Сакавітае прывітанне. У Ляхавіцкім раёне першы бярозавік пайшоў зусім нядаўна

Лясніцтвы Брэстчыны нарыхтоўку бярозавага соку пачалі
некалькі тыдняў назад. У Ляхавіцкім раёне першы бярозавік пайшоў зусім нядаўна. Усе шэсць лясніцтваў Ляхавіцкага лясгаса правялі падрыхтоўчыя работы, вызначыліся з дзялянкамі
для нарыхтовак і пачалі збіраць ураджай бярозавіку.

Ляснічы Ляхавіцкага лясніцтва Іван Занько з дачкой Марыяй. БОЛЬШ ФОТА ТУТ

– Сёлетняя нарыхтоўка бярозавага соку адрозніваецца ад папярэдніх гадоў маштабамі. Працуем толькі для патрэб насельніцтва, сыравіну на Ляхавіцкі кансервавы завод у гэтым годзе прадаваць не будзем. Летась лясгас прадаў каля 12 тон соку насельніцтву, столькі будзе і для ўраджаю-2024. Кошт аднаго літра застаецца мінулагоднім – у межах 18 капеек. Апошнімі днямі сок пайшоў актыўней. Найбольшай папулярнасцю зараз бярозавік карыс-таецца ў Ляхавіцкім, Востраўскім, Мядзведзіцкім лясніцтвах, – расказвае інжынер вытворчага аддзела лясгаса Анастасія Шчука.
Як і раней, для ўласных патрэб у нашым раёне сок можна купіць у спецыяльна адведзеных месцах на лясных дзялянках. Самастойна нарыхтоўваць бярозавік дазваляецца на пэўных, спецыяльна вызначаных участках ляснога фонду, захоўваючы пэўную тэхналогію. Дзе гэтыя месцы, кожнаму жадаючаму дакладна паведамяць у бліжэйшым лясніцтве. У сацыяльных сетках на старонках Ляхавіцкага лясгаса размешчана падрабязная інфармацыя, нумары тэлефонаў, па якіх можна дагаварыцца аб набыцці соку. Варта ведаць, дзе забараняецца нарыхтоўка соку. Напрыклад, нельга гэта рабіць у прыбярэжных палосах вадаёмаў, у межах адводу чыгуначных і аўтамабільных дарог, іншых транспартных камунікацый, у населеных пунктах. Нельга збіраць сок у месцах, дзе сустракаюцца рэдкія віды раслін, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а таксама ў межах зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, на тэрыторыі арганізацый аховы здароўя і ў месцах масавага адпачынку людзей.
– За нарыхтоўку соку ў забароненых месцах і без дазвольных дакументаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць –
штраф да 20 базавых велічынь, – тлумачыць намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка.

Галіна КАНЬКО.