Ферма стане комплексам. Жывёлагадоўчы аб’ект «Падлессе» ААТ «Жарабковічы» працуе ў рэжыме МТФ

Узведзены ў прамым сэнсе ў чыстым полі і афіцыйна ўведзены ў эксплуатацыю каля паўтара года назад жывёлагадоўчы аб’ект «Падлессе» ААТ «Жарабковічы» ўвесь гэты час працуе ў рэжыме МТФ, з якой на прамперапрацоўку штодня накіроўваецца каля 13 тысяч кілаграмаў малака. Нягледзячы на факт адпаведнасці новым патрабаванням падчас яго праектавання-будаўніцтва, на сучаснасць «закладзеных» тэхналогій адносна ўтрымання і даення кароў, да статусу малочнатаварнага комплексу ён пакуль не дацягвае. І працягвае, калі так можна сказаць, будавацца другой чаргой. Вось тады, з завяршэннем усіх работ і абяцае стаць паўнацэнным комплексам.
Як запэўнілі карэспандэнтаў у ходзе наведвання будаўнічай пляцоўкі, гэта павінна адбыцца менш як праз паўгода.
– Выйсці на фініш і другі раз перарэзаць чырвоную стужку мяркуем ужо ў будучым маі. У будаўніцтве была некаторая затрымка. Але, нягледзячы ні на што, названыя тэрміны ўводу з’яўляюцца ўпаўне рабочымі, – гаворыць начальнік службы капітальнага будаўніцтва ААТ «Жарабковічы» Леанід Варвашэвіч. З прадстаўніком прадпрыемства – заказчыка будаўніцтва фермы салідарны і прадстаўнік фірмы-падрадчыка.
– Актыўна працуем. Сёння, напрыклад, на аб’екце задзейнічана амаль два дзясяткі работнікаў. Сярод іх муляры, цесляры-бетоншчыкі, страхары, электразваршчык і некаторыя іншыя спецыялісты. Наша арганізацыя сярэдняя. Касцяк – каля сотні работнікаў, а астатніх набіраем па меры неабходнасці, у залежнасці ад наяўнасці і характару заказаў. Зараз, напрыклад, прынялі на работу некалькі вашых землякоў, – тлумачыць галоўны на пляцоўцы – прараб
ПБУП «Баранавіцкая будаўнічая кампанія» Аляксандр Мацкевіч.
Названая арганізацыя выступае тут у якасці генеральнага падрадчыка, спецыялізуецца на агульнабудаўнічых работах, аднак мае ліцэнзіі і, як правіла, не адмаўляецца ад выканання санітарна-тэхнічных, электрамантажных і некаторых іншых відаў работ.
Пасля знятага ў межах пляцоўкі ўрадлівага слоя глебы абутак адчувае ўвесь некамфорт падлескага гліназёму, з’яўляецца неабходнасць праяўляць спрыт у пошуку больш-менш сухіх лакацый для перамяшчэння для агляду таго, што ўжо зроблена, і слухаць тлумачэнні спецыялістаў аб тым, дзе і чаго не хапае. А зроблена нямала, асабліва з улікам таго, што ўзвядзенне комплексу жывёлагадоўчых аб’ектаў распачыналася параўнальна нядаўна – у мінулым ліпені. Два асноўныя будынкі (а гэта кароўнік на 250 галоў жывёлы і цялятнік на такую ж колькасць пастановачных месцаў маладняку) выглядаюць фактычна завершанымі. Як і размешчанае
сумежна-пераходна з імі памяшканне даільна-малочнага блока.
– Абсталяванне для ДМБ набылі па лізінгавай схеме. Хутка
спецыялісты прыступяць да яго ўстаноўкі, затым – пусканаладка. Гэта будзе цэх раздою, яго «ёмістасць» разлічана на 12 пастановачных месцаў буйной рагатай жывёлы. Гэтага дастаткова, у падобных выпадках больш і не патрабуецца, – тлумачыць перспектыву Леанід Варвашэвіч.
Большасць занятых на будоўлі спецыялістаў працуе ў літаральным сэнсе на вышыні, на даху будучага цялятніка.
– Пліты перакрыцця, як бачыце, ужо ўстаноўлены, работы выйшлі на стадыю мантажу самага верху даху. Праектам прадугледжана, што будзе ён шыферным, – гаворыць прараб Аляксандр Мацкевіч.
Устаноўкай асноўных нясучых элементаў, так званых жалезабетонных «клюшак», займаліся тыя, хто іх і вырабляе, – вытворцы аднаго са спецыялізаваных кобрынскіх адкрытых акцыянерных таварыстваў.
– Яны былі тут на субпадрадзе. Са сваёй задачай спецыялісты з Кобрына паспяхова справіліся.
Работа зроблена якасна і ў дастаткова хуткія тэрміны. Добрыя работнікі, ні слова заўвагі ў іх бок кінуць не магу. Як, дарэчы, і ў адрас генпадраднай «Баранавіцкай будаўнічай кампаніі», –
гаворыць пра будаўнікоў фермы начальнік службы капітальнага будаўніцтва ААТ «Жарабковічы».
У спісе ўжо выкананых падрадаў на будаўніцтве другой чаргі жывёла-
гадоўчага аб’екта «Падлессе» значыцца пракладка большасці вонкавых і ўнутраных інжынерных сетак, вертыкальная планіроўка і іншае. У бліжэйшыя дні ў раскладзе будаўнікоў значылася прыступіць да падсыпкі тэрыторыі пясчана-гравійнай сумессю. На гэта і на падрыхтоўку да бетанавання падлогі ў доўгіх, памерам 126 на 33 і 108 на 21 метраў кароўніку і цялятніку спатрэбіцца не адна сотня «кубоў» ПГС. Добра, што ў «Жарабковічах» маецца ўнутрыгаспадарчы кар’ер з гэтым матэрыялам. Дарэчы, забеспячэнне транспартам і пагрузачнымі механізмамі для ажыццяўлення дастаўкі пяску і гравію бярэ на сябе ААТ «Жарабковічы».
– Удзельнічаем як можам. Прадастаўляем свой кран, экскаватар, МАЗы і іншае. Усё з мэтай паскорыць працэс, зрабіць будоўлю, на якую разам з асноўным абсталяваннем закладзена больш за сем мільёнаў рублёў, больш таннай, –
падсумоўвае Леанід Варвашэвіч.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.











