«Горшае за Асвенцым толькі адно – забыць, што ён быў…». 27 студзеня ў Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту схілім галовы і ўспомнім ахвяр фашызму

27 студзеня ў Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту схілім галовы і ўспомнім ахвяр фашызму, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны

Калючы дрот, больш за мільён загінулых і дзясяткі тысяч знясіленых паўжывых вязняў… 79 гадоў назад, 27 студзеня 1945 года, Савецкая Армія вызваліла адзін з самых страшных фашысцкіх канцлагераў смерці Асвенцым (Аўшвіц). У гэта месца штодня прывозілі палонных з усёй Еўропы, у суткі – да васьмі чыгуначных саставаў з 30 вагонаў, у кожным было ад 60 да 80 чалавек. Некаторыя ў такіх умовах паміралі яшчэ па дарозе. Тых, хто дажываў да лагераў, адпраўлялі на непасільную працы на фабрыкі, заводы, каменяломні, на медыцынскія вопыты, а старых і хворых адразу забівалі…

Пры адступленні гітлераўцы пастараліся знішчыць доказы, але
тайнае ўсё ж стала вядомым. На Нюрнбергскім працэсе савецкі бок пабудаваў свае абвінавачванні ў бок гітлераўскіх катаў у многім
на падставе вынікаў работы следчай камісіі, а таксама паказанняў выжыўшых вязняў Аўшвіца.
Колішні вязень гэтага канцлагера Ева Сэпешы так сказала пра перажытае: «Горшае за Асвенцым можа быць толькі адно – забыць, што ён быў». Вельмі актуальна
гучаць гэтыя словы сёння, калі ў многіх краінах Еўропы спяшаюцца
забыць ці ўжо забылі пра зверствы фашызму ў гады Другой сусвет-
най вайны, узвялі ў ранг герояў салдатаў і афіцэраў вермахта,
садыстаў-эсэсаўцаў, іх прыслужнікаў – паліцаяў, украінскіх і латышскіх нацыяналістаў.
Пазней стане вядомым, што з чэрвеня 1940 года па студзень
1945 года ў Асвенцыме ад здзекаў, катаванняў і рабскай працы загінулі ці былі забіты больш за паўтара мільёна чалавек –
прадстаўнікі розных краін і нацыянальнасцей, прычым
90 працэнтаў ахвяр – яўрэі.
У 2005 годзе па ініцыятыве Расіі, Ізраіля, ЗША і яшчэ каля 90 краін свету Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб’явіла
27 студзеня Міжнародным днём памяці ахвяр халакосту: у памяць аб масавым знішчэнні яўрэйскага насельніцтва ў канцлагеры ў Асвенцыме. Таму афіцыйна тэрмін «халакост» выкарыстоўваецца для абазначэння масавага знішчэння менавіта яўрэйскага насельніцтва ў гады Другой сусветнай вайны.
Тры гады пад фашысцкай акупацыяй была падчас Вялікай Айчыннай вайны і наша Ляхавіччына. Забітыя і закатаваныя людзі, спаленыя вёскі, знішчаная гаспадарка, разбураныя населеныя пункты і сотні магіл – такі след «славутага» гітлераўскага парадку пакінулі акупанты на знявечанай беларускай зямлі. І на тэрыторыі сённяшняга Ляхавіцкага раёна нямала месцаў, звязаных са страшнымі падзеямі з чэрвеня 1941 па ліпень 1944 года. Зверскія расправы, учыненыя фашыстамі над яўрэямі ў краінах Еўропы,
не абмінуць і прадстаўнікоў гэтага народа ў акупіраванай Беларусі. Тэма халакосту актуальная і для Ляхавіччыны ў гады Вялікай
Айчыннай вайны. Што пра гэта ведаюць нашы землякі, якія
жывуць пад мірным небам у суверэннай краіне?

Ларыса ЮШКЕВІЧ, старшыня раённай арганізацыі
ГА «Беларускі фонд міру»:

– Ці ведаюць сёння нашы землякі, што ганаровага звання «Праведнік народаў свету», якое маюць 26 120 чалавек, у тым ліку – 795 у Беларусі, за выратаванне яўрэйскай дзяўчыны 
Таццяны Арганд удастоены колішнія жыхары Улазавічаў Ляхавіцкага раёна Вікенцій і Марыя Грышчыкі?
Ні ў якім разе нельга забыць ні халакост, ні генацыд беларускага народа, як і ўсе падзеі Вялікай Айчыннай вайны, каб вайна не паўтарылася зноў. Вялікае шчасце – жыць пад мірным
небам у суверэннай краіне. І нам, сённяшнім пакаленням, трэба захаваць незалежнасць роднай Беларусі, якую здабылі нашы бацькі, дзяды, прадзеды. Захаванне і абарона міру актуальныя заўсёды. Прынцыпы адзінства, узаемаразумення, згоды замацаваны ў статутных дакументах Беларускага фонда міру. Любоў да Радзімы, адказнасць за ўласнае жыццё і жыццё сваіх блізкіх трэба выхоўваць на прыкладзе землякоў, якія падчас Вялікай Айчыннай вайны аддавалі свае жыцці за незалежнасць роднай Беларусі.
У кастрычніку 2022 года Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча прысвоены статус «Школа міру». Юныя міратворцы змястоў-
на расказваюць сваім равеснікам пра неўміручы подзвіг пакаленняў беларусаў, якія перажылі страшную вайну. І заўжды лейтматывам такіх сустрэч – захаванне памяці і ўмацаванне адзінства народа.

Наталля СЕВЕРЧУКОВА, намеснік дырэктара Востраўскай СШ:
– Яшчэ да вайны ў Востраве жылі пяць яўрэйскіх сем’яў: Міхаль, Алтар, Штархман, сем’і Іршы і Залмана (прозвішчы невядомыя). Кожная мела сваю справу. Напрыклад, Міхалі мелі сваю пякарню, вастраўчане вельмі любілі духмяны хлеб, спечаны там. Паправіць здароўе можна было лекамі з аптэкі Штархмана. Ірша быў адметным майстрам-кавалём. Прыгожае адзенне шыў Алтар. Спакойнае мірнае жыццё парушыла Вялікая Айчынная вайна. Напачатку лета 1942 года ў Востраў прыбыў фашысцкі карны атрад.
«Фашысты адразу неўзлюбілі яўрэяў, здзекаваліся з іх, прымушалі да цяжкай працы. Усім яўрэям загадалі насіць адзенне з нашытай на ім шасціканцовай зоркай. Аднойчы прыехаў нейкі важны гітлераўскі начальнік, і па вёсцы папаўзлі чуткі, што пачнуцца расстрэлы. Каго – ніхто не ведаў. Неяк раніцай сабралі мужчын яўрэяў і ў канцы вёскі прымусілі іх капаць яму. Вечарам сагналі да гэтага месца ўсе пяць яўрэйскіх сем’яў – дзяцей і дарослых. І… расстралялі. Потым скінулі ў магілу – усіх у адну – і закапалі. Людзі казалі, што і назаўтра зямля яшчэ «дыхала». Мабыць, яшчэ жывыя там былі, але выбрацца не маглі. А вяскоўцы баяліся туды падысці, каб і саміх не расстралялі», – успамінае жыхарка Вострава 90-гадовая Марыя Русакевіч.
У 2007 годзе на месцы расстрэлу былі праведзены раскопкі, выяўлены астанкі 11 чалавек.
У 2009 годзе ў памяць ахвяр фашызму тут устаноўлены помнік.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА