Другі год – другія. Каманда Ляхавіцкага раёна стала другой на Алімпійскіх днях моладзі Брэсцкай вобласці па лёгкай атлетыцы ў агульным заліку сярод усіх 16 рэгіёнаў Брэстчыны.

Спартыўны комплекс “Брэсцкі” – аб’ект, пра які хочацца гаварыць. Утульны, нават у пахмурныя часы глядзіцца вельмі светла: сакавітае зяленіва ці не ідэальна роўнага, травінка да травінкі, футбольнага прамавугольніка ў “аправе” глыбока-бардовага бегавога авалу. Камфортныя трыбуны, з вышыні якіх стадыён здаецца яшчэ больш прывабным. Функцыянальны: тут праходзяць усе дамашнія гульні мацнейшай футбольнай каманды вобласці, створаны ўмовы для правядзення спаборніцтваў па любой з дысцыплін лёгкай атлетыкі. Думаецца, у кожнага юнага спартсмена выступленне на такой арэне пакідае адметны след у памяці. Тым больш, калі ў цябе і тваёй каманды атрымалася вельмі многае. Як у нашых юных спартсменаў, што вярнуліся з “Брэсцкага” не з пустымі рукамі і поўныя эмоцый. Нядаўна ў спарткомплексе праходзілі Алімпійскія дні моладзі Брэсцкай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод 16-17-гадовых юнакоў і дзяўчат. На аналагічных леташніх спаборніцтвах каманда раёна стала другой у агульным заліку сярод усіх 16 рэгіёнаў Брэстчыны.

— Ці зможам утрымацца на “сваёй” пазіцыі? А можа на гэты раз атрымаецца перакаваць серабро на золата? Будзе няпроста, улічваючы, што некаторыя з лідараў той каманды – з-за ўзросту, па іншай прычыне – сёлета стартаваць не маглі. Такія і сугучныя ім перажыванні-хваляванні, — дзеліцца думкамі трэнер-выкладчык Ляхавіцкай ДЮСШ Андрэй Іванюценка.

Як і год таму, на турніры былі прадстаўлены ўсе раёны вобласці, плюс Брэст, Баранавічы, Пінск. У “гараджан” свой фармат удзельнікаў і камандны залік, але пры вызначэнні лепшых у асабістых намінацыях не было ніякага дзялення на гарады і раёны.

З нашых самым выніковым на “Брэсцкім” аказаўся Дзмітрый Равінскі. Навучэнец аблвучылішча алімпійскага рэзерву фінішаваў першым на дыстанцыях 800 і 1500 метраў. Юлія Лешык (СШ №2) перамагла ў стыпл-чэзе на 2000 метраў, а каляджанін Уладзімір Навумік стаў двойчы другім – у бегу на 400 і 800 метраў. Двойчы “бронзавым” было выступленне Дзмітрыя Бацечкі: такімі вынікамі навучэнец рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву адзначыўся ў бегу на 3000 і на 5000 метраў. Месца такой жа вартасці ў спартыўнай хадзьбе на 5000 метраў заваяваў Аляксей Буйкевіч, які працягвае спартыўнае і агульнаадукацыйнае навучанне ў абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву.

Папоўнілі агульную скарбонку заліковымі баламі і астатнія члены ляхавіцкай дружыны: вучні СШ №2 Алег Заяц і Іна Бадак у сваіх забегах фінішавалі, адпаведна, на пятым і сёмым месцы. З усяго гэтага і “склалася” другое агульнакаманднае месца. Месца над ляхавічанамі заваявалі атлеты з Кобрынскага раёна, за намі – з Брэсцкага.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з сайта http://osk.brest.by/

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *