За кожнае зярнятка


Вось і настаў самы галоўны момант для хлебароба – уборка ўраджаю. Сабраць усё, што вырасцілі, з мінімумам страт, каб праца не прапала дарам, каб радаваў і натхняў яе вынік – важкі каравай.
Як вядома, лёгкага хлеба не бывае, але сёлета на яго ўборку будзе затрачана яшчэ больш сіл і старанняў – гарачае надвор’е таму прычынай. Між іншым, работнікі сельскагаспадарчай вытворчасці настроены па-баявому, ды і дапаможныя службы таксама арганізуюць сваю работу ў напружаным рэжыме.
За пажарную бяспеку на палявым стане, на зернетаках і складах адказвае аддзел па надзвычайных сітуацыях. Як паведаміў начальнік РАНС Валерый Равінскі, у СВК “Жарабковічы”, “Востраў-Агра”, на льнозаводзе нясуць дзяжурства пажарныя машыны, якія знахо-дзяцца у поўнай гатоўнасці. У астатніх гаспадарках падрыхтаваны спецыяльна прыстасаваныя бочкі з вадой і трактары. У СВК “Ліпнянка” і “Дарава” на дзяжурства заступіла рэзервовая тэхніка РАНС. Напярэдадні жніва быў праведзены інструктаж усіх яго ўдзельнікаў. Зернеўборачныя камбайны, машыны, зернетакі укамплектаваны першаснымі сродкамі пажаратушэння. А калі знойдуцца парушальнікі правіл пажарнай бяспекі (курцы на палявым стане, у месцах складзіравання саломы), яны будуць штрафавацца (на суму да 30 базавых велічынь).
Наладжана трывалая тэлефонная сувязь з удзельнікамі жніва. Спецыялісты райсельгасхарчу (якія, дарэчы, замацаваны за кожнай гаспадаркай), сельгаспрадпрыемстваў трымаюць пастаянную сувязь з РАНС, у тым ліку і па ма-більных тэлефонах.
Свае паслугі прапануюць работнікі грамадскага харчавання. Яны распачалі актыўнае супрацоўніцтва з сельгаспрадпрыемствамі яшчэ 1 красавіка, падчас пасяўной кампаніі. А цяпер толькі ўдакладнілі некаторыя моманты. Начальнік аддзела грамадскага харчавання райпо Галіна Хоміч расказала, што меню для працаўнікоў жніва распрацавана выдатнае. Тэхнолагі паклапаціліся, каб у яго ўваходзіла мяса, рыба, агародніна і самая свежая выпечка. Каб не было спешкі ў прыгатаванні абедаў, работу размеркавалі паміж некалькімі кропкамі грамхарчу. Напрыклад, сталовая ў Начы гатуе абеды для сваіх аднавяскоўцаў і для працаўнікоў СВК “Канюхі”. Загадчыца сталовай Таццяна Кардаш – правераны повар-кулінар, за работу атрымлівае толькі падзякі. У сталовай аграрнага каледжа харчуюцца свае работнікі, а таксама ўдзельнікі жніва СВК ”Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”. Наталля Пляшэвіч, якая кіруе работай павароў, таксама стараецца, каб абеды і падвячоркі атрымліваліся смачнымі, высокакаларыйнымі і разнастайнымі. Кафэ “Алеся”, што ў райцэнтры, варыць-смажыць для працаўнікоў СВК “Тальмінавічы”. Гаспадаркі стараюцца, каб абеды былі не толькі смачнымі, але і таннымі, таму забяспечваюць сталовыя сваім мясам і гароднінай (так робіць, напрыклад, СВК “Ляхавіцкі”).
Як зазначыла начальнік аддзела грамадскага харчавання, сухія пайкі выдаюць сваім работнікам у Востраве, Свяціцы і Ліпску, у той жа час, як непадалёку выдатна працуюць павары тухавіцкай сталовай, кормяць торфабрыкетчыкаў. Яшчэ не позна заключыць адпаведныя дагаворы з райпо.
Па словах намесніка галоўнага ўрача райбальніцы Міхаіла Куляшова, амаль ва ўсіх падраздзяленнях вытворчасці наладжаны медыцынскі кантроль перад пачаткам рабочага дня, плануюцца выезды медработнікаў прама на палявыя станы. А напярэдадні ўборачнай праведзена вучоба механізатараў, шафёраў і ўсіх удзельнікаў жніва па аказанні першай меддапамогі пры траўмах ці іншых здарэннях. У кожнага экіпажа камбайнераў, у вадзіцеляў, на ўсіх вытворчых участках ёсць аптэчкі з поўным наборам медыкаментаў для аказання першаснай меддапамогі.
Спрыяе працы і добры настрой. Ствараць яго будуць самадзейныя артысты ўсіх без выключэння ўстаноў культуры раёна, якія падрыхтавалі спецыяльныя праграмы. У іх адно праблемнае пытанне: няма транспарту, каб падаспець у патрэбнае месца, у патрэбны час – звычайна ў абедзенны перапынак камбайнераў і вадзіцеляў. Але было б жаданне!
На сваім месцы натхняльнікаў і арганізатараў застаюцца прафсаюзныя камітэты, ідэолагі, БРСМ, якія распрацавалі мерапрыемствы на перыяд уборкі ўраджаю. Яны забяспечаць удзельнікаў жніва і ўсіх працаўнікоў аператыўнай інфармацыяй аб ходзе ўборачных работ, на Дошках гонару з’явяцца фотаздымкі перадавікоў, маральна і матэрыяльна будуць заахвочвацца маладыя ўдзельнікі жніва, а таксама пракантралююць захаванне заканадаўства аб працы і ахове працы.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *