«Верасовая» профі

Штодзённа амаль кожны з нас карыстаецца паслугамі работнікаў гандлю. Заўтра, дарэчы, яны адзначаюць сваё прафесійнае свята. І гэта выдатная нагода павіншаваць знаёмых і незнаёмых прадаўцоў, тавараведаў і іншых прадстаўнікоў гандлёвай сістэмы.

Безумоўна, асаблівае месца на гандлёвай прасторы Ляхавіччыны займае фірменны магазін Ляхавіцкага малочнага завода” “Верас”. Папулярны, запатрабаваны, з багатым асартыментам і зручнымі ўмовамі для пакупнікоў, ветлівымі і кампетэнтнымі прадаўцамі. Апошняе з’яўляецца адным з вызначальных фактараў, што прыцягваюць сюды шматлікіх пакупнікоў.

Сваё прафесійнае свята разам з калегамі з “Вераса” 27 ліпеня будзе адзначаць і прадавец 6 разраду Людміла Булатая (на здымку). У гандлёвай справе яна, можна сказаць, гросмайстар, працуе ў гэтай сферы больш за 30 гадоў, з якіх 15 — у фірменным “Верасе”. Яна заўсёды навідавоку, у яе прафесійныя абавязкі ўваходзіць выкладка тавару на паліцы, кансультаванне пакупнікоў.

—Людміла Паўлаўна — яскравы прыклад таго, якім павінен быць сучасны прадавец. Камунікабельная, адказная, добразычлівая, уважлівая, сапраўдны прафесіянал. Яе паважаюць у калектыве, прыслухоўваюцца да яе парад, — гаворыць галоўны спецыяліст па гандлі малочнага завода Тамара Гірыловіч.

Сведчанне прафесіяналізму і высокая ацэнка добрасумленнай шматгадовай працы Людмілы Булатай — яе партрэт на раённай дошцы гонару сярод лепшых працаўнікоў Ляхавіччыны.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *