Як працуем, так і святкуем!

Па традыцыі ўрачыста прайшло сёлета свята – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Лепшыя з лепшых працаўнікоў —  прадстаўнікі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў раёна, ад якіх у многім залежыць харчовая бяспека краіны, пад гукі духавога аркестра прайшлі па галоўнай вуліцы горада. На плошчы Перамогі да помніка загінуўшым воінам усклалі кветкі і вянкі. Далей святочная калона ў складзе кіраўніцтва раёна, паважаных ветэранаў сельгасвытворчасці, сённяшніх рупліўцаў-аграрыяў накіравалася ў гарадскі Дом культуры, дзе і прадоўжылася мерапрыемства-ўшанаванне галоўных герояў – хлебаробаў і жывёлаводаў,  механізатараў і завадчан.

У фае ГДК і актавай зале было шматлюдна і ўрачыста. Вабілі вока разнастайныя выставы сельгаспрадукцыі, народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. З задавальненнем госці каштавалі прадукцыю СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”, ПУП “Ляхавіцкі кааппрам”, райпо, прадукцыю ўласнай вытворчасці прапанавала і ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. Святочнаму настрою садзейнічала і музычнае суправаджэнне.

“Мы ўдзячны вам за працу!”, – такія словы неаднойчы гучалі падчас свята. Прыняўшы па добрай традыцыі каравай з  новага ўраджаю, старшыня райвыканкама  Дзмітрый Бурдук з гонарам адзначыў, што чарговы раз працаўнікі сальгасвытворчасці раёна прадэманстравалі высокае прафесійнае майстэрства, волю, мужнасць і дасягнулі значных паказчыкаў у раслінаводстве, жывёлагадоўлі і перапрацоўчай галіне: “Нялёгкім было сёлетняе жніво, але хлебны каравай атрымаўся на славу. Палі і фермы даюць добрую прадукцыю, якасцю радуюць перапрацоўшчыкі. Усё стала магчымым, дзякуючы самаадданай працы ўсіх спецыя-лістаў аграпрамысловага комплексу раёна”.

Апладысментамі віталі прысутныя пераможцаў рэспубліканскага і абласнога спаборніцтваў. Прыемна было пачуць, што Ляхавіцкі раён заняў у вобласці І-е месца па вырошчванні цукровых буракоў і трэція      месцы па вытворчасці алейнага насення рапсу і рэалізацыі мяса.

Кожны з кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці АПК раёна атрымаў дух-мяны каравай – сімвал жыцця і працвітання.

На сцэну запрашаліся лепшыя з лепшых працаўнікоў раёна. Прозвішчы перадавікоў ва ўсіх на слыху. Ім, чыімі рукамі апрацоўваецца зямля, вырошчваецца хлеб, атрымліваюцца высокія надоі і прывагі, –  граматы і падзячныя пісьмы райвыканкама ўручыў Дзмітрый Бурдук.

Словы асаблівай удзячнасці сказаны ў адрас ветэранаў сельгасвытворчасці, людзей, якія закладвалі фундамент для роск-віту сельгаспрадпрыемстваў, кіраўнікам з багатым жыццёвым вопытам.

Пад заслужаныя апладысменты і шчырыя словы ўдзячнасці за добрасумленную працу на сцэну паднімаліся пераможцы раённых спаборніцтваў:  экіпажы зернеўборачных камбайнаў з СВК “Жарабковічы” ў складзе Канстанціна і Андрэя Дзянішчыкаў і ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” у складзе Сяргея Параскевіча і Віталія Янушке-віча,  маладзёжныя экіпажы СВК “Жарабковічы” (Віталій Кульбіцкі і Іван Касмін), СВК “Тальмінавічы” (Рыгор Канцэлярчык і Аляксандр Гаўрык). На ўборцы кукурузы вызначыўся экіпаж Алега Матвіенкі і Сяргея Новіка з СВК “Жарабковічы”. Віталі  ўдзельнікі свята і лепшых вадзіцеляў на адвозцы зерня – Дзмітрыя Анціпенку з СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” і Валерыя Вайцешыка з ЗАТ “Белпрампрыбор”,  маладога вадзіцеля Вадзіма Таранду з СВК “Жарабковічы”. Раённымі пераможцамі сярод машыністаў зернетакоў сёлета сталі  Мікалай Правалаў, Віктар Вардугін, Васілій Суднік з СВК “Шлях новы”. Сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў роўных не было  Аляксею Станчыку з  СВК “Шлях новы” і Валерыю Занько з СВК “Дарава”. На выдатна спрацавалі вадзіцелі на нарыхтоўцы кармоў Анатолій Тумаш з СВК “Шлях новы” і Аляксей Кулак з ЗАТ ”Белпрампрыбор”. Першая раённая прэмія сярод камбайнераў ільноўборачных камбайнаў – у машыніста-трактарыста ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” Уладзіміра Маслоўскага, сярод экіпажаў буракаўборачных камбайнаў – у звяна СВК “Жарабковічы” ў складзе Дзмітрыя Блашэнкі, Сяргея Салагуба, Сяргея Панічава і Віталія Кульбіцкага.

Лепшыя вынікі на ўборцы зерневых і зернебабовых, на нарыхтоўцы кармоў,  вытворчасці цукровых буракоў – у СВК “Шлях новы” (старшыня Аляксандр Вашчук). Дарэчы, гаспадарка прызнана пераможцаў па нарыхтоўцы кармоў, па вытворчасці і продажы мяса. 1-я прэмія па другой групе гаспадарак  за ўборку зерневых і зернебабовых у ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” (дырэктар Рамуальд Сладзінскі). У льнаводстве лепшых паказчыкаў дабілася Ляхавіцкая льнонасенстанцыя КУП “Брэстільнонасенне” (дырэктар Аляксей Раманаў). Па-ранейшаму флагманам у вытворчасці бульбы з’яўляецца СВК “Ляхавіцкі” (старшыня Аляксандр Вітко).  Гэтая гаспадарка таксама стала лепшай па вытворчасці і продажу малака і вытворчасці мяса.  СВК “Жарабковічы” (старшыня Віталій Бусько) стаў пераможцам у намінацыі за найбольшае прыцягненне інвестыцый за кошт уласных сродкаў і банкаўскіх крэдытных рэсурсаў у вы-творчую сферу ў пераразліку на адзін бала-гектар сельгасугоддзяў. За дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі пераможцам сярод сялянскіх фермерскіх гаспадарак прызнана ф/г “Даманскае” (кіраўнік Іван Шклянік).

Сярод паляводчых  брыгад І прэмію атрымаў вытворчы ўчастак “Сваятычы” СВК “Жарабковічы” (начальнік Анатолій Куніцкі), па вытворчасці і продажу малака – МТФ “Рачканы” (загадчык Анатолій Слаута) СВК “Ляхавіцкі”. Па вытворчасці мяса  пераможца – комплекс па адкорме буйной рагатай жывёлы  СВК “Жарабковічы” (загадчыца Алена Навалачка). Першае месца сярод аператараў па адкорме буйной рагатай жывёлы ў Зоі Шклянік з СВК “Ляхавіцкі”, а Віктар Маслінскі з гэтай жа гаспадаркі першынстваваў сярод аператараў па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы. Бясспрэчным пераможцам і ўладальнікам  І прэміі  сярод аператараў па вырошчванні і адкорме свіней стаў Аляксей Праснякоў з ЗТАА “БелДан”. Пераможцамі сярод аператараў машыннага даення па групе гаспадарак з надоем звыш 6000 кілаграмаў ад кожнай каровы стала Таццяна Радом-ская з СВК “Ляхавіцкі”, па групе гаспадарак з надоем ад 5001 да 6000 кілаграмаў – лідар Іна Тумаш з СВК “Шлях новы”, па групе гаспадарак з надоем 4001-5000 кілаграмаў – Наталля Ліхута з ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Дзмітрый Бурдук уручыў уладальнікам першых месцаў грашовыя прэміі.

Цёплыя прывітальныя словы былі сказаны ў адрас герояў свята старшынёй раённага Савета дэпутатаў Яўгеніем Юрлевічам, які таксама ўручаў  граматы і па-дзячныя пісьмы райсавета, іншыя заслужаныя ўзнагароды, у тым ліку і ўладальнікам ІІ-й прэміі па выніках раённых спаборніцтваў.

Пра сёлетнія здабыткі  гаварыў намеснік старшыні райвыканкама  Мікалай Варажун. Кіраўнік райсельгасхарчу віншаваў з узнагародамі ўладальнікаў ІІІ-й прэміі, а таксама пераможцаў раённага конкурсу “Лепшы па прафесіі”. Узнагароды ад абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК уручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вайцешык. Сярод узнагароджаных – і дырэктар Ляхавіцкага дзяржаўнага  аграрнага каледжа Вячаслаў Сельмановіч, які атрымаў грамату рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

Сваіх герояў знайшлі і спецыяльныя прэміі ад СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, іх уладальнікамі сталі старшыні гаспадарак, галоўныя спецыялісты, якія ўнеслі значны ўклад у вытворчасць малака і павелічэнне надояў. Падведзены і вынікі года па перапрацоўцы мяса. Лепшыя пастаўшчыкі  на ААТ  “Бярозаўскі мясакансервавы камбінат” таксама атрымалі пашану па працы.

Спецыяльнага прыза раённай газеты “Ляхавіцкі веснік”, які стаў ужо добрай традыцыяй, удастоена мнагадзетная маці, добрасумленная працаўніца – аператар машыннага даення СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”  Таццяна  Сокал. Таццяна Міхайлаўна стала ўладальніцай не толькі спецпрыза раёнкі, але і першай падпісчыцай “Ляхавіцкага весніка” на І квартал 2012 года. Падарункі жанчыне-гераіні ўручыла галоўны рэдактар газеты Вольга Барадзіна.

Не засталіся без узнагарод і лепшыя школьныя брыгады на ўборцы бульбы.

Апладысментамі сустракалі пераможцу раённага конкурсу “Лепшы сялянскі падворак” –  маладую сям’ю  Сяргея і Аксаны Каляда. Як і штогод, абралі пераможцу традыцыйнага конкурсу караваяў. Сёлета лепшымі хлебапёкамі прызнаны майстры кулінарнай справы з СВК “Ляхавіцкі”.

Якое ж свята без песень, музыкі і танцаў.  Сваю творчасць шаноўным працаўнікам сельскай гаспадаркі дарылі лепшыя мастацкія калектывы Ляхавіччыны.

Адгучалі апошнія акорды святочных мерапрыемстваў, а працоўныя будні працягваюцца.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *