“Галоўны на заводзе”

У працоўнай кніжцы Альгірдаса Кануса тры запісы, і ўсё яны датычаць вёскі Тухавічы. Хаця яго малая радзіма – суседняя цяпер краіна Літва, дзе нарадзіўся і вырас, адслужыў у арміі. Адсюль і нетыповае для нашых мясцін імя. Амаль чатыры дзесяцігоддзі таму інтэрнацыянальная сям’я Канусаў, у якой бацька беларус, а маці літоўка, па запрашэнні сваяка пераехала з Прыбалтыкі ў Беларусь, у пасёлак брыкетчыкаў Тухавічы. Атрымаўшы прафесію будаўніка, Альгірдас застаўся тут.

З 1985 года яго жыццё звязана з торфабрыкетным заводам. Пачынаў машыністам брыкетнага прэса, а апошнія 14 гадоў – апаратчык па сушцы торфу ці, як кажуць яго калегі, галоўны на заводзе. Іх, хто кіруе працэсам вырабу брыкетаў, у чатырох зменах па адным у пары са слесарам. Тэрыторыя іх адказнасці патрабуе ўвагі і пільнасці. Ад правільна выстаўленай тэмпературы, вільготнасці і ўсіх неабходных паказчыкаў залежыць якасць брыкетаў. А значыць, поспех і аўтарытэт завода.

Нядаўна прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч па даручэнні Кіраўніка дзяржавы нашаму земляку і яшчэ 59 заслужаным людзям краіны ўручыў высокую ўзнагароду – медаль “За працоўныя заслугі”. Цырымонія, якая праходзіла ў Палацы Рэспублікі, пакінула ў Альгірдаса Васільевіча яркія і хвалюючыя ўражанні. Быць не проста ўдзельнікам урачыстасці, а адной з дзеючых асоб – ганаровая місія, якая выпадае далёка не кожнаму.

– Сваю ўзнагароду лічу заслугай агульнай, усяго калектыву. Без узаемнай падтрымкі дасягнуць вынікаў у любой справе немагчыма. Людзі ў нас гаспадарлівыя і акуратныя, добрыя і дружныя, – адзначае Альгірдас Васільевіч.

Канус адкрыты і спагадлівы, адказны і працавіты чалавек. Пра такіх гавораць “залатыя рукі”.

Дома ён з задавальненнем выкарыстоўвае навыкі будаўніка. Трымае гаспадарку, адпачывае, працуючы на зямлі. Са сваёй жонкай Аляксандрай выхавалі дзвюх дочак, не нарадуюцца двум унукам і ўнучцы. Яму стала дарагой гэта вёска і людзі, з якімі пасябраваў, з’еў, як гавораць, не адзін пуд солі, стаў іх земляком.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *