Пра зарплату і дыспансерызацыю. У Ляхавіцкім раёне месцам правядзення прафсаюзнага прававога прыёму на гэты раз стаў лясгас

Пытанні кантрактнай сістэмы найму, тэрміны выплаты заработнай платы, аховы працы і іншыя былі ў цэнтры ўвагі прафсаюзнага прававога прыёму, які прайшоў 25 студзеня па ўсёй краіне.

У Ляхавіцкім раёне месцам правядзення на гэты раз стаў лясгас. Да галоўнага прававога інспектара працы Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Алены Бяляк звярнуліся шэсць чалавек.
Сярод пытанняў, адрасаваных прававому інспектару працы – магчымасць узяць водпуск па сямейна-бытавых прычынах працягласцю больш чым на 30 дзён. Працаўніку патлумачана, што, згодна з артыкулам 190 Працоўнага кодэкса, па пісьмовай заяве па ўважлівых прычынах на працягу каляндарнага года можа быць прадастаўлены водпуск без захавання заработнай платы працягласцю не больш за 30 каляндарных дзён, калі іншае не ўстаноўлена калектыўным дагаворам ці пагадненнем. Пры гэтым уважлівасць прычын ацэньвае наймальнік.
Паступіла пытанне наконт праходжання дыспансерызацыі ў адпаведнасці са змяненнямі, якія пачалі дзейнічаць у Пра-цоўным кодэксе з 1 студзе-ня. Дыспансерызацыя дарослага і дзіцячага насельніцтва праводзіцца з мэтай медыцынскай прафілактыкі, выяўлення захворванняў на ранніх этапах і фарміравання здаровага ладу жыцця. Зараз работнікам, якія дасягнулі 40 гадоў, па заяве і па ўзгадненні з наймальнікам будзе прадастаўляцца адзін дзень раз у год, да 40 гадоў – адзін дзень у тры гады.
На ўсе звароты дадзены кампетэнтныя адказы.
У гэты ж дзень на сустрэчы з калектывам лясгаса Алена Бяляк гаварыла пра асаблівасці правядзення выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання, які адбудзецца 25 лютага.

Тамара ПРАКАП’ЮК,
старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў.