Сімвалічнае свята. Ляхавічане адзначылі Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь

У другую нядзелю мая беларусы адзначаюць Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь.

Галоўныя сімвалы краіны аб’ядноўваюць нас у самыя важныя моманты ў жыцці Айчыны – ад нацыянальных святаў да спартыўных перамог. Яны заўсёды даюць магчымасць адчуць і зразумець, што Беларусь – гэта мы разам.

Па традыцыі ў гэты святочны дзень прадстаўнікі органаў улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый сабраліся на плошчы Леніна ў Ляхавічах на ўрачыстую цырымонію “Мы – беларусы”. Са словамі віншаванняў да землякоў звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч.

Ганаровага права ўзняць Дзяржаўны флаг былі ўдастоены Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь старшыня СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко і сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы па самба навучэнка Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Алеся Барысевіч (на здымку злева).

24 кастрычніка мінулага года рашэннем Геральдычнага савета пры Прэзідэнце краіны быў зацверджаны флаг горада Ляхавічы. Сёлета сімвал нашага горада даверылі ўзняць лепшаму прадпрымальніку Брэсцкай вобласці мінулага года, дырэктару ПСУП “Аўтацэнтр “Вікторыя” Віктару Шчуку, Герою Сацыялістычнай Працы старшыні раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы Генрыху Траццяку і пераможцу рэспубліканскага конкурсу навукова-практычнай дзейнасці гімназісту Дзмітрыю Ракашэвічу.

Песнямі і танцамі ў гэты дзень віталі землякоў самадзейныя артысты.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *