Слова пра добрага бухгалтара з Ляхавічаў

Душа калектыву, вельмі добразычлівы і шчыры чалавек, гатовы заўсёды выслухаць, параіць, дапамагчы, — гаворыць пра сваю падначаленую Наталлю Дубовік начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Маляр.

Вось ужо на працягу 26 гадоў менавіта райфінаддзел з’яўляецца для Наталлі Леанідаўны другім домам, а яго супрацоўнікі — роднымі і блізкімі людзьмі. Наталля Дубовік — выдатны галоўны бухгалтар, высакакласны спецыяліст, у якога з фінансамі доўгатэрміновы “раман”. Для яе работа не проста лічбы, падлікі, формулы, працэнты, а адладжаны да аўтаматызму працэс, што выконваецца якасна, скрупулёзна, дакладна. Яна ўмее эфектыўна арганізаваць працоўны дзень і паспявае ў сваёй зусім не простай рабоце літаральна ўсё, а часам і больш. А яшчэ знаходзіць хвіліну, каб пракансультаваць, растлумачыць, навучыць іншых. Атрымліваецца лёгка, без напружання і зразумела.

Наталля Леанідаўна – якраз той прыклад, калі чалавек выбраў прафесію па прызванні і па душы. Як кажуць, аднойчы і назаўсёды. Выпускніца 1985 года знакамітага “нархоза” няпоўныя 2 гады працавала па-за межамі нашага раёна, а ў 1988 годзе за мужам-ваенным паехала на новае месца службы. Трапілі на Ляхавіччыну.

У Дубовікаў – дружная і шчаслівая сям’я, дзе не дзеляць абавязкі на мужчынскія і жаночыя. Тут пануюць любоў, давер і павага. І ў многім дзякуючы менавіта пяшчоце і клопату, якімі Наталля ахіліла сваіх самых родных людзей — мужа, сына і дачку. Дарэчы, прафесія, якой не адно дзесяцігоддзе прысвяціла Наталля Леанідаўна, спадабалася і дачцэ, якая таксама атрымала вышэйшую адукацыю і працуе бухгалтарам.

Уменне ладзіць і знаходзіць агульную мову з яшчэ нядаўна незнаёмымі людзьмі дапамагае і ў грамадскай рабоце, якую актыўна вядзе Наталля Дубовік. А яшчэ яна – спартсменка, неаднойчы паспяхова ўдзельнічала ў спаборніцтвах, арганізаваных Міністэрствам фінансаў. Зразумела, што такі неардынарны, цікавы і цікаўны чалавек заўсёды навідавоку, яго паважаюць калегі, цэніць начальства. У паслужным спісе Наталлі Дубовік не адзін дзясятак грамат і пісьмаў падзякі. Вось і напярэдадні свайго юбілею яна разам з віншаваннямі і пажаданнямі здароўя і шчасця атрымала ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў і фінансавага ўпраўлення Брэсцкага аблвыканкама.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *