Са школы – з атэстатам і прафесіяй. Ці рэальна ў Ляхавіцкім раёне старшакласніку атрымаць рабочую спецыяльнасць у школьныя гады

Атрымаць спецыяльнасць садавода і садоўніка, кладаўшчыка, рабочага зялёнага будаўніцтва, кветкавода і швачкі можна яшчэ ў старэйшых класах.
У раёне прафесійная падрыхтоўка па рабочых спецыяльнасцях ажыццяўляецца на базе Ляхавіцкага аграрнага каледжа, СШ № 1 і Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча (аператар электронна-вылічальных машын).

Карэспандэнт «ЛВ» пабываў у агракаледжы і пацікавіўся, як нашы юныя землякі авалодваюць практычнымі ўменнямі і навыкамі.
Сёлета ў каледжы 113 навучэнцаў старэйшых класаў з дзесяці школ раёна займаюцца ў сямі групах па розных спецыяльнасцях.
Суботняя раніца. На гадзінніку яшчэ няма дзевяці, а да каледжа адзін за адным пад’язджаюць школьныя аўтобусы. У адной з аўдыторый група агароднікаў-адзінаццацікласнікаў разам з выкладчыкам Ірынай Бурвель занята вывучэннем насення для сяўбы, вызначэннем нормы высеву і г. д. Такія практычныя дзеянні сумяшчаюцца з тэарэтычнымі ведамі, каб паўтарыць вывучанае перад здачай кваліфікацыйнага экзамену. А садаводы пад кіраўніцтвам выкладчыка Яўгенія Бізы займаліся распрацоўкай праекта закладкі пладовага саду. Група па спецыяльнасці «кладаўшчыкі» разам з выкладчыкам Святланай Колбінай вывучала парадак разліку натуральнага змяншэння бульбы пры доўгім захоўванні.
Заняткі для навучэнцаў працягваюцца да 14.35, а пасля на школьным транспарце яны вяртаюцца дадому. У праграме навучальнага дня прадугледжаны і перапынак на абед – харчуюцца рабяты ў СШ № 1.
Праз два гады навучання юныя «каляджане» пры ўмове здачы квалі-
фікацыйнага экзамену атрымліваюць пасведчанне аб атрыманні рабочай прафесіі.
– З 2018 года ў каледжы наладжана двухгадовае навучанне азам рабочых прафесій у рамках заняткаў па працоўным навучанні. Для гэтага ў навучальнай установе маецца адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база. Для школьнікаў прафесійная падрыхтоўка – праф-
арыентацыя, для каледжа – папярэдняе знаёмства з магчымымі абітурыентамі. Праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых ахоплівае тых старшакласнікаў, якія вывучаюць прадметы на базавым узроўні, – адзначае намеснік дырэктара ЛАКа Наталля Кірмель.
У СШ № 1 адбыўся ўжо трэці выпуск швачак. Пачыналі ў СШ з міжшкольнай прафесійнай падрыхтоўкі, а сёння
тэарэтычнае і вытворчае навучанне асвойваюць дзесяць дзяўчынак «без адрыву» ад школы. На другім годзе асваення праграмы яны самастойна выконваюць швейныя работы ў адпаведнасці з кваліфікацыйнымі патрабаваннямі на ўзроўні другога разраду і шыюць пасцельную і сталовую бялізну, выконваюць рамонт адзення.
Настаўнік абслуговай працы СШ № 1 Іна Бортнік адзначае, што яе навучэнкі вучацца на прафесійных машынках. Гэта ў далейшым зможа зменшыць тэрмін іх знаходжання на прадпрыемствах у статусе вучня.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.
Карэспандэнт «ЛВ» пацікавіўся ў навучэнцаў, якія займаюцца ў каледжы, уражаннямі ад навучання.
Надзея ВАРАНЧАК (Конькаўская СШ):
– Лічу, што веды і ўменні па садоўніцтве ніколі не будуць лішнімі. Займаюся другі год і ніколькі не расчаравалася ў выбары прафесійнай падрыхтоўкі.
Паліна ПАЧКО (Крывошынская СШ імя Г. С. Здановіча):
– Разам з равеснікамі з іншых школ асвойваем прафесію кладаўшчыка. Адназначна, цікава. Не ўяўляла нават, што для гэтай спецыяльнасці патрабуюцца бухгалтарскія і іншыя веды. Для зручнасці набыла мікракалькулятар. Рашаем разнастайныя задачы, выконваем заданні, лічым і нават малюем. Вывучаем, як захоўваюцца, напрыклад, бульба і зерне, складаем табліцы. І гэта не поўны пералік нашых інтарэсаў.
Уладзімір ЛЕБЯДЗЕЎСКІ (СШ № 1):
– Кветкавод – прафесія не толькі дзяўчынак. Некалькі месяцаў навучання даюць мне падставу сцвярджаць гэта ўпэўнена. У маіх бацькоў дом, і змагу ўжо даць ім рэкамендацыі па спосабах догляду раслін, правілах падрыхтоўкі і прыёмах
выканання земляных работ і г. д.
Арсеній КУРЫЛА (Навасёлкаўская СШ):
– На заняткі па агародніцтве, якія вядзе Кацярына Багданаўна Качанава, іду з задавальненнем. Даступна і цікава тлумачыць, рыхтуе спецыяльныя тэхналагічныя
карты. Веды, атрыманыя на занятках, спатрэбяцца нам і ў штодзённым жыцці. Напрыклад, як правільна сеяць насенне, каб усходы былі дружнымі, апрацоўваць глебу і рабіць лункі…
Аліна ГАЎРЫЛЬЧЫК (Тухавіцкая СШ):
– Другі год вучуся на агародніка. На занятках не толькі знаёміліся з тэорыяй, але і працавалі на ўчастку, высаджвалі і даглядалі расліны, выяўлялі іх хваробы, вялі барацьбу са шкоднікамі. Цэлая навука – правільна пасадзіць насенне і вырасціць з яго карысную агародніну. Звяжу жыццё з гэтай спецыяльнасцю ці не, але веды абавязкова спатрэбяцца.

