«Нездавальняюча» для дзіцячай пляцоўкі

Сёлетні красавік паспеў парадаваць амаль летнім надвор’ем. На дзіцячых пляцоўках у дварах шматкватэрнікаў, у парках і скверах стала асабліва шумна. У якім стане гэтыя запатрабаваныя аб’екты прымаюць маленькіх наведвальнікаў – тэма чарговага сумеснага рэйду райЦГіЭ і «Ляхавіцкага весніка».

Па даных санслужбы, у нашым раёне больш за паўтары сотні дзіцячых пляцовак. Частка з іх ужо сёлета трапляла ў поле зроку рэйдавых груп. Сітуацыя так і засталася нявыпраўленай: смецце, беспарадак, лаўкі ўсё яшчэ паламаныя, пакрыццё пляцовак пашкоджанае, фарба на арэлях, турніках аблезла, ды і паломак абсталявання хапае. Размова ідзе пра аб’екты ў дварах дамоў № 21а па вуліцы Чкалава, № 35 і № 37 па Інтэрнацыянальнай, № 6, № 6а, № 8 па Южакова.


Дабавіліся і новыя адрасы безгаспадарчасці. У двары некалькіх дамоў па вуліцы Інтэрнацыянальнай адзіная дзіцячая пляцоўка. Абсталяванне на ёй у рабочым стане, але такое зношанае, што нават шкада дзяцей, якія прыходзяць сюды адпачыць. Здавалася б, нічога цяжкага няма ў тым, каб пафарбаваць у яркія колеры, прыбраць навокал – будзе зусім іншы настрой. І не варта забываць пра бяспеку. На пляцоўцы ў дварах дамоў № 25 і № 29 па Інтэрнацыянальнай на адной з паламаных лавак тырчаць цвікі – вельмі небяспечна.
Іржавая горка – адзінае, што засталося ад дзіцячай пляцоўкі ў двары дома № 18 па вуліцы Арлоўскага. А побач дзеці самі выкапалі яму-пясочніцу.
Амаль у кожным двары шмат-кватэрнікаў па вуліцы Леніна ўладкаваны дзіцячыя пляцоўкі. Абсталяванне на іх – па мінімуму (пясочніца, горка, арэлі). Трэба аддаць належнае камунгасу, смецце вывозіцца, тэрыторыя прыбіраецца. А вось змрочны выгляд абсталявання настройвае толькі на мінорны лад.
Ёсць і зусім іншыя прыклады. Размова пра дзіцячую пляцоўку па адрасе Чкалава, 12. Тут акуратна, бліскучыя горкі вабяць дзяцей, пясочніца запоўнена пяском. Відаць, што парадак падтрымліваецца не раз ад разу, а пастаянна.
Прыемныя ўражанні засталіся ад пляцоўкі каля дзіцячага садка № 2.
Як, дарэчы, і ад агароджанай дзіцячай пляцоўкі каля дома № 56
па вуліцы Леніна. Праўда, тут ёсць адзін мінус – параскідана смецце.
Маніторынг закрануў і парк па вуліцы Дзесюкевіча. Калі абагульніць, то мясцовыя дзіцячыя пляцоўкі заслугоўваюць адзнаку добра па пяцібальнай сістэме. Чаму не выдатна? Яшчэ з мінулага лета засталіся дзіркі ў пластыкавых тунэлях некаторых горак, дзе-нідзе рамонту патрабуюць лавачкі. Астатняе – у дастойным выглядзе.
– Абсталяванне неабходна падфарбаваць, адрамантаваць, пясочніцы запоўніць пяском, а па некаторых адрасах і павырываць пустазелле. Акрамя таго, так і не праведзена работа над памылкамі на тых пляцоўках, дзе раней выяўляліся праблемы, пры тым, што камунгасу, на чыім балансе знаходзіцца каля паўсотні пляцовак, прадпісанні ўжо выдаваліся. Калі абагульніць, то да летняга перыяду дзіцячыя пляцоўкі пакуль не гатовыя, – рэзюмуе памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Данута Багдановіч.
Месячнік па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі – выдатная нагода сітуацыю выправіць. І справа гэта не толькі камунгаса.

Галіна КАНЬКО.