На маршруце Зорнага паходу – Ляхавіччына. Сёлета паход прымеркаваны да 80-годдзя Вялікай Перамогі.
● Сёлета маршрут Зорнага паходу па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа праходзіць і праз Ляхавіцкі раён

Ужо 60-ы раз студэнты і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка выязджаюць у розныя рэгіёны краіны з патрыятычна-асветніцкай місіяй. Сёлета паход прымеркаваны да 80-годдзя Вялікай Перамогі.
Заканчэнне. Пачатак на 1-й стар.
Старт традыцыйнаму патрыятычнаму мерапрыемству дадзены ў Мінску ў сімвалічным месцы – музейна-паркавым комплексе «Перамога» каля памятнага знака грамадзянам усіх нацыянальнасцей, якія вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёлета ў Зорны паход выкладчыкаў і студэнтаў БДПУ адправіліся прадстаўнікі не толькі нашай краіны, а і Расіі, Арменіі, Казахстана, Кітая, Таджыкістана, Узбекістана. Не першы раз у інтэрнацыянальным паходзе ўдзельнічаюць курсанты Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.
11 атрадаў – а гэта больш за 300 удзельнікаў – пачалі цікавы і запамінальны шлях па розных раёнах Беларусі.
Атрад «Зорны фэст» факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ прыбыў у Ляхавіцкі раён. У трохдзённай праг-раме – цікавыя сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, кіраўніцтвам раёна, моладдзю, школьнікамі, добрыя сумесныя справы, прафарыентацыйная работа, наведванне гістарычных і культавых аб’ектаў, экскурсіі і кінапрагляды.
– Мы з гарачымі сэрцамі і шчырай душой, з патрыя-тычнымі памкненнямі прыехалі ў гасцінны ляхавіцкі край з багатай гісторыяй і культурнымі традыцыямі, каб аддаць даніну павагі пакаленням, дзякуючы якім мы жывём пад мірным небам, паўдзельнічаць у розных мерапрыемствах. І, канешне, у цэнтры ўвагі – прафарыентацыйная работа, знаёмства з універсітэтам, спецыяльнасцямі, што можна тут атрымаць. Акрамя таго, парадуем жыхароў Ляхавіччыны канцэртнымі праграмамі, добрымі справамі, а таксама сустрэчамі на дыялогавых пляцоўках. Я сама, калі была студэнткай, тройчы прымала ўдзел у Зорным паходзе, і сёння памятаю той небывалы ўсплёск натхнення, эмоцый ад сустрэч і знаёмстваў. Рада, што моладзь моцна трымае гэту сувязную стужку пакаленняў, – расказвае кандыдат педагагічных навук, дацэнт, дэкан факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ Ірына Шасцітка.
Дзень першы. Памяць у нашых сэрцах
29 студзеня на плошчы Перамогі ў райцэнтры прайшоў урачысты мітынг. Разам – госці і прадстаўнікі грамадскасці Ляхавіччыны, школьнікі – ушанавалі памяць пра тых, хто вызваляў Ляхавіцкі раён ад фашысцкіх акупантаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, хто ні дня не даваў спакою гітлераўцам і іх прыспешнікам, усіх, хто набліжаў доўгачаканую Перамогу, 80-годдзе якой мы адзначым сёлета 9 мая. Да брацкай магілы ляглі вянкі і кветкі ад удзячных нашчадкаў. Выступаючы на мітынгу, намеснік старшыні райвыканкама Алег Траццяк адзначыў, што за моладдзю – будучыня нашай краіны, таму сённяшнія юнакі і дзяўчаты павінны захоўваць памяць пра вялікі подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дэкан факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ Ірына Шасцітка падкрэсліла: усё, што зараз мае беларускі народ, стала магчымым дзякуючы таму, што нашы бацькі, дзяды і прадзеды здабылі мір, і важна гэты мір зберагчы. Ад імя моладзі слова трымала студэнтка педуніверсітэта Нікаліна Кот, якая ад імя сённяшніх пакаленняў выказала ўпэўненасць, што моладзь, якой аказаны вялікі давер, абавязкова будзе і далей моцна трымаць сувязь пакаленняў.
Для гасцей арганізавалі экскурсію па райцэнтры, якому сёлета спаўняецца 533 гады. Ва ўражанні засталіся ад многіх аб’ектаў, у тым ліку з інтарэсам слухалі пра Ляхавіц-кую фартэцыю – адно з самых магутных умацаванняў Еўропы
ХVІ–ХVІІ стагоддзяў.
Мы, ляхавічане, беражліва шануем памяць пра гістарычныя здабыткі, аўтары якіх – мінулыя пакаленні. Што гэта так, госці ўпэўніліся, калі наведалі музей баявой і працоўнай славы
ў СШ № 2. Затрымаўшы дыханне, слухалі пра тое, як у падполлі і партызанскіх атрадах ваявала з ворагам Ляхавіччына. Не абышлі ўвагай і трагічныя старонкі, у якіх лёс ляхавіцкіх сясцёр Хатыні – населеных пунктаў раёна, спаленых карнікамі. Каля экспазіцыі, прысвечанай генацыду беларускага народа, нельга было стрымаць слёз: Ляхавіччына, як і ўся краіна, ведае, памятае, шануе.
Не менш запамінальнай стала і вячэрняя частка першага дня Зорнага паходу. Росквіт талентаў, творчыя здабыткі, цікавыя распрацоўкі, непадробны інтарэс, мноства прыемных знаёмстваў –
такім запомніўся навучэнцам і педагогам цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі майстар-клас ад гасцей па спевах, танцах, прыкладной творчасці, маляванні. А завяршальным акордам
29 студзеня стала наведванне кінатэатра «Кастрычнік».
Дзень другі. Запамінальныя сустрэчы і прафарыентацыя
Не менш насычанай па праграме, атрыманых эмоцыях і пазітыўным настроі стаў другі дзень знаходжання «Зорнага фэсту» ў Ляхавіцкім раёне. Падчас сустрэчы ўдзельнікаў Зорнага паходу з прадстаўнікамі Ляхавіцкага райвыканкама начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Бурак расказала пра самабытны ляхавіцкі край. А таксама спынілася на тым, што ў раёне вялікая ўвага надаецца рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Кіраўніцтва раёна зацікаўлена, каб на Ляхавіччыну прыязджалі маладыя кваліфікаваныя кадры, клапоціцца пра маладых спецыялістаў, для якіх ствараюцца належныя ўмовы, у тым ліку вырашаецца жыллёвае пытанне. Госці і гаспадары абмяняліся сувенірамі.
Прафарыентацыйна-творчыя пляцоўкі разгарнуліся ў гімназіі. У зацікаўленым фармаце прайшла прэзентацыя Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Выкладчыкі і студэнты расказвалі пра сваю ВНУ, тутэйшыя факультэты, пра захапляльнае студэнцкае жыццё. А якую выдатную канцэртную праграму падрыхтавалі госці з Мінска! Яшчэ былі не менш захапляльныя майстар-класы для гімназістаў, інтэлектуальная гульня «Што? Дзе? Калі?». Творчую асалоду атрымалі ўсе, хто прысутнічаў на паэтычнай сустрэчы «Калі душа нарадзілася крылатай…».
Далей на маршруце Зорнага паходу – вёска Грушаўка. Тут каля брацкай магілы прайшлі мітынг і ўскладанне кветак. Адна за адной перагорнуты старонкі гісторыі падчас экскурсіі па Цэнтры культуры ў Грушаўцы. Гасцям з Мінска запомніўся сваімі асаблівымі архітэктурнымі адметнасцямі палацава-паркавы ансамбль «Грушаўка», які нядаўна адноўлены. Нямала цікавых фактаў пра Ляхавіччыну праваслаўную юнакі і дзяўчаты з атрада «Зорны фэст» даведаліся пры наведванні храма Узвіжання Крыжа Гасподняга ў Ляхавічах.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.






