Калі прычына – п’янства


Кожны чалавек жыве і спадзяецца на лепшае. Аднак, іншы раз выпадак можа ў адно імгненне ўсё перамяніць, вымусіць паглядзець на жыццё зусім з іншага боку. Напрыклад, няшчасны выпадак на вытворчасці, дома, які можа абмежаваць фізічныя магчымасці чалавека або, наогул, закончыцца трагічна. На жаль, многа падобных недарэчных сітуацый узнікае з-за п’янства. Яшчэ нядаўна такія няшчасныя выпадкі класіфікаваліся на вытворчыя і невытворчыя. І калі бяда адбывалася на рабочым месцы, праводзілася расследаванне, афармлялася актамі формы Н-1, што давала права пацярпеламу работніку атрымліваць грашовыя выплаты за перыяд часовай страты працаздольнасці, а ў выпадку наступлення ўстойлівай страты працаздольнасці атрымліваць дадатковыя выплаты на медыцынскую, сацыяльную і прафесійную рэабілітацыю.
Зараз у Правілы расследавання і ўліку няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, якія зацверджаны пастановай Саўміна, унесены змяненні, якія ўступілі ў сілу з 1 ліпеня 2010 года.
У прыватнасці, вызначана, што няшчасны выпадак на вытворчасці афармляецца актам аб невытворчым няшчасным выпадку формы НП, калі страта здароўя пацярпелага адбылася па прычыне знаходжання яго ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў. Гэта павінна быць пацверджана дакументам, выдадзеным ва ўстаноўленым парадку арганізацыяй аховы здароўя. У такім выпадку работнік пазбаўляецца права на выплату яму сродкаў за шкоду, прычыненую яго здароўю.
Віктар ЕРМАЛІНСКІ,
галоўны дзяржаўны інспектар
Баранавіцкай міжраённай інспекцыі працы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *