Выпальваць траву небяспечна і дорага! У Ляхавіцкі РАНС паступіла паведамленне з Ліпска пра ўзгаранне сухой расліннасці

7 сакавіка ў Ляхавіцкі РАНС паступіла паведамленне з Ліпска пра ўзгаранне сухой расліннасці. Аграгараджанін быў усхваляваны хуткім распаўсюджваннем агню на суседнім участку. Выратавальнікі адправіліся па згаданым адрасе і аператыўна ліквідавалі ўзгараннне. Як высветлілася, 84-гадовая мясцовая жыхарка наводзіла парадак на сваим участку і вырашыла спаліць леташнюю траву… На першы раз такая чысціня для пенсіянеркі абышлася папярэджаннем.

У выхадныя выратавальнікі двойчы выязджалі на тушэнне сухой расліннасці ў Свяціцу, а таксама ў  Флер’янова.

У панядзелак дапамога спатрэбілася ў Заліпенні. І хаця вялікай шкоды агонь у гэтым выпадку не прынёс, на выклік былі адпраўлены аўтамабілі, якія затрацілі нямала часу і грошы на паліва – не многа не мала 65 рублёў на выезд.

Спальванне смецця ці сухой расліннасці – парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі і цягне штраф да 5 базавых велічынь. За незаконнае выпальванне сухой расліннасці на корані, іржышча і пажніўных рэшткаў або непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў пагражае штраф у памеры ад 10 да 30 БВ. За развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжаны штраф да 12 БВ.


У выратавальнікаў вогненнымі выдаліся і выхадныя напачатку сакавіка. 3 сакавіка ноччу падраздзяленні выязджалі на пажар ў Ліпск, дзе ў агні загінуў 59-гадовы гаспадар дома.
Яшчэ адзін пажар зарэгістраваны ў вёсцы Тухавічы, дзе гарэла гаспабудова.


З пачатку года на тэрыторыі раёна зарэгістравана 9 пажараў, у агні загінуў чалавек.
Пры немагчымасці самастойна патушыць узгаранне трэба тэлефанаваць па нумарах 101 1 ці 112.
Каб бяда не прыйшла ў дом, варта не пакідаць без нагляду печ, якая топіцца. Забаронена выкідваць непатушаныя запалкі і цыгарэты. Важна сачыць за спраўнасцю электраправодкі , выконваць правілы па эксплуатацыі газавага абсталявання і ўстанавіць у жылым пакоі аўтаматычны пажарны апавяшчальнік.


Таццяна КАЛГУШКІНА, інспектар РАНС.