у пэўным памеры, у абгрунтаванне заяўленага патрабавання грамадзянамі ў суд могуць быць прадстаўлены любыя доказы, прадугледжаныя грамадзянскім працэсуальным заканадаўствам, у тым ліку дакументы, якія ўскосна сведчаць аб фактычным заробку (выпіскі са штатнага раскладу пра аклад па адпаведнай пасадзе, укладышы да працоўнай кніжкі, камсамольскі білет, разліковыя лісткі), паказанні сведкаў, звесткі аб заработнай плаце па аналагічнай пасадзе ў аналагічнай арганізацыі, звесткі аб заработнай плаце работнікаў, якія працавалі на аналагічнай пасадзе ў таго ж наймальніка, асабовыя рахункі якіх захаваны, звесткі аддзелаў ФСАН аб агульным фондзе заработнай платы, усіх відаў заробку і прэмій, на якія налічаюцца страхавыя ўзносы, і сярэднестатыстычнай колькасці працуючых у спрэчны перыяд.
Так, напрыклад, рашэннем суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы факт атрымання заработнай платы заяўнікам за вызначаны перыяд у вызначаным памеры ўстаноўлены на падставе ўступіўшага ў законную сілу рашэння суда аб устанаўленні факта атрымання заработнай платы, пастаноўленага ў адносінах да грамадзяніна, працаваўшага з заяўнікам на аднолькавай пасадзе ў таго ж наймальніка ў той самы перыяд часу. Рашэннем суда Пінскага раёна ўстаноўлены факт атрымання заяўнікам заработнай платы за перыяд яго работы са студзеня 1992 года па ліпень 1993 года на падставе яго ж асабовага рахунка па заработнай плаце ў таго ж наймальніка за перыяд са студзеня па снежань 1991 года.
Пры ўмове задавальнення заявы аб устанаўленні факта атрымання заработнай платы, грамадзянін, атрымаўшы ўступіўшае ў законную сілу рашэнне суда, мае права звярнуцца ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне за назначэннем або пераразлікам пенсіі з улікам перыяду работы, за які ён не можа прадставіць даведку работадаўца аб памеры заработнай платы.

Таццяна ЗАЛОГА, суддзя Брэсцкага абласнога суда.