Патэнцыял якаснага супрацоўніцтва. Расійская Федэрацыя з’яўляецца асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам Ляхавіцкага раёна

Сёлета 2 красавіка дзяржавы-суседкі, звязаныя адным лёсам, адзначаюць 28-ы Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Агульныя межы, сацыяльна-эканамічная і культурна-спартыўная прастора, духоўная і гістарычная еднасць, славянскія карані, моцнае супрацьстаянне санкцыям і розным выклікам – тое, што нас яднае.

Адна з апошніх трыумфальных падзей – запуск з Байканура карабля «Саюз МС-25», дзе сярод членаў экіпажа – першы касманаўт у гісторыі суверэннай Беларусі Марына Васілеўская. Камандзірам экіпажа з’яўляецца таксама ўраджэнец Беларусі Алег Навіцкі.
Усё мацней становіцца і эканамічнае супрацоўніцтва розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі. З года ў год расце прадстаўніцтва на традыцыйным форуме рэгіёнаў. Растуць дзелавыя кантакты: на Брэстчыну не аднойчы прыязджалі прадстаўнікі з Расіі, а прадстаўнічыя дэлегацыі Першага рэгіёна з візітам выязджалі ў розныя рэгіёны суседняй краіны.


– Расійская Федэрацыя з’яўляецца асноўным гандлёва-эканамічным партнёрам Ляхавіцкага раёна. На долю Расіі ў мінулым годзе прыпала 59,7 працэнта ўсяго знешнегандлёвага абароту нашага раёна, прычым 63,9 працэнта – экспарт, 39,2 працэнта – імпарт, – расказвае начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Матчэня.
Сярод найбольш запатрабаваных у расійскіх спажыўцоў тавараў з ляхавіцкім адрасам вытворчасці трывалыя пазіцыі займаюць пладова-ягадныя і агароднінныя кансервы ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». На працягу многіх гадоў расце попыт у расіян на малочную прадукцыю СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Высока каціруецца льновалакно з ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Апаратура электрычная і арматура ізалюючая для электрычных машын вытворчасці ТАА «Трансэлектракамплект» даўно заняла сваю нішу на расійскім рынку. Такія ж трывалыя пазіцыі і ў прадуктаў для кармлення жывёлы, што выпускаюцца на ТАА «Фермент».
ТАА «ЮстаПласт» – адносны навічок на расійскай гандлёвай пляцоўцы, тым не менш іх разнастайная прадукцыя ўжо знайшла сваіх прыхільнікаў у розных рэгіёнах Расіі.
– Як бачна, Ляхавіцкі раён мае істотнае прадстаўніцтва на рынку Расійскай Федэрацыі. Але патэнцыял яшчэ большы. 9 верасня 2023 года заключана пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх сувязей паміж горадам Ляхавічы і горадам Чыстопалем Рэспублікі
Татарстан, – удакладняе Людміла Матчэня.


Пасля візіту на Ляхавіччыну на новыя больш выніковыя рэйкі выйдзе сацыяльна-эканамічнае супрацоўніцтва паміж нашым раёнам і Цюменскай вобласцю. У Сібіры ёсць горад-пабрацім Ляхавічаў – Ялутараўск. Прычым яшчэ ў 2014 годзе паміж нашымі гарадамі было заключана пагадненне аб пабрацімскім супрацоўніцтве. Сувязь наладжана. Мэр Ялутараўска Вячаслаў Смелік па запрашэнні кіраўніцтва Ляхавіччыны 21 лютага гэтага года наведаў наш раён. Акрамя сустрэчы са старшынёй райвыканкама Мікалаем Марозам і кіраўніком дэпутацкага корпуса раёна Юрыем Чаранкевічам, мэр Ялутараўска пазнаёміўся з вытворчасцю ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», ТАА «Трансэлектракамплект», «ЮстаПласт». І прадукцыя прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці зацікавіла госця з Сібіры. Ёсць усе перадумовы, каб супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі стала яшчэ больш маштабным і плённым.
Галіна КАНЬКО.

ФАКТ

У 2023 годзе Ляхавіцкі малочны завод прадаў масла ў Расію на суму 25,2 мільёна беларускіх рублёў, тэмп росту ў параўнанні з 2022 годам склаў 128,5 працэнта. За два месяцы бягучага года завод экспартаваў у Расію 225 тон масла на 4,5 мільёна беларускіх рублёў (летась за такі ж перыяд – 190 тон на 3,7 мільёна рублёў).