Накарміць работніка – справа сур’ёзная. У Ляхавіцкім раёне праведзены сумесны рэйд прафсаюзаў і райЦГіЭ. Да вывучэння сітуацыі далучыўся і «ЛВ»

Вясна – адказны час для аграрыяў: што пасееш, тое і пажнеш. Таму важна, каб нішто не замінала працаўнікам сельскай гаспадаркі займацца веснавымі палявымі клопатамі. Адно з надзённых пытанняў – арганізацыя харчавання на сяўбе. З мэтай ацэнкі санітарнага стану сталовых на перыяд правядзення масавых сельгасработ быў праведзены сумесны рэйд прафсаюзаў і райЦГіЭ. Да вывучэння сітуацыі далучыўся і «ЛВ».

Старшыня раённага аб’яд-нання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура, памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Юрый Лімант пацікавіліся, як наладжана харчаванне ў сталовых, што знаходзяцца на балансе сельгаспрадпрыемстваў. У полі зроку – аб’екты грамадскага харчавання ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», «Шлях новы», «Жарабковічы».


– Асноўная мэта – на месцы азнаёміцца з тым, як забяс-печваюцца гарачымі абедамі і падвячоркамі ўдзельнікі палявых работ. Кантроль за ўмовамі працы работнікаў, стварэннем наймальнікамі належных умоў для захавання, умацавання здароўя сельгаспрацаўнікоў – адна з задач прафсаюзаў. Штогадова праводзім такога кшталту маніторынгі, кантралюем, каб своечасова выпраўляліся недапрацоўкі, а праведзеная работа над памылкамі была якаснай – у Год якасці гэта асабліва актуальна, – гаворыць Тамара Пракап’юк.
Памочнік урача-гігіеніста Юрый Лімант расказвае, што ўвага звяртаецца на якасць прадуктаў і гатовых страў, умовы харчавання, наяў-насць посуду і абсталявання,
своечасовасць дастаўкі страў у поле, аснашчанасць сродкамі гігіены і мыйнымі сродкамі. Тэхніка, што перавозіць абеды, павінна быць спецыяльна прыстасавана.
– Кожная сельгасарганіза-цыя Ляхавіччыны клапоціцца пра тое, каб работнікі былі накормлены падчас сяўбы, нарыхтоўкі кармоў, жніва і г. д.
Так, работнікі СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Нача», ільно-насенстанцыі, дзе няма сваіх сталовых, атрымлі-ваюць абеды са сталовай у «Жарабковічах». А вось у СУП «Белазем’е» і «Ліпнянка» гарачае харчаванне не арганізавана: у поле адпраўляецца сухі паёк, – адзначае прафсаюзны лідар аграрыяў Ірына Чура.
Палова дзявятай гадзіны раніцы. Горача ў прамым і пераносным сэнсе ў сталовай ЗАТ «Белпрампрыбор» у Галаўнінцах. Загадчыца Леакадзія Кляцкова і повар Людміла Страмавус вараць-смажаць абеды для тутэйшых работнікаў палявога стану. У абедзенным меню – суп з капусты, каша з грэцкіх круп, каўбаса смажаная, кампот, хлеб. Паралельна складваецца і сухі паёк для падвячорка: каўбаса, свежы агурок, хлеб. Звычайна, па словах повараў, гатуюць каля 30 абедаў.
– Пытанняў з боку сані-тарнай службы цяпер няма. У мінулым годзе падчас выбарачнай праверкі ў мясцовай сталовай быў выяўлены шэраг парушэнняў. Прадпісанне аб іх ухіленні накіравана кіраўніцтву «Белпрампрыбора». Быў зроб-лены неабходны рамонт, заменена штучнае асвятленне. З астатнім усё ў парадку, – гаворыць Юрый Лімант.
Утульна, чыста, акуратна ў сталовай ільнозавода. Да чаго ж апетытны водар плову, што гатуецца на пліце. Тут гаспадарыць Алена Маслоўская, а дапамагае ёй Ірына Сахон. З абсталяваннем, посудам, ёмістасцямі для перавозкі ежы, як і з прадуктамі, наяўнасцю дакументацыі, усё добра. У сярэднім тут гатуюцца абеды прыблізна для 40 работнікаў. Магчыма, было б мэтазгодна і на карысць не толькі для льнозавадчан, але і тых, хто прыязджае за прадукцыяй прадпрыемства, каб сталовая працавала на пастаяннай аснове, а не толькі на перыяд адказных сельгас-кампаній, адзначыла Ірына Чура.
У сталовай ААТ «Шлях новы» гатаваўся абед для 56 працаўнікоў гаспадаркі. Як расказала ідэолаг сельгаспрадпрыемства Таццяна Гатоўчыц, чакаецца абнаўленне: плануецца замяніць сталы, крэслы, абнавіць спецадзенне работнікаў сталовай, а таксама набыць ручнікі для наведвальнікаў.
Юрый Лімант падкрэсліў, што неабходна правесці рамонтныя работы на першым паверсе будынка, дзе знаходзіцца мясны цэх і складскія памяшканні, тым больш, што пытанне знаходзіцца на кантролі Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. А парушэнні, што мелі месца падчас мінулагодняга маніторынгу, ухілены.
Адназначны рэкардсмен па харчаванні сельгаспрацаўнікоў –
сталовая ААТ «Жарабковічы», якая знаходзіцца ў Канюхах. Загадчыца сталовай Ірына Грамак расказвае, што цяпер тут гатуюць у сярэднім каля 350 абедаў у дзень, прычым 260 з іх для работнікаў «Жарабковічаў».
– Зразумела, у гэтай сталовай істотна большы набор прадуктаў для прыгатавання страў, патрабуецца больш абсталявання, посуду. Але з гэтым усё ў парадку. Магчыма, давядзецца абнаўляць халадзільнае абсталяванне – гэта задача на перспектыву, – рэзюмуе Юрый Лімант.
Маніторынг харчавання ўдзельнікаў сельгаскампаній будзе працягвацца.
Галіна КАНЬКО.