Тэорыя і практыка Галіны Пянткоўскай

Тры дзясяткі гадоў назад Галіна ўпершыню прыехала ў Ляхавічы з намерам паступіць вучыцца ў сельскагаспадарчы тэхнікум. Думалася, што атрымае прафесію і вернецца дамоў, у Салігорскі раён. Але, скончыўшы аддзяленне ветэрынарнай медыцыны, а пасля Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, атрымала прапанову застацца працаваць у сваім аграрным каледжы, на пасадзе кіраўніка практыкамі па агранаміі, ветэрынарнай медыцыне, заатэхніі, агароднінаводстве. Аб’ём работы вялікі, аднак і поле дзейнасці для ўвасаблення шматлікіх ідэй і задум таксама маштабнае. Прайшла курсы перападрыхтоўкі на педагагічным факультэце, і пачалася работа – нялёгкая, але заўсёды цікавая і шматабяцальная.

Штодзень нязменна побач з Галінай Пянткоўскай 40 навучэнцаў аграрнага каледжа – з усіх чатырох аддзяленняў і са сваімі задачамі. Галіна Сцяпанаўна павінна арганізаваць практычную дзейнасць юных тэарэтыкаў, каб трывала ўвязаць пачутае на лекцыях з жыццём. Прычым, зрабіць гэта трэба на вышэйшым узроўні: з прымяненнем навейшых тэхналогій, эфектыўна і творча, каб будучыя спецыялісты змаглі выкарыстаць набытыя навыкі ў самастойнай працы і дабіцца добрых вынікаў.

Вучэбная ферма “Каменка” дае выдатныя вытворчыя паказчыкі. Тут утрымліваюць 212 жывёлін, з якіх 75 кароў – дойны статак (астатнія – на адкорме, нецелі, маладняк…). Прадстаўлена ўсё пагалоўе, з якім давядзецца працаваць будучым спецыялістам. Пад кіраўніцтвам Галіны Сцяпанаўны рабяты вучацца складаць рацыёны для кожнай групы БРЖ, карміць, даіць, лячыць, бяруць пробы малака і праводзяць кантрольныя дойкі, падтрымліваюць санітарны парадак, вядуць работу па аднаўленні статка. Навучэнцы самастойна нарыхтоўваюць кармы: закладваюць сілас, сянаж… Кожны дзень звяраюць вынікі сваёй працы і разам з Галінай Сцяпанаўнай аналізуюць, робяць высновы. З МТФ “Каменка” адпраўляецца на перапрацоўку малако толькі гатункам экстра, гэтымі днямі ад кожнай каровы тут дояць па 23 літры малака. Вось што значыць разумнае спалучэнне тэорыі і практыкі.

Галіна Пянткоўская сцвярджае:

— Усе нашы каляджане вельмі працавітыя, старанныя і адказныя. Дадаць да гэтага маладосць, энергію, імкненне спасцігаць новае — атрымліваюцца выдатныя спецыялісты, якімі ганарыцца наша навучальная ўстанова.

Дарэчы, для Пянткоўскіх-старэйшых не было нечаканасцю, калі іх сыны Дзмітрый і Валерый пайшлі вучыцца ў ЛДАК, на заатэхнічнае аддзяленне.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *