Абавязак берагчы зямлю. Што ў пераліку спраў ляхавіцкіх «зямельнікаў»

Галоўны клопат супрацоўнікаў аддзела землеўпарадкавання райвыканкама – берагчы зямлю і арганізаваць правільнае карыстанне гэтым прыродным багаццем.

Штогод у пераліку спраў «зямельнікаў» планавыя мерапрыемствы па арганізацыі эфектыўнага выкарыстання земляў сельгасарганізацыямі, сельсаветамі, сялянскімі (фермерскімі) гаспадаркамі, фізічнымі асобамі. У 2022 годзе правялі інвентарызацыю земляў, зямельных участкаў у межах райцэнтра, у 2023 годзе зрабілі «перапіс» сельскіх населеных пунктаў і садаводчых таварыстваў раёна. У райцэнтры абследавана больш за восемсот участкаў і выяўлена каля трохсот выпадкаў самавольнага заняцця часткі зямельнага ўчастка.
У 2023 годзе выяўлены 854 зямельныя ўчасткі, якія маюць прыкметы самавольнай занятасці ці нямэтавага выкарыстання або парушэння межаў. Ад гаспадароў патрабуецца іх вызваліць ці легалізаваць. На сёння дзесяць чалавек унеслі адпаведныя сумы, і ў бюджэт паступіла каля 15 000 рублёў. Дзейнасць па інвентарызацыі працягваецца. Насельніцтву варта ведаць, што да 1 верасня 2025 года маецца магчымасць узаконіць самавольна занятыя ўчасткі, якія былі «захоплены» да 1 верасня 2022 года, а сёння выяўлены і пацверджаны. Каб трапіць пад зямельную амністыю, грамадзяне
і юрыдычныя асобы павінны падаць у райвыканкам адпаведную заяву і выканаць шэраг умоў.
Спецыфіка працы спецыялістаў аддзела заключаецца ў іх мабільнасці. Вось яны заняты падрыхтоўкай дакументацыі пад будаўніцтва ці вядуць вопіс пабудоў, вырашаюць зямельныя канфлікты і ў любы момант могуць адправіцца на разгляд, напрыклад, заявы па прадаўжэнні часу карыстання зямельным участкам. Так было, калі карэспандэнт раёнкі знаёміўся з асаблівасцямі работы «зямельнікаў». Тады галоўны спецыяліст Ірына Партас выязджала ў Вялікую Лотву, дзе гаспадар пажадаў узяць участак для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, і патрабавалася вывучэнне размяшчэння ўчастка, а таксама іншыя моманты для ўключэння зямлі ў пералік свабодных (незанятых) зямельных участкаў. А намеснік начальніка аддзела Леанід Колбін накіроўваўся па гэтых жа пытаннях у Альхоўскі сельсавет. У якасці дадатковага інструмента для дакладнасці вымярэння не зусім сучасная, але ацэненая часам рулетка.
Дарэчы, інфармацыю пра наяўныя свабодныя ўчасткі, пустуючыя дамы і іншае можна знайсці на сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь у адзіным
рэестры маёмасці, а што датычыць непасрэдна Ляхавіцкага раёна, то ўсё змешчана і на сайце райвыканкама ва ўкладцы «Эканоміка».
Работа супрацоўнікаў аддзела не з лёгкіх, патрабуе не толькі валодання заканадаўчай базай, але і ведаў эколага, эканаміста і г. д. У іх абавязках і ажыццяўленне дзяржаўнага кантролю за выкарыстаннем земляў ад імя райвыканкама. Летась было аформлена шэсць адміністрацыйных матэрыялаў у адносінах да нядобрасумленных гаспадароў, складзена пяць пратаколаў і да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута тры суб’екты.
За 2023 год аддзел землеўпарадкавання разгледзеў 162 заявы па зямельных пытаннях ад насельніцтва і 221 ад юрыдычных асоб.
Каля года калектыў узначальвае Наталля Крымская. Яе прафесійнае станаўленне адбылося сярод сённяшніх калег. Менавіта ў Ляхавічы Наталля Крымская прыехала па размеркаванні. І ўжо 18 гадоў паміж родным Лунінецкім раёнам і Ляхавічамі, якія сталі другой
малой радзімай, пастаўлены знак роўнасці.
Здаецца, няма такіх зямельных пытанняў, на якія б не ведала адказу галоўны спецыяліст Святлана Бубен, працоўны стаж якой перавышае 30 гадоў. Другі год у калектыве Андрэй Плескацэвіч – дасведчаны і кваліфікаваны галоўны спецыяліст, нераўнадушна ставіцца да сваіх абавязкаў і інспектар Ірына Садоўская.
Начальнік аддзела Наталля Крымская шчыра віншуе калег і работнікаў картографа-геадэзічнай службы з прафесійным святам.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.