Жыццё як выпрабаванне на трываласць

Усім сэрцам Лука Міхайлавіч любіць сваю вёску Шчэрбава, сваю сям’ю, свой дом – сваю маленькую і такую вялікую радзіму.

Ветэран Вялікай Айчыннай з вёскі Шчэрбава Лука Сельмановіч разважае пра час і пра сябе. Успамінае маладосць і сумна ўздыхае:

Маё пакаленне, у адрозненне ад цяперашніх хлопчыкаў і дзяўчынак, не марыла пра нейкія незвычайныя ці гераічныя прафесіі. Усе думкі дзяцей, ды і дарослых былі пра тое, як зарабіць на кусок хлеба і на дровы, каб не замерзнуць зімой.

Дзяцінства Лукі Сельмановіча прыпала на той час, калі тэрыторыя цяперашняга Ляхавіцкага раёна была пад прыгнётам панскай Польшчы. Простым сялянам жылося надзвычай цяжка. Але ж у сям’і Сельмановічаў разумелі, што без навукі іх дзецям потым будзе нялёгка. Лука разам з братамі (у сям’і было шасцёра сыноў) хадзіў у польскую школу. Гады вучобы не забыў:

— Дысцыпліна была надзвычай жорсткая. Дзецям хацелася і пажартаваць, і пасваволіць. Але не тут было. Нашкодзіў — у куток на грэчку на калені ці настаўнік біў лінейкай па далонях. А дома бацька яшчэ і дабавіць. Вось такая навука. Але веды добрыя атрымлівалі.

Хлопцы рана асірацелі – у 1935 годзе памерла маці. Спаўна зведалі сіроцкую долю…

З радасцю і спадзяваннем на лепшае вяскоўцы сустракалі ў верасні 1939 года Чырвоную Армію: пачыналася новае жыццё, без паноў і парабкаў. Дзеці пайшлі ў савецкую школу, дарослыя стваралі калгасы. Але шчасце было нядоўгім. Чорныя дні чэрвеня 1941 года ў памяці Лукі Міхайлавіча засталіся на ўсё жыццё:

Пасвіў кароў недалёка ад шашы, калі амаль што над галавой пачалі лятаць самалёты з крыжамі на крылах. Не перадаць жах ад усяго гэтага. Мы з сябрамі пагналі кароў дамоў, там і даведаліся, што пачалася вайна. Хутка ў Шчэрбава прыехаў вялікі атрад СС. Колькі бяды яны нарабілі: расстралялі дзве яўрэйскія сям’і і трох калгасных актывістаў, сярод якіх быў і бязногі інвалід.

Памяць пра армейскую маладосць Лукі Сельмановіча (злева).

Як і многія іншыя вёскі, гітлераўцы не пашкадавалі і Шчэрбава – спалілі амаль цалкам. На шчасце, без людзей. Згарэла і хата Сельмановічаў, застаўся толькі хлеў – сюды і перабралася жыць уся вялікая сям’я – хоць які дах над галавой… Гора і нястачы хапіла спаўна.

Адразу пасля вызвалення Беларусі старэйшыя сыны, у тым ліку і сярэдні Лука, пайшлі ў дзеючую армію. Спачатку іх накіравалі на месяц пад Маскву ў 67-ы запасны полк, а потым на фронт — на 3-ці Беларускі. Браты Іван і Леанід сталі кулямётчыкамі, ваявалі ў адным разліку, а Лука – артылерыстам. Мусіць, лёсам было наканавана: незадоўга да гібелі Леаніда браты сустрэліся. І тады камандзір Лукі прапанаваў яго брату служыць разам, але той адмовіўся… Цяжка быў паранены і другі брат, але вярнуўся дамоў і неўзабаве пасля Перамогі памёр ад ран.

А Лука Міхайлавіч насуперак усяму выжыў, хоць і быў двойчы паранены. І помсціў ненавіснаму ворагу за спаленую родную вёску, загінуўшага брата. Вызваляў Літву, Усходнюю Прусію, штурмаваў Кенігсберг, Пілау. За гераізм, мужнасць Лука Сельмановіч узнагаро-джаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За адвагу”, “За ўзяцце Кенігсберга”.

…Дзіўныя скрыжаванні лёсу. У 1944 годзе са Шчэрбава адначасова былі прызваны чатыры юнакі, трое з іх — Сельмановічы. Пасля заканчэння вайны Лука Міхайлавіч працягваў тэрміновую службу ў складзе савецкіх войскаў у Кенігсбергу, лячыўся ў ваенным шпіталі і падчас адной з прагулак убачыў брацкую магілу. Калі пачаў чытаць прозвішчы пахаваных байцоў, не паверыў сваім вачам: сярод іх быў яго зямляк, той самы хлопец, з якім прызываўся. Лука адразу напісаў пісьмо сваім родным. І неўзабаве сястра загінуўшага аднавяскоўца прыехала на магілу брата.

Учарашні франтавік закончыў курсы малодшых камандзіраў і мог бы зрабіць паспяховую кар’еру ваеннага, але прыцягненне роднай зямлі аказалася мацнейшым. Праз 7 гадоў пасля векапомнага мая 1945 года Лука Сельмановіч вярнуўся на малую радзіму. Шчэрбава толькі аднаўлялася пасля вайны. Трэба было дапамагаць бацьку будаваць новы дом. Дэмабілізаваны салдат змяніў ваенную форму на цывільную, уладкаваўся загадчыкам хаты-чытальні пры Малагарадзішчанскім сельсавеце. Але тут на радзіму жонкі ў Ляхавічы прыехаў былы камандзір Лукі Сельмановіча, у Шчэрбаве знайшоў свайго аднапалчаніна і ўгаварыў яго паехаць разам працаваць будаўнікамі ў Арэнбург. За 3 гады Лука Міхайлавіч асвоіў усе сакрэты самай мірнай прафесіі. І, хто ведае, можа так бы і будаваў далей, каб не галоўная сустрэча ў жыцці: прыехаў у водпуск у Шчэрбава і… закахаўся ў мясцовую дзяўчыну Марыю. Яна не згаджалася на пераезд у Арэнбург, а без каханай, якая стала жонкай, Лука ехаць не хацеў. Так у верасні 1955 года ў Шчэрбаве стала на адну маладую сям’ю больш. У ладзе і згодзе Лука і Марыя Сельмановічы пражылі не адно дзесяцігоддзе, дом пабудавалі, чацвёра дзяцей выгадавалі, кожнаму дапамаглі атрымаць вышэйшую адукацыю. І цяпер яму вельмі не хапае яе – любай Марыі…

Лука Міхайлавіч з 1955 года і да пенсіі і яшчэ 10 гадоў пасля таго, як мог выйсці на заслужаны адпачынак, працаваў агентам па забеспячэнні ў Крывошынскай аблпсіхбальніцы. Пакуль здароўе дазваляла – без справы не сядзеў. Яго сядзіба і двор у Шчэрбаве — адны з самых добраўпарадкаваных, а некалькі гадоў назад ветэран пасадзіў малады сад, які так прыгожа цвіце кожную вясну.

— Я шчаслівы чалавек. Пражыў доўгае жыццё, у якім было шмат і выпрабаванняў, і радасці. Маё галоўнае шчасце – дзеці. Ганаруся кожным з іх, як і сям’ю ўнукамі і шасцю праўнукамі. Яны падтрымліваюць і дапамагаюць адзін аднаму. Мне з імі спакойна і ўтульна. А гэта многае значыць — жыць у любві і згодзе, — гаворыць Лука Міхайлавіч.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *