“Сюіта” для камбайна з аркестрам. На Ляхавіччыне працягваецца жніво
Большасць з нас на пытанне, што такое сюіта, адкажа, хутчэй за ўсё, проста і правільна – музычны твор. Спецыяліст, знаўца або аматар з прэтэнзіямі растлумачыць – музычны твор з некалькіх самастойных частак, аб’яднаных адной тэмай. Прафесіянал-аграрый нагадае, што такую назву носіць адзін з сартоў пшаніцы.
Пабываўшы ў мінулы чацвер на ўборачным палетку СВК “Шлях новы”, можна было адчуць высока-гарманічнае гучанне “сюіты”. Сярэдняя ўраджайнасць стабільна трымаецца ў межах 80 цэнтнераў зерня з гектара, у асобныя дні на асобных участках набліжаецца ўвогуле да адзнакі 90 цэнтнераў. Зрэшты, сорт — адна з перадумоў ураджайнага поспеху, аднак, не яго гарантыя. Галоўнае — хлебароб, яго ўменні, старанні, настойлівасць, добрасумленнасць і шчырасць у працы. Ну і, канешне ж, не пашкодзіць крыху прэферэнцый ад нябеснай канцылярыі. Апошняя ў гэтым годзе была для аграрыяў хутчэй саюзнікам.
— Якасць насення і захаванне тэхналогіі з’яўляюцца галоўным. Насенне ніжэй першай рэпрадукцыйнай катэгорыі мы не выкарыстоўвалі. Вось гэта азімая пшаніца, напрыклад, сеялася першай рэпрадукцыяй. Ну і тэхналогія: тэрміны сяўбы, паўната і своечасовасць унясення падкормак, выкананне неабходных хімапрацовак, некаторыя іншыя моманты. З пункту гледжання надвор’я год можна лічыць спрыяльным. Не засушыла, не вымачыла. Зіма была дастаткова мяккая, перазімоўка добрай атрымалася. Не спісалі ні аднаго гектара – якую колькасць пасеялі, столькі ж і ўбіраем, — да слоў галоўнага агранома гаспадаркі Аляксандра Рамейкі няма чаго і дабавіць.
Хіба толькі тое, што надвор’е ўсё ж такі пакінула свой адбітак на пшанічных палетках. Прычым, у літаральным сэнсе: у выглядзе суцэльнай палёгліцы асобных участкаў. Адсюль і хлебаробская задача нумар адзін: завяршыць уборку “пацярпелых” участкаў да дажджоў. У адваротным выпадку не пазбегнуць зернестрат: вільгаць справакуе хуткі рост і прарастанне праз збажыну пустазелля, што, канешне ж, значна пагоршыць якасць камбайнавання. Усе асноўныя ўборачныя сілы іменна тут: 10 камбайнаў, МАЗы на адвозцы зерня – толькі з прычэпамі. Ну і абед – мы засталі якраз той час – толькі каб паабедаць, папоўніць запасы вады. І — за штурвал камбайна.
Дарэчы, за дзень да таго абед ва ўдзельнікаў жніва ў СВК “Шлях новы” быў пад музыку. Не факт, што на палетку з “сюітай” народны клуб аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК выконваў творы менавіта такога фармату. Аднак песень і жартаў было пад завязку. Мастацкі калектыў аб’ехаў практычна ўсе палі, дзе ў гэты час працуюць людзі, – ад цэнтра да перыферыі. Цёплы прыём, удзячныя апладысменты суправаджалі самадзейных артыстаў на ўсіх імправізаваных сцэнах. Асаблівы ж рэспект “Вечарніца” атрымала на былых дараўскіх палетках, якія з гэтага года далучыліся да “Шляху новага”. Песня не толькі будаваць, але хлеб убіраць дапамагае.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.