Ляхавічанка павялася на падман зламыснікаў і страціла 3000 рублёў

«Лёгкія» грошы
РАСК узбудзіў крымінальную справу па частцы 1 артыкула 212 Крымінальнага кодэкса ў адносінах да ляхавічанкі 1977 г. н., якая знайшла чужую банкаўскую картку і разлічвалася ёю ў магазінах. Сума выкрадзенага склала больш за 200 рублёў. Праводзіцца расследаванне.

Крымінальная «забава»
Ляхавічанін 1966 г. н. выбіў ветравое шкло ў аўтамабілі, які знаходзіўся на паркоўцы ў адным з двароў горада. Узбуджана крымінальная справа па факце хуліганства.

На вудзе зламыснікаў
Больш за 700 рублёў страціла жыхарка раёна 1952 г. н., якая вырашыла паправіць сваё матэрыяльнае становішча з дапамогай біржы.
Махляры пабудавалі схему падману людзей на іх зацікаўленас-ці лёгкага прымнажэння фінансаў. Злачынцы для ўплыву выкарыстоўваюць розныя інструменты, сярод якіх сацсеткі, тэлефонныя званкі. Прычым тэлефануюць з замежных нумароў на месанджары, не маючы практычна ніякай інфармацыі пра чалавека. Яе выведваюць у працэсе размовы. Як правіла, махляры прапануюць выгадныя ўмовы ўкладанняў, і калі чалавек праяўляе цікавасць, то вядуць яго на асобны сайт. Там дапамагаюць стварыць віртуальны рахунак і пакласці туды грошы. Мінімальную частку ад першапачатковага ўзносу злачынцы дазваляюць сваёй ахвяры зняць. А затым пераконваюць пакласці большую суму, каб атрымаць большы заробак. Людзі згаджаюцца і губляюць немалыя грошы.
На вуду махляроў трапіла і ляхавічанка 1967 г. н., якой патэлефанавалі быццам з банка пад маркай абароны яе карт-рахунка. Пенсіянерка павялася, нават памяняла валюту ў беларускія грошы і перавяла на прапанаваны зламыснікамі банкаўскі рахунак больш за 3 000 рублёў.
Па ўсіх фактах РАСК узбудзіў крымінальныя справы, праводзіцца расследаванне.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.