Словы пра справы. І не толькі вытворчыя. Адбыўся чарговы агульны сход акцыянераў ААТ «Жарабковічы»

Адбыўся чарговы агульны сход акцыянераў ААТ «Жарабковічы». Пляцоўкай сходу традыцыйна стаў Падлескі СДК. У звыклым стылі было вытрымана і кола вынесеных на разгляд пытанняў, ключавым з якіх з’явілася справаздача дырэктара аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці таварыства за мінулы год.

Пачаў дырэктар ААТ Андрэй Новік з напаміну пра важнасць сельскагаспадарчай справы, абавязковасць захавання кожным з работнікаў дысцыплінаванасці, добрасумленнага стаўлення да сваіх службовых абавязкаў.
– На тых прадпрыемствах, дзе выконваецца працоўная дысцыплі-
на, ёсць узаемаразуменне паміж членамі калектыву, створаны добрыя ўмовы на рабоце і ў быце, то і вытворчыя справы знаходзяцца на належным узроўні, – канстатаваў дырэктар.
Пачнём з дабрачынных спраў ААТ «Жарабковічы». Як вынікае са справаздачы, у 2023 годзе гаспадарка аказала спонсарскую дапамогу шэрагу самых розных структур і ўстаноў не толькі Ляхавіцкага раёна. У спісе добрых спраў прадпрыемства значыцца больш за дзясятак адрасоў: дзіцячы сад, некалькі агульна-адукацыйных школ, установы
аховы здароўя, культуры і некаторыя іншыя.
Акрамя людзей, а працоўны калектыў «Жарабковіч» складаецца з амаль 550 чалавек, галоўным багаццем любой сельскагаспадарчай структуры з’яўляецца, канешне ж, зямля.
Агульная зямельная плошча гаспадаркі на 1 студзеня 2024 года
складае 13 447 гектараў. Гэта ў тым ліку 12 372 гектары сельска-
гаспадарчых угоддзяў, з якіх 8 639 з’яўляюцца ворывам. Урадлівасць сельгасугоддзяў высокая – у сярэднім больш за чатыры дзясяткі балаў.
Аднак ёсць і вытворчы ўчастак «Тальмінавічы», чые глебы ледзь ці не ўдвая менш урадлівыя.


Гаспадарка займаецца вырошчваннем збожжавых і зернебабовых культур, у спісе ўборачных плошчаў мінулага года значылася па 900 гектараў азімага рапсу і цукровых буракоў. Як памятаем, леташні раслінаводчы сезон для аграрыяў і не толькі Ляхавіцкага раёна быў не самым удалым у плане надвор’я. «Жарабковічы» здолелі выйсці амаль на 52 цэнтнеры ўраджайнасці зерневых з улікам кукурузы ў вазе пасля дапрацоўкі.
У сярэднім больш за 450 цэнтнераў прадукцыі даў кожны гектар цукровых пасеваў, атрымана каля 28 цэнтнераў на круг насення рапсу.


Летась «Жарабковічы» паставілі на перапрацоўку амаль 42 тысячы тон салодкай прадукцыі. У справаздачным годзе праз устаноўку для перапрацоўкі рапсу прайшло некалькі больш за 2 600 тон насення гэтай алейнай культуры. Адна справа гандляваць зыходнай сыравінай і радыкальна іншая – прадуктам яе перапрацоўкі. Тым больш, што сабе ў якасці даходу застаюцца яшчэ адходы – макуха. Якая і на продаж ідзе, і выкарыстоўваецца ў якасці высокабялковага корму для жывёлы.
А ў плане жывёлагадоўлі ААТ «Жарабковічы» бачацца абсалютна адмысловым прадпрыемствам. Хоць бы таму, што ў арсенале яго вытворчых намінальных актываў значыцца авечкагадоўчая ферма, на якой утрымліваецца 2,3 тысячы галоў жывёлы.
Але аснову сельгаспрадпрыемства, у тым ліку і фінансавую, складае малочная жывёлагадоўля. Іменна малако прыносіць «Жарабковічам» амаль 50-працэнтную долю ў агульнай выручцы.
На пяці малочнатаварных фермах і комплексах на пачатак бягучага года ўтрымлівалася крыху больш за 2 900 галоў дойнага статка. Па выніках мінулага года сярэдні ўдой на карову некалькі не дацягнуў да 6 тысяч. Хоць ёсць і такія фермы, дзе названую лічбу пераўзышлі. Сярод такіх МТФ «Улазавічы», дзе сярэдні за 2023 год удой на карову перавысіў адзнаку 7,8 тысячы кілаграмаў малака. Жывёлагадоўчы аб’ект узначальвае брыгадзір Мікалай Заяц.
Прыемным для работнікаў бонусам з’яўляецца прадастаўленне кожнаму жадаючаму гарачых абедаў. У 2023 годзе гаспадарка імі яшчэ і гандлявала – рэалізоўвала аднаму з аднапрофільных прадпрыемстваў раёна.
У планах ААТ на 2024 год значыцца далейшае абнаўленне машынна-трактарнага і сельскагаспадарчага парка, рэканструкцыя і будаўніцтва аб’ектаў жывёлагадоўлі і іншае.
У надышоўшым годзе «Жарабковічы» маюць намер дасягнуць ураджайнасці збожжавых культур на ўзроўні 59,9 цэнтнера, алейнага насення рапсу – не менш за 33, цукровых буракоў – 480 цэнтнераў з кожнага пасеянага гектара. Ставіцца задача «падняцца» і па ключавых паказчыках жывёлагадоўлі.
– Неабходна ўзмацніць работу над якасным складнікам у працэсе вытворчасці ва ўсіх галінах дзейнасці прадпрыемства, атрымаць максімальную аддачу ад кожнага гектара ў раслінаводстве і ад кожнага пастановачнага месца ў жывёлагадоўлі. Знізіць сабекошт прадукцыі і атрымаць максімальны эфект ад укладзеных грашовых сродкаў, – рэзюмаваў Андрэй Новік.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз назваў ААТ «Жарабковічы» флагманам сельгасвытворчасці ў раёне, падзякаваў за ўдзел у дабрачыннасці, выказаў спадзяванне, што прадпрыемства будзе «ззяць» і ў раёне, і ў вобласці. Ёсць праблемныя пытанні, асабліва ў жывёлагадоўлі. Але пачатак пазітыўным зрухам пакладзены, адзначыў Мікалай Мароз.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.