Новая жывёлагадоўля. Вытворчасць малака ў сельскагаспадарчых арганізацыях Ляхавіччыны павялічылася больш як на 18 працэнтаў

За першыя тры месяцы года вытворчасць малака ў сельскагаспадарчых арганізацыях Ляхавіччыны павялічылася больш як на 18 працэнтаў. І гэта самы высокі тэмп росту сярод раёнаў вобласці.

Як расказаў sb.by старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Шчуплянкоў, у студзені – сакавіку 2024 года валавая вытворчасць малака на Брэстчыне перавысіла 573,4 тыся-чы тон з ростам на 9,9 працэнта да аналагічнага мінулагодняга перыяду. Было адзначана, што прыбавілі ўсе раёны. Больш за астатнія – Ляхавіцкі, Лунінецкі і Камянецкі, у якіх гэты паказчык вырас на 18,1, 15 і 12,9 працэнта адпаведна.
За тры месяцы года ў нашым раёне было атрымана 17 072,3 тоны малака. Можна сказаць, што прыкладна 33-я частка абласнога малочнага валу з’яўляецца прадукцыяй ляхавіцкіх фермаў і жывёлагадоўчых комплексаў. Найбольш «валавой» нашай гаспадаркай застаецца ААТ «Жарабковічы». Меншую, але важную і значную вагу ў раённай малочнай жывёлагадоўлі зай-маюць ААТ «Шлях новы», СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор». Усё больш дынамічнымі тэмпамі заяўляе аб сабе СУП «Ліпнянка», якая па выніках сакавіка паднялася над сваім мінулагоднім паказчыкам надояў у 5,8 раза.
За квартал малочны вал «Шляху новага» павялічыўся амаль на 18 працэнтаў, «Жарабковіч» – прыкладна на 14, «Белпрампрыбора» і «Ляхавіцкага»– на 12,4 і 10,9 адпаведна.
Па выніках работы ў студзені вытворчасць малака ў раёне склала некалькі больш за 5 676 тон. Пры гэтам дынаміка ў параўнанні з папярэднім годам выражалася лічбай 113,9 працэнта. Вытворчыя вынікі двух першых месяцаў пайшлі яшчэ далей – 11 125 тон пры тэмпе росту 117,5 працэнта. У сакавіку, як ужо адзначалася, дынаміка росту не толькі захавалася, але і паскорылася.
Адносны раённы поспех грунтуецца на паляпшэнні адпаведных паказчыкаў асобных сельгасарганізацый раёна. Большасць з іх – і «Жарабковічы», і «Шлях новы», і «Ляхавіцкі», і «Ліпнянка» з «Белпрампрыборам» як пачыналі год з павелічэння валавых паказчыкаў сваіх надояў, так і захавалі гэтую дынаміку ў лютым і сакавіку.
Параўнальную імклівасць наша жывёлагадоўля прадэманстравала ў, па сутнасці, зімовы квартал года. Розніца з вясновым часам усё ж ёсць, нагле-дзячы на тое, што сучасныя тэхналогіі ўтрымання і догляду, кармлення жывёлы і яе даення пакідаюць мала месца для разважанняў адносна неаднолькавасці паказчыкаў прадукцыйнасці ў розныя перыяды года. Тым больш, што для многіх малочных статкаў буйной рагатай жывёлы раёна практыкуецца круглагадовае стойлавае ўтрыманне ці вельмі блізкі да таго фармат, калі ў летні перыяд каровы пакідаюць свае стойлы на зусім непрацяглы час.
Верагодныя асноўныя прычыны дасягнення раёнам па выніках квартала амаль 20-працэнтнай прыбаўкі валавых надояў бачыцца ў тым, што запушчаны ў свой час курс на, назавём так, новую жывёлагадоўлю спрацаваў на вынік. Пакуль, магчыма і хутчэй за ўсё, не ў поўнай меры, часткова. Што, безумоўна, яшчэ і лепш, паколькі дае падставу і абгрунтаваную надзею на далейшае паляпшэнне сітуацыі з малакавытворчасцю ў сельскагаспадарчых арганізацыях Ляхавіцкага раёна.
Што маецца на ўвазе пад словамі «новая жывёлагадоўля»? У першую чаргу, варта ўзгадаць пра будаўніцтва новых і рэканструкцыю старых жывёлагадоўчых памяшканняў. Мінулы год быў у гэтым плане калі не самым ураджайным, то вельмі выніковым. Новыя, у адпаведнасці з усімі сучаснымі патрабаваннямі жывёлагадоўчыя комплексы адкрыліся ў СУП «Ліпнянка», ААТ «Шлях новы», ААТ «Жарабковічы». Некалькі раней быў СВК «Ляхавіцкі» і іншыя гаспадаркі.
Але ж новая жывёлагадоўля – гэта не толькі МТФ, але і належныя падыходы ў вытворчасці ўласных кармоў, іх якасці. Але аснова – гэта людзі. Ад стаўлення жывёлаводаў да сваёй справы залежыць усё і нават больш.
Іван КАВАЛЕНКА.