Погляд назіральных камісій. Што абследуюць назіральныя камісіі ў Ляхавіцім раёне

«Колькі ў вас печак? Ці маецца аўтаномны пажарны апавяшчальнік?» – гэтыя і іншыя пытанні разам з прывітаннем адрасуе інспектар РАНС Аляксей Клетаніца ліпскай аграгараджанцы, як толькі заходзіць да яе ў дом. У чацвер, 21 сакавіка, назіральныя камісіі ў раёне працавалі на тэрыторыі Крывошынскага і Ганчароўскага сельсаветаў.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Карэспандэнт «ЛВ» ра-зам з назіральнай камісіяй накіраваўся ў Ліпск і Крывошын. Першачарговая задача рэйдавага мерапрыемства – клопат пра бяспеку жыццядзейнасці, таму камісія пачынае абход з абследавання домаўладанняў на прадмет бяспечнага пражывання.
У двары 80-гадовай аграгараджанкі сабраліся прадстаўнікі РАНС, сельвыканкама, ТЦСАН і Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння. У кожнага свой участак абследавання. Пенсіянерка ўвагу адказных асоб адразу скіравала на бярозу, якая, па яе меркаванні, з’яўляецца небяспечнай. Старшыня Крывошынскага сельвыканкама Сяргей Баргамон запэўніў, што заяўка будзе накіравана ў лясгас для заключэння аб аварыйнасці дрэва.
Інспектар РАНС Аляксей Клетаніца пасля прафілактычнай гутаркі правярае стан печкі і цэласнасць корпуса, аглядае і комін на гарышчы дома, кантралюе спраўнасць АПА і іншыя моманты. Пасля супрацоўнік РАНС ставіць ацэнку пажарнай бяспецы і выдае рэкамендацыі па ўхіленні недахопаў. Загадчыца ТЦСАН Наталля Ісаханава расказала вяскоўцы пра паслугі, якія прадастаўляе насельніцтву тэрытарыяльны цэнтр, і прыняла заяву аб аказанні матэрыяльнай дапамогі для рамонту пячнога ацяп-лення. Важны момант – запаўненне актаў абследавання матэрыяльна-бытавых умоў пражывання непрацаздольных грамадзян, а таксама іншых катэгорый насельніцтва. ТЦСАН фіксуе даныя пра дзяцей з мэтай высвятлення наяўнасці родных працаздольнага ўзросту, якія па законе абавязаны клапаціцца пра сваіх пажылых бацькоў. І гэта адзін з напрамкаў дзейнасці ТЦСАН з дарослымі дзецьмі. Да ўмоў пражывання пенсіянеркі ў камісіі заўваг няма. Любоў Міхайлаўна –
маці пецярых дзяцей, з якіх толькі двое працаздольнага ўзросту, а адзін з’яўляецца інвалідам I групы. У халодны час дачка забірае маму з братам у Мінск. Пенсіянерка не шкадуе добрых слоў і ў адрас фельчара Ліпскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Святланы Дыдышка і паштальёна Таццяны Невяроўскай, якая ёй выпісвае «Ляхавіцкі веснік».
Дарэчы, спецыялісты ТЦСАН пастаянна праводзяць работу па садзейнічанні ў забеспячэнні бяспечных умоў пражывання пажылым адзінокім, адзінокім грамадзянам і інвалідам. Дапамога выдзяляецца са сродкаў Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва, выдаецца дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога, аказваецца садзейнічанне ў размяшчэнні інвалідаў і пажылых грамадзян у сацыяльныя ўстановы, афармляюцца яны і на надомнае абслугоўванне.
…У спісе наведвання назіральнай камісіі і мнагадзетныя сем’і. На тэрыторыі сельсавета іх пражывае 13, у якіх выхоўваецца 39 непаў-налетніх дзяцей. Па вуліцы Міру ў Ліпску старшы майстар Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Алег Кабяльчук пры праверцы газавай пліты выявіў уцечку газу. Алгарытм дзеянняў у такім выпадку адпрацаваны: перакрыць газавы кран, адчыніць фортачку і ні ў якім разе не карыстацца электрапрыборамі і адкрытым агнём… Работнікі аварыйна-дыспетчаскага ўчастка аператыўна ўхілілі праблему. Наогул, у кожнай кватэры і домаў-ладанні спецыяліст Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння скрупулёзна правяраў стан газавага абсталявання, даваў дзейсныя рэкамендацыі, уручаў тэматычныя памяткі.
Вынікі абследавання занатоўваюцца ў адпаведныя акты і ўносяцца ў базу даных – праграмна-апаратны комплекс «Інспекткам». Пры выяўленні праблемы запыт аўтаматычна накіроўваецца ў вызначаныя службы, якія бяруць сітуацыю на кантроль і сочаць за «работай над памылкамі». Так, у адной з мнагадзетных сем’яў (у дзень рэйду абследаваны тры сям’і) выяўлена вырваная са сцяны ра-зетка. Даныя, унесеныя ў «Інспекткам», адразу накіраваны ў дзяржэнерганагляд і ў аддзел па адукацыі райвыканкама для прыняцця мер рэагавання. Адказныя асобы з назіральнай камісіі прыкмячаюць нават дробныя дэталі, якія ўплываюць на агульную бяспеку і пры недаглядзе могуць абярнуцца бядой, – лішні раз лепш нагадаць пра бяспеку, чым пасля вырашаць наступствы надзвычайных сітуацый.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.