Наваселле для маці. Кіраўніцтва ўнутраных войскаў і вайсковай часці 7404 дапамаглі вырашыць жыллёвае пытанне — маці героя Сяргея Свянтэцкага — Але Свянтэцкай з Ляхавіцкага раёна
Амаль тры дзесяцігоддзі мінула з дня подзвігу салдата тэрміновай службы – 18-гадовага ўраджэнца вёскі Крывошын Сяргея Свянтэцкага. Ліпеньскім днём 1997 года цаной свайго жыцця ён спыніў групавы ўцёк асуджаных, якіх у спецвагоне да месца адбывання пакарання канваіравалі ваеннаслужачыя баранавіцкай вайсковай часці 7404. За мужнасць і гераізм наш зямляк першым з унутраных войскаў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць».

Для калектыву вайсковай часці ўвага да маці героя Алы Свянтэцкай – справа гонару і воінскага абавязку. Іх клопат шчыры і не напаказ. Кіраўніцтва часці і ваеннаслужачыя сталі важнай часткай жыцця вяскоўкі. Разам яны не толькі ў святы і знакавыя даты, але і ў вырашэнні бытавых праблем.
– Дапамога Але Іванаўне –гэта, у першую чаргу, магчымасць выказаць ёй вялікую ўдзячнасць за сына-героя. Гэта і выхаванне ў нашых салдатаў патрыятызму і любві да Айчыны, павагі да людзей паважанага ўзросту. Пасекчы дровы, адрамантаваць калодзеж ці навесці парадак у двары таксама важна, як і ўмець трымаць зброю і абараняць сваю сям’ю, – адзначае начальнік службы інфармацыйна-прапагандысцкай работы вайсковай часці 7404 Валерый Лежань.
На адной з сустрэч з міністрам унутраных спраў, якая традыцыйна праводзіцца напярэдадні Дня міліцыі для членаў сем’яў супрацоўнікаў, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку, наша зямлячка падзялілася сваімі бытавымі складанасцямі: з узростам ёй усё цяжэй спраўляцца з вясковымі клопатамі, ды і здароўе падводзіць. А ў Ляхавічах і медпаслугі значна шырэйшыя.
Нядаўна, дзякуючы камандуючаму ўнутраных войскаў генерал-маёру Мікалаю Карпянкову і камандаванню вайсковай часці 7404 і пры
садзейнічанні кіраўніцтва раёна Ала Іванаўна атрымала ключы ад аднапакаёвай арэнднай кватэры ў Ляхавічах.

Па словах Алы Іванаўны, наваселле адбылося са слязамі шчасця на вачах. Кіраўніцтва ўнутраных войскаў і вайсковай часці 7404 зрабіла касметычны рамонт кватэры і абставіла яе мэбляй, укамплектавала бытавой тэхнікай і г. д.
– Зайшла ў кватэру і не змагла стрымаць слёз. Мае дарагія вайскоўцы, мае сыночкі, усё уладкавалі з густам – заходзь і жыві. У гарнітуры на кухні новы посуд, на вокнах – прыгожы цюль, шторы і многае іншае. Сюрпрыз дык сюрпрыз! Нават халадзільнік напоўнілі прадуктамі. Шчыра ўдзячна ўсім, хто зрабіў мне такі шыкоўны падарунак! Нізкі паклон вам, дарагія людзі! – не хавае эмоцый Ала Свянтэцкая.


Фонд «Маладая гвардыя» перадаў гаспадыні арэнднага жылля сучасны вялікі тэлевізар. Дарэчы, фонд у нашай краіне быў створаны ў мінулым годзе дзеля падтрымкі ваенна-патрыятычных клубаў краіны і развіцця патрыятычнага руху сярод моладзі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.



