Ішоў цягнік на фронт… Жыхар вёскі Ганчары Ляхавіцкага раёна, ветэран вайны Уладзімір Пракапенка адзначыў 90-годдзе.

З нагоды юбілею за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі ветэран педагагічнай працы Уладзімір Пракапенка ўзнагароджаны Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта.

Уразілі адносіны Уладзіміра Васільевіча да свайго ўзросту. Літаральна днямі яму споўнілася 90 гадоў, а ён энергічны, любіць жартаваць, сам ходзіць у магазін, што ў вёсцы Ганчары, ці нават трапляе іншы раз у Мядзведзічы. Дзевяць дзесяцігоддзяў пражыў? Ды яны проста праляцелі, падарыўшы яму шмат цудоўных імгненняў. Праўда, хапала і болю, роспачы, жахаў, крыўды і адчаю. Усё апошняе – ад яе, праклятай, ад вайны…

21 чэрвеня 1941 года Валодзя Пракапенка здаў апошні экзамен за дзявяты клас і быў пераведзены ў наступны. З сябрамі будавалі планы летняга адпачынку. А заўтра была вайна…

За Унечынскі чыгуначны вузел (тады Арлоўская вобласць, цяпер – Бранская) быў жорсткі бой, вёска аказалася між двух агнёў, а пасля, яшчэ не да канца расстраляную, яе занялі акупанты. Жыццё пад прыцэлам на працягу двух гадоў было складаным не толькі для дарослых, але і для падлеткаў, чые гарачыя сэрцы рваліся ў бой. Толькі пасля пераможнай бітвы на Курскай дузе быў вызвалены і іх населены пункт, а 27 верасня 1943 года пачалася мабілізацыя мясцовага насельніцтва ў армію.

На зборны пункт прыбылі 35 чалавек, пераважна моладзь. Сям’я Пракапенкаў адправіла ў войска двух байцоў: бацька Васілій Захаравіч трапіў у Арол, абслугоўваў аэрадром, дзевятнаццацігадовы сын Уладзімір пасля кароткай ваеннай падрыхтоўкі стаў кулямётчыкам 101 стралковага палка 4 стралковай Бежыцкай дывізіі, што вяла баі пад Гомелем. Першы бой, у якім прымаў удзел навабранец Пракапенка, – фарсіраванне ракі Сож. Вось ужо і другі бераг, з якога выбіты фашысты. І раненне: куля трапіла ў нагу, прайшла навылёт. Пасля перавязкі зноў пайшоў у бой. Асколак зачапіў спіну. Сяк-так перавязаўшы сябе, прыслухаўся: рухі асаблівага болю не прычыняюць, значыць, можна весці агонь. Трэцяе раненне, якое прыйшлося ў левую руку, аказалася сур’ёзным. Паўтара месяца лячыўся ў Тульскім шпіталі, пасля стаў асвойваць 22-кілаграмовае супрацьтанкавае ружжо, спасцігаў сапёрскую справу. Уладзімір Пракапенка рыхтаваўся ў штурмавую брыгаду 447 асобнага моташтурмавога інжынерна-сапёрнага Ропшанскага Чырванасцяжнага батальёна – рэзерв Галоўнага камандавання. А гэта азначала, што можаш аказацца ў любы час у любой кропцы фронту.

Уладзімір Пракапенка (справа) з франтавым сябрам, 1945год. Фота з архіва ветэрана.

Калі прасачыць баявы шлях салдата Пракапенкі, атрымаецца даволі складаная геаграфія.

Пасылалі на Карэльскі фронт ваяваць з фінамі, якія дайшлі да рэчкі Свір, што ўпадае ў Ладажскае возера. Задача – фарсіраваць водную перашкоду і выбіць праціўніка. Штурмавы батальён, у якім ваяваў Уладзімір Пракапенка, пачынаў аперацыю.

Толькі ў час кароткага зацішша перад боем нарэшце дастаў з кармана гімнасцёркі салдацкі трохкутнік, атрыманы ад бацькоў. Якое шчасце было даведацца, што бацька, маці і сястра жывыя і здаровыя, пераехалі ў толькі што вызваленую Беларусь настаўнічаць. І адрас: вёска Гашчын, станцыя Новыя Буды. Сагравала думка, што яго па новым адрасе чакаюць дарагія людзі, значыць, трэба абавязкова жыць. Зірнуў на рэчку, фарсіраванне якой пачнецца з мінуты на мінуту, прыкінуў “на вока”: метраў 800, не менш, давядзецца пераадолець пад кулямі і снарадамі… Сем батальёнаў пайшлі ў атаку, а іх штурмавы — першы. Пасля таго бою гэтыя саюзнікі фашыстаў выйшлі з вайны.

І зноў іх батальён пагрузіўся на цягнік. Горад Мурманск, станцыя Кола. Чарговая ваенная аперацыя па вызваленні важнага стратэгічнага аб’екта была праведзена паспяхова, закончылася ў нарвежскім горадзе Кіркінэс. Як успамінае ветэран, давялося нялёгка. У гэты час на Поўначы якраз наступіла палярная ноч. Пастаянны змрок стамляў, здавалася, што сонца больш ніколі не пакажацца на гарызонце…

Да красавіка 1945 года батальён, дзе служыў салдат Пракапенка, панёс адчувальныя страты і быў адпраўлены ў Яраслаўскую вобласць для папаўнення. Знаёміліся з байцамі, шукалі землякоў. Да Уладзіміра падышоў хлопец, разгаварыліся, салдат Бацкалевіч аказаўся родам са Шчэпіч Клецкага раёна, добра ведаў мясціны, дзе пасяліліся бацькі Уладзіміра. “Новыя” землякі сталі франтавымі сябрамі і ў далейшым стараліся падтрымліваць адзін аднаго ў любой сітуацыі.

Наогул, Уладзіміру шанцавала на добрых людзей. Можа таму, што быў ён яшчэ вельмі малады, многія саслужыўцы больш сталага ўзросту клапаціліся, засцерагалі, вучылі. Франтавым бацькам называў Уладзімір вопытнага байца і надзвычай добрага чалавека Ізосімава, які гатовы быў за яго, як за сына свайго, “у агонь і ваду”, вучыў быць мужным, смелым і спагадлівым. Урокі франтавога брацтва Уладзімір Пракапенка пранёс праз усё сваё жыццё.

…Цягнік ішоў на Далёкі Усход. Даехалі да Новасібірска, дзе і дагнала радасная вестка – Перамога!

Многа і падрабязна расказвае франтавік пра свой баявы шлях, паказвае ўзнагароды, падзякі — трымаецца вельмі спакойна. А калі стаў успамінаць імгненні Перамогі, слёз стрымаць не змог… Тады здавалася, што наступіў час дэмабілізацыі і хутка дамоў. Але, як аказалася, для многіх вайна не закончылася: штурмавая брыгада атрымала новае заданне – наспявала вайна з Японіяй.

Загад “па вагонах!”, і зноў за акном бяскрайнія прасторы, гарады і вёскі. Праехалі Іркуцк, возера Байкал, Чыту, Улан-Удэ, перасяклі раку Амур. Паміж Хабараўскам і Уладзівастокам ёсць невялікі гарадок Лесазаводск – станцыя прыбыцця. Іменна тут дыслакаваліся сілы 1-га Далёкаўсходняга фронту. Пачаліся работы па ўмацаванні мяжы. 9 жніўня японцы пайшлі ў наступленне, але хутка квантунская армія капітулявала.

Нарэшце, мір наступіў і для байцоў штурмавога батальёна. Але думкам пра дарогу дамоў пакуль яшчэ не суджана было збыцца: з маладых салдат стварылі ваенна-будаўнічы атрад і накіравалі на ўзвядзенне высакавольтнай лініі ў горадзе Усурыйску, працавалі і на будаўніцтве гідраэлектрастанцыі. Толькі ў 1947 годзе чырвонаармеец Пракапенка дэмабілізаваўся.

Новае месца жыхарства прыйшлося па душы. Бацькі адправілі Уладзіміра давучвацца ў школу ў 10 клас. Атрымаў атэстат, паступіў у Белдзяржуніверсітэт на матэматычны факультэт. Не хапала сродкаў вучыцца на стацыянары, перавёўся на завочнае аддзяленне і пайшоў працаваць настаўнікам пачатковых класаў.

З былога салдата атрымаўся выдатны педагог, якога цанілі і дарослыя, і дзеці. За гады сваёй працы (прайшоў шлях ад настаўніка пачаткоўцаў да дырэктара школы) вывеў на жыццёвы прасцяг не адну сотню юнакоў і дзяўчат. На грудзях Уладзіміра Пракапенкі побач з баявымі медалямі “За адвагу”, “За перамогу над Японіяй”, “За абарону Савецкага Запаляр’я” і іншымі ўзнагароды за ратную працу – ганаровыя знакі “Выдатнік народнай адукацыі БССР”, “Выдатнік асветы СССР”.

На жыццёвым шляху гэтага цудоўнага чалавека было нямала выпрабаванняў. Застаўся адзін, пахаваўшы любую жонку Марыю Васільеўну, якая была і сябрам, і калегай, і дарадчыцай, і клапатлівай гаспадыняй. Вельмі сумуе, але не цураецца людзей. Да Уладзіміра Васільевіча часта завітваюць суседзі, прыязджаюць пляменнікі. І ён ідзе да людзей, любіць пагаварыць, успомніць, радуецца пераменам, якія адбываюцца ў яго любімай Мядзведзіцкай школе, у вёсцы, цікавіцца палітыкай. І ў свае 90 гадоў Уладзімір Пракапенка застаецца педагогам, шчырым, інтэлігентным чалавекам.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *