Жыццё – галоўная каштоўнасць. На захаванне бяспекі накіравана ўвага службаў, што ўваходзяць у склад назіральных камісій
Усебакова і дэталёва вывучыць прычыны і ўмовы, што спрыяюць узнікненню надзвычайных сітуацый, у тым ліку пажараў, а таксама гібелі людзей ад знешніх прычын – першачарговая задача назіральнай камісіі.
На Ляхавіччыне такія камісіі штодзённа выязджаюць
на абследаванне домаўладанняў на прадмет бяспечнага пражывання. Дзейнасць у гэтым напрамку дае магчымасць аператыўна і ў мінімальны тэрмін прыняць неабходныя меры і аказаць дапамогу па пытаннях забеспячэння бяспекі.

У мінулы чацвер да работы назіральнай камісіі, у складзе
якой прадстаўнікі ТЦСАН, РАНС, РАУС, Ганчароўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі і Ганчароўскага сельвыканкама, далучыліся і карэспандэнты «ЛВ».

На гэты раз на маршруце – вёска Гайнінец і аграгарадок Тальмінавічы. У цэнтры ўвагі падчас пажаранебяспечнага сезона – стан пячнога ацяплення, электраправодкі, газавыкарыстоўваючага абсталявання і іх спраўнасць, наяўнасць пажарных апавяшчальнікаў і падтрыманне іх працаздольнасці, прафілактыка кіберзлачынстваў і іншыя пытанні.
На вуліцы Цэнтральнай у Гайнінцы завіталі да некалькіх пажылых землякоў, сярод якіх і адзінока пражываючыя вяскоўцы.
71-гадовая Станіслава Канстанцінаўна жыве з сынам і адзначае, што бяспецы надае вялікую ўвагу. У мінулы раз назіральная камісія рэкамендавала замяніць сілкавальны элемент у АПА, і заданне было аператыўна выканана. Намеснік начальніка РАНС Кірыл Красоўскі абследуе гарышча, цэласнасць корпуса печкі, спраўнасць праводкі і г. д. Загадчыца аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання ТЦСАН Наталля Ісаханава ўручыла тэматычны буклет і растлумачыла ўмовы прадастаўлення сацыяльных паслуг, якія аказвае ТЦСАН.

84-гадовая Сафія Станіславаўна назіральную камісію сустрэла на ганку і шчыра запрасіла ў дом. Падкрэслівае, што да візітаў назіральнай камісіі прывыкла і разумее, што гэта толькі на карысць – сумеснымі намаганнямі розныя службы імкнуцца засцерагчы ад бяды. Пенсіянерка пражывае адна, але кожныя выхадныя да яе прыязджаюць родныя. За бяспеку любімай бабулі адказвае ўнук Максім, які перад ацяпляльным перыядам і комін пабяліў, і праверыў адсутнасць шчылін у печцы і яе цягу. Сафія Станіславаўна вельмі ўдзячна за дапамогу сацработніку ТЦСАН Ірыне Баранавай, якая да яе прыходзіць тры разы на тыдзень. Заўваг у камісіі па гэтым адрасе няма – усе патрабаванні бяспекі выконваюцца. Медработнік Ганчароўскай амбулаторыі Алена Бубенчык памерала артэрыяльны ціск – апарат паказаў норму. Кіраўнік справамі Ганчароўскага сельвыканкама Надзея Васілеўская пацікавілася наяўнасцю паліва, планамі на абсталяванне дома электраацяпленнем і г. д. Участковы інспектар РАУС Сяргей Куніцкі правёў прафілактычную гутарку па кібербяспецы і рэкамендаваў не весціся на прапановы «добразычліўцаў», якія прадаюць тавары па заніжаных
цэнах.
Па адным з адрасоў за кошт раённай арганізацыі «Белая Русь» заменены сілкавальны элемент у АПА.
Вынікі абследавання кожная служба пазначыць у базе даных «Інспекткам», па выяўленых парушэннях будуць накіраваны запыты для ўхілення парушэнняў у вызначаныя тэрміны.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

