Па «Родных слядах», ці Свята творчага спаткання. У Ляхавічах прайшла творчая сустрэча з дырэктарам – галоўным рэдактарам выдавецкага дома «Звязда», старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Ёсць людзі, спатканне з якімі заўсёды свята. Такой стала творчая сустрэча з дырэктарам – галоўным рэдактарам выдавецкага дома «Звязда», старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандрам Карлюкевічам. Размова атрымалася цікавай, сардэчнай і добрай.

Сімвалічна, што сустрэча адбылася напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, а з вуснаў госця – да ўсяго і пісьменніка, журналіста, публіцыста, краязнаўца, дзяржаўнага дзеяча – беларуская мова гучыць лёгка, правільна. І кнігі Аляксандра Мікалаевіча падпісаны па-роднаму блізка – Алесь Карлюкевіч. Аўтар літаратуразнаўчых і літаратурна-крытычных прац, казак ведае, як захапіць і здзівіць чытача. Яго кнігі «Вяртанне да… Беларусі» «Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі», «Дарогі да Паднябеснай: старонкі беларуска-кітайскіх літаратурных сувязей»… і многія іншыя пазнавальныя і цікавыя па змесце. Яго літаратурна-краязнаўчыя працы адкрываюць чытачу цікавыя гістарычныя і краязнаўчыя факты. Іх ведаюць і за межамі Беларусі, творы перакладзены на шэраг моў свету. Карлюкевіч, дарэчы, і сам выступае перакладчыкам кніг замежных аўтараў на беларускую мову.
Як адзначае, яго казкі таксама працяг краязнаўчых пошукаў. Герой твораў для дзяцей – Шубуршун з сямейнай гісторыі. Дарэчы, Аляксандр Мікалаевіч дзеліцца, што так калісьці яго называў бацька з-за актыўнасці і няўрымслівасці.
На сустрэчы з калектывам раённай цэнтралізаванай біблія-
тэчнай сістэмы і аматарамі кнігі, адчувалася, як аўтар бязмежна любіць сваю Бацькаўшчыну. І калі расказваў пра свае літаратурна-краязнаўчыя зацікаўленасці і дзейнасць, згадаў і літаратурную гісторыю родных мясцін – Пухавіцкага раёна.
Аляксандр Мікалаевіч разважаў пра жыццё мастацкага слова, дзяліўся ўспамінамі з насычанай на творчыя падзеі біяграфіі, адказваў на шматлікія пытанні аматараў яго творчасці.
Аказваецца, любімы занятак Карлюкевіча – чытанне кніг. Сапраўдным і галоўным у жыцці, у тым ліку для сямейнага шчасця, ён лічыць шчырасць і адкрытасць, уменне размаўляць. Марыць пра вольны час для заняцця любімай справай – напісаннем кніг. Каб усё паспяваць, выпрацаваў закон арганізацыі працы, які заключаецца ва ўменні засяродзіць увагу на галоўным і максімальна абмежаваць менш важныя кантакты і мерапрыемствы. Аўтарам сюжэтаў і ідэй
для твораў часта становіцца ўнучка.
Алесь Карлюкевіч мае шэраг дзяржаўных і іншых узнагарод і прэмій, кожная з якіх для яго мае асаблівае значэнне. А самым запамінальным і хвалюючым момантам лічыць атрыманне прэміі «За духоўнае адраджэнне», якую ўручаў Прэзідэнт, і побач знаходзіўся Мітрапаліт Філарэт.
Сярод літаратурных навінак Алеся Карлюкевіча – кнігі «Родныя сляды» і «Пуцявінамі зорак». Апошняя кніга нарысаў і эсэ прысвечана ўраджэнцам Беларусі з розных яе куточкаў.
У прамове да выдання гаворыцца: «Тых, хто захоплена ўглядаецца ў сівую мінуўшчыну, на старонках выдання чакаюць неспадзяваныя сустрэчы і нават адкрыцці…».
Карэспандэнтам раёнкі было прыемна пачуць ад прафесіянала медыйнага ўзроўню, які ў свой час займаў пасаду Міністра інфармацыі, добрыя словы і ў адрас «Ляхавіцкага весніка».
Шмат шчаслівых уражанняў пакінула сустрэча з Аляксандрам Карлюкевічам і ў ляхавіцкіх гімназістаў, педагогаў. Да прыезду паважанага госця тут рыхтаваліся, і чаканні спраўдзіліся. Даведаліся пра літаратурную, журналісцкую і выдавецкую дзейнасць Аляк-
сандра Карлюкевіча і звярнуліся з просьбай працягнуць сяброўства ляхавіцкіх гімназістаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў.
– Алеся Карлюкевіча, вядомага публіцыста і празаіка, па праве
можна называць настаўнікам радзімазнаўства. Ён стварыў шэраг кніг, якія запрашаюць чытачоў у падарожжа па Айчыне. «Азірніцеся навокал, здолейце ўбачыць вакол сябе гаючую прыгажосць, мудрых людзей, і вам абавязкова захочацца спазнаць багатую, вельмі змястоўную гісторыю нашай зямлі з рамантычнай назвай –
Белая Русь», – цытуе радкі з твора Аляксандра Карлюкевіча настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі Святлана Ермаковіч.
У літаратурных сустрэчах прыняла ўдзел і дырэктар магазіна «Акадэмкніга» Вольга Глухоўская, дзякуючы якой стаў магчымым прыезд у Ляхавічы Алеся Карлюкевіча. Аматары яго творчасці набылі жаданыя кнігі і атрымалі асабісты аўтограф майстра слова.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.