У Начы пачаліся пераддажыначныя клопаты. Што ўжо зроблена

На мінулым тыдні прадстаўнічы працоўны дэсант высадзіўся ў аграгарадку Нача. Дэпутаты розных узроўняў пад кіраўніцтвам старшыні Ляхавіцкага райсавета Юрыя Чаранкевіча, настаўнікі і педагогі мясцовай школы, жыхары аграгарадка наводзілі парадак у населеным пункце.

Пашчыравалі і работнікі тутэйшага дзіцячага садка, якія на сваёй тэрыторыі прыбіралі, чысцілі, фарбавалі. Нача сёлета рыхтуецца прыняць гасцей і ўдзельнікаў раённага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2024».
Як ідзе падрыхтоўка, хто ўжо ўключыўся ў работу, а хто яшчэ нават і не збіраецца, высвятлялі на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама.
Планаванне і ход выканання распрацаваных мерапрыемстваў на кантролі ў старшыні Начаўскага сельвыканкама Вячаслава Новіка. Задачы пастаўлены па розных аб’ектах і па розных сферах. Значны ўчастак замацаваны за ДРБУ-200. У прыватнасці, рамонт асфальтавага пакрыцця дарог Ляхавічы – Нача, Канюхі – Нача, па вуліцах
60 гадоў Савецкай Улады, Мінскай, Спартыўнай у Начы, скошванне травы на прыдарожных палосах, уладкаванне абочын, выдаленне кустоўя ўздоўж дарог. Акрамя таго, будзе ўладкавана «кішэня» для прыпынку школьнага і рэйсавага аўтобусаў у аграгарадку. Пераважная большасць дарожных работ запланавана на май – ліпень. Але тыя, што неабходна праводзіць у красавіку, пакуль ідуць марудна. Вядзецца добраўпарадкаванне прыдарожных палос, зроблена прафіляванне ўчастка дарогі Пашкоўцы – Перахрэсце, Пашкоўцы – Рачканы.
Выдалены небяспечныя дрэвы, заменены вокны і ўстаноўлены казырок над уваходам у майстэрню будынка школы. Ва ўсю ідуць рамонтныя работы ў дзіцячым садку. Начаўскія ўстановы адукацыі ўжо ў красавіку далі пераддажыначны старт. Акрэслена і кола работ у Начаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. У пераліку зробленага рамонт ганка каля галоўнага ўвахода, устаноўлены сеткавая помпа сістэмы ацяплення, уладкоўваецца тэрыторыя.
Вячаслаў Новік адзначыў, што значны ўчастак работ неабходна
выканаць у жыллёвым сектары. Размова ідзе пра шматкватэрныя дамы па вуліцах Савецкай, Мінскай, 60 гадоў Савецкай Улады ў аграгарадку.
Давядзецца папрацаваць і камунальнікам. Работнікі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» ужо выдалілі небяспечныя дрэвы на могілках у Перахрэсці, абрэзалі кустоўе каля помніка загінулым землякам і на пляцоўцы каля СДК. Напрыканцы мінулага года адрамантавана падлога ў глядацкай зале Начаўскага СДК. Зараз рамонт установы культуры прадаўжаецца, а таксама добраўпарадкуецца тэрыторыя вакол.
Работы ў зоне сваёй адказнасці выканаў і раён электрасетак: заменены трансфарматарная падстанцыя ў Перахрэсці, ліхтары на святлодыёдныя ў Начы, Перахрэсці. Іншыя арганізацыі таксама ўключыліся ў навядзенне пераддажыначнага марафету.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што неабходна паскорыць тэмпы работ, але пры гэтым не забываць пра якасць. Прадоўжыў тэму і кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч, які, абапіраючыся на вопыт мінулых гадоў, нагадаў, што няма патрэбы адкладваць на потым тое, што можна зрабіць цяпер.

Галіна КАНЬКО.