У вытворчым саюзе з кукурузай. У Ляхавіцкім раён сеюць кукурузу

Механізатар ЗАТ «Белпрампрыбор» Яўгеній Аўдзейчык.

Яшчэ на першым тыдні красавіка сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна выйшлі на сяўбу кукурузы. І адным з першапачынальнікаў гэтага этапу яравой кампаніі выступіла ЗАТ «Белпрампрыбор»

Кукурузны этап веснавых палявых работ, апроч сваёй выключнай важнасці, тэрмінаў правядзення і якасці выканання, для аграрыяў адрозніваецца яшчэ і істотнай маштабнасцю. Калі, напрыклад, параўнаць яго з сяўбой ранніх збожжавых і зернебабовых, то па плошчы кукуруза пераўзыходзіць іх прыкладна ўдвая: каля васьмі тысяч пасяўных кукурузных гектараў супраць некалькі больш за чатыры тысячы гектараў сёлетніх яравых хлебных.
Да таго ж, як і цукровыя буракі, кукурузная сяўба патрабуе
большай тэхналагічнай дакладнасці, цеплавой спрыяльнасці надвор’я, выкарыстання спецыяльнай – адрознай ад збожжавага тыпу пасяўных агрэгатаў – тэхнікі.
Як і ў выпадку з раннімі збожжавымі, кукурузная пара прыйшла з апярэджаннем традыцыйных тэрмінаў. Так, па стане на раніцу панядзелка, пад пасевамі кукурузы ў раёне ўжо знаходзілася больш за паўтысячы гектараў.
У адрозненне ад леташняга года, калі такіх гектараў у Ляхавіцкім раёне не было ўвогуле.
Найбольш тэмп і аб’ёмы выкананага на кукурузным палетку дэманструюць аграрыі ААТ «Жарабковічы», дзе засеяныя плошчы ўжо набліжаюцца да трох соцень гектараў.
Другім у раённым спісе найбольш паспяховых кукурузасейбітаў
значыцца ЗАТ «Белпрампрыбор», у пасяўным актыве якога на раніцу панядзелка значылася больш за 120 «зробленых» гектараў.
Непасрэднага выканальніка работ механізатара Яўгенія Аўдзейчыка мы заспелі там, дзе яму патрэбна: на пасяўным палетку за штурвалам трактара.
На пытанне, як зусім яшчэ «свежы» «Беларус-1523» паказвае
сябе ў полі, рэагуе імгненна і толькі ў станоўчай рыторыцы.
– Новае ёсць новае, ніякіх нараканняў на паводзіны машыны, як і асобных яе агрэгатаў, няма. У тандэме з трактарам у полі праводзім каля 10 і больш гадзін у дзень. Працоўная вахта звычайна пачынаецца а восьмай гадзіне раніцы. Крайні ў вызначаны дзень круг сеялка робіць пасля шасці вечара. Але, калі ўзнікае неабходнасць затрымацца, – не пытанне. Паўнацэнным бывае толькі абедзеннае меню, аднак не абедзенны перапынак. Гарачыя стравы дастаўляюцца непасрэдна ў поле, паабедаў – і фактычна адразу за руль. Як і абед, яшчэ больш гарачым на сяўбе з’яўляецца час. Ды і што зрабіў, тое і тваё, – дзеліцца ўражаннямі механізатар-сейбіт.
Поле, на якім ажыццяўляюцца пасяўныя работы, выглядае добра падрыхтаваным, з прыцэльным разлікам на ўраджайны збор «зялёнага» ўраджаю.
А сяўбу больш як 500 планавых кукурузных гектараў «Белпрампрыбор» пачаў яшчэ 5 красавіка, і кожны рэальна працоўны дзень засеяныя плошчы павялічваюцца прыкладна на два дзясяткі гектараў.

Іван КАвалеНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.