У акрузе работы шмат. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў працаваў на Ляхавіччыне 26 лістапада

Сустрэчы з выбаршчыкамі, выступленні ў працоўных калектывах, дыялогавыя пляцоўкі з моладдзю, прамыя тэлефонныя лініі
і прыёмы грамадзян, вырашэнне праблемных тэм у акрузе – гэтыя
і іншыя пытанні ў зоне адказнасці дэпутата Палаты прадстаўнікоў Георгія Хлябовіча, які 26 лістапада працаваў на Ляхавіччыне.

За дзень да гэтага дэпутат прымаў заўвагі, прапановы на прамую лінію. А ўжо на наступны дзень працаваў у раёне. Стартам стала абмеркаванне надзённых грамадска-палітычных тэм з моладдзю. Такая практыка для Ляхавіччыны – традыцыйная. У рамках раённага праекта «Школа маладога дэпутата» Георгій Хлябовіч сустрэўся з прадстаўнікамі Маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым
Савеце дэпутатаў.
– Сёння мы гаворым пра тое, што менавіта моладзь павінна праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю. А для гэтага неабходна быць у курсе падзей, разумець палітычны механізм, рычагі ўздзеяння. Дзякуючы такім праектам, як «Школа маладога дэпутата», наша працоўная моладзь і навучэнцы бачаць гэты механізм знутры, бачаць, якім чынам ажыццяўляецца дзяржаўная палітыка і падтрымка, як вырашаюцца пытанні, куды скіраваны вектары нашага развіцця. А значыць, лягчэй арыентавацца ў гушчыні меркаванняў, а яшчэ лепш – мець сваю думку, – адзначыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў.
Падчас прыёму грамадзян абмеркавалі і работу раённай ветэранскай арганізацыі. Яе старшыня Аляксандра Матчэня ўпэўнена, што грамадскай структуры патрабуецца падтрымка з боку прадпрыемстваў і арганізацый, пярвічныя ветэранскія арганізацыі павінны стаць неад’емнай часткай жыцця працоўных калектываў. У кожнага прадпрыемства свае ветэраны працы і традыцыі, і гэта важна зберагчы.
Таксама гэты дзень быў напоўнены і сустрэчамі ў працоўных калектывах.
На гэты раз адукацыйных. Дэпутат наведаў дзіцячы сад № 2 і Конькаўскую СШ. Дарэчы, па апошнім адрасе сустрэча адбылася і з намеснікамі дырэктараў па выхаваўчай рабоце школ раёна.
– Сёння наша краіна рыхтуецца да важнай электаральнай падзеі, дакладней, мы ўжо ў гэтым працэсе. Свайго роду гэта і важны этап для кожнай са сфер, гэта выпрабаванне на якасць і эфектыўнасць работы.
У тым ліку і для адукацыйнай сферы. Сёння ў гэту галіну накіроўваецца шматлікая дзяржаўная дапамога, а шлях у 30 незалежных гадоў дае нам падставу гаварыць пра значны скачок
у развіцці адукацыі, падыходаў у выхаваўчай рабоце, выбудаваных і правераных часам традыцый, якія даюць плён. Таму, падыходзячы да электаральна кампаніі, нам важна разумець, што неабходна зберагчы напрацаванае, развіць той патэнцыял, які маецца сёння. А гэта пачынаецца і са школьнай парты, калі педагог вучыць любіць Радзіму, свой куток, паважаць сям’ю і каштоўнасці, якія стагоддзямі перадаюцца нашымі продкамі. А гэта залежыць ад вас, педагогі, –
адзначыў Георгій Хлябовіч.

Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.