Ад “Пятага этапа” да “Танца з вужакамі”
Тэма творчай сустрэчы – “Новае імя ў беларускай літаратуры”. Аўдыторыя – супрацоўнікі ўстановы. Каму, калі не ім, бібліятэкарам, ведаць пра навінкі кніжных паліц, каб расказаць пра іх чы-тачу. А ў бібліятэцы выбраць кнігу для душы ёсць з чаго.
З цікавасцю прысутныя слухалі пра творы беларускіх паэтаў і празаікаў. З чацвёртага нумара часопіса “Полымя” за 2010 год пачаў друкавацца раман “Пяты этап”, аўтар якога наш зямляк Сяргей Пясецкі (нарадзіўся ў 1901 годзе ў Ляхавічах). Гэта аўтабіяграфічны твор пра рэаліі з шпіён-скага і кантрабандысцкага жыцця на мяжы БССР і Заходняй Беларусі, якая да верасня 1939 года знаходзілася пад уладай панскай Польшчы, у 20-30-я гады ХХ стагоддзя. Спадчына Сяргея Пясецкага вяртаецца да нас пасля доўгіх гадоў забыцця і ўжо знаходзіць свайго чытача-прыхільніка.
Бліжэй прысутныя пазнаёміліся і з творчасцю народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. У 2009 годзе выдадзены зборнік яго вершаў “Ксты”, у якім аўтар разважае над пытаннямі ўзвышанага і зямнога. У фондах бібліятэкі ёсць зборнік з аўтарскім надпісам: “Чытачам Ляхавіцкай цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы з пашанай! Рыгор Барадулін”.
Уражвае вобразнасцю і арыгінальнасцю паэзія Алеся Разанава:
Залевы.
Дражняць міражы.
Гудуць вятры пры падыходзе…
Мы кожны дзень на рубяжы
Былых і будучых стагоддзяў.
(З кнігі “Танец з вужакамі”.)
Уладзімір Гаўрыловіч, Алена Брава, Уладзімір Гніламёдаў, Людміла Рублеўская, Андрэй Федарэнка… Гэта далёка не поўны пералік сучасных беларускіх аўтараў, творчасць якіх заслугоўвае ўвагі чытача.
Таццяна АРЛОЎСКАЯ,
бібліёграф Ляхавіцкай ЦРБ.