Свята кветак і песень

Прасторнае фае Дома культуры запоўнілі ветэраны і моладзь, працаўнікі палёў і фермаў, школьнікі. Усё вакол патанала ў кветках, лілася вясёлая музыка. Абаяльныя гаспадыні свята Кацярына Буйкевіч і Любоў Соц з вялікім імпэтам на роднай беларускай мове вялі праграму, а самадзейныя артысты хораша спявалі, танчылі, радавалі сваіх гасцей.

Урачыста ўшаноўвалі самых паважаных людзей – ветэранаў вайны і працы Аляксандра Сцяпанавіча Курловіча, які гэтымі днямі адзначыў 90-годдзе, і Дзмітрыя Карпавіча Буйкевіча. Прымалі віншаванні Зінаіда Іосіфаўна Дабрыян з нагоды юбілею, шматдзетная маладая маці Ірына Русакевіч, узнагароджаная нядаўна ордэнам Маці, гаспадыня лепшага падворка Марыя Матчэня, самыя актыўныя чытацкія сем’і Леаніда Буйкевіча і Мікалая Стасевіча, самы маленькі жыхар Свяціцы Мікіта Русакевіч, медыкі і прадаўцы, паштавікі і настаўнікі, бібліятэкары і сацыяльныя работнікі, механізатары, жывёлаводы, паляводы, работнікі сельвыканкама. Ім адрасавалі шчырыя словы падзякі, для іх гучалі самыя звонкія і прыгожыя песні, ім дарылі яркія асеннія  кветкі і сувеніры.

Сюрпрызам для аднавяскоўцаў стала рознакаляровая кампазіцыя з кветак, якую цудоўна аформіла маладая свяцічанка Вольга Ляўша. Кветкі расцвілі і на шматлікіх вышыванках, што ўпрыгожылі сцены і сталы фае ДК. Знатныя майстрыхі Лідзія Курловіч, Марыя і Іна Макатрэвіч, Валянціна Буйкевіч, Валянціна Параскевіч сваімі работамі захапілі ўсіх прысутных.

А яшчэ на свяце былі яркія адметныя моманты. Напрыклад, вельмі эмацыянальнае выступленне Лідзіі Фёдаравай – дачкі Аляксандра Сцяпанавіча Курловіча. Яна даўно жыве ў Падмаскоўі, але не забывае радзіму, гаворыць на роднай мове, любіць усё беларускае, сваю вёску, сваіх землякоў і, канешне, бацькоў. Лідзію Аляксандраўну шчыра вітала ўся зала. А як прыгожа віншавалі маладую пару Кацярыну і Аляксандра Міхальчэняў і сярэбраных сужанцаў Людмілу і Васілія Цымбалюкоў. Кветкі, шчырыя словы, песні, шампанскае, воклічы “горка!” і, канешне, традыцыйны вальс суправаджалі гэтае дзейства.

Падтрымлівалі вясёлы настрой ва ўдзельнікаў свята Кацярына Буйкевіч, Маргарыта Абабурка, Мікалай Буйкевіч, Ірына Сокал, Вольга Буйкевіч, Наталля Бурак, Таццяна Курловіч, вакальны ансамбль Дома культуры. Прыемна, што ва ўсім гэтым          удзельнічала і старшыня сельвыканкама Святлана Юрасёва.

Крыху шчымлівая сумная нотка прагучала на свяце толькі аднойчы, калі ўспаміналі тых, каго ўжо няма сярод жывых, калі ў памяць пра выдатнага мастака і прыгожага добрага чалавека Анатолія Сяргеевіча Маісеенкі была аб’яўлена хвіліна маўчання і калі Мікалай Сокал пранікнёна выканаў песню-рэквіем.

Свята закончылася выбраннем ”Чалавека года-2011”. Я вельмі ўдзячна жыхарам Свяціцы за тое, што яны аддалі гэты пачэсны тытул мне. Ад імя ўсіх прысутных хочацца падзякаваць і арганізатараў свята, сказаць добрыя словы ў адрас Свяціцкага СДК, сельвыканкама і асабліва бібліятэкара Кацярыны Буйкевіч – вельмі клапатлівага і ініцыятыўнага чалавека.

Свята прайшло, але яно засталося ў сэрцах усіх, хто любіць сваю вёску, яе мінулае, хто робіць лепшым і святлейшым яе сённяшні дзень і клапоціцца пра будучыню, хто верыць у адраджэнне сваёй малой радзімы.

Вера ДЫДЫШКА
в. Свяціца

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *