Флора і фауна колеру пільнай увагі

Пакуль у “Чырвонай кнізе Рэспублікі Беларусь” афіцыйна “прапісаліся” 5 відаў мясцовых раслін (мядзведжая цыбуля (ці чарамша), гарлачык белы, гарлачык жоўты малы, жоўты рададэндран, асака ценевая) і 2 – жывёл (чорны бусел і барсук).
На самай справе, канешне, спіс далёка не вычарпальны – рэдкая і тая, што знаходзіцца пад па-грозай знікнення, флора і фауна прадстаўлена на Ляхавіччыне значна больш шчодра. Супрацоўнікі райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, напрыклад, дакладна ведаюць, што ў нас растуць горны купальнік і пярэсна еўрапейская, цёрн і белая піхта, можна сустрэць рысь, балотную чарапаху, рабога сусліка, а таксама нямала “чырванакніжных птушак”: шэрага жураўля, балотную саву, чаплю-бугая і чаплю-лазяніка, арлана-белахвоста і скапу, вялікую белую чаплю і сінічку-рэмеза, звычайнага зімародка і пугача…
Але ведаць і бачыць – адна справа, а атрымаць дакладнае і задакументаванае пацвяр-джэнне (выявіць канкрэтныя месцы гнездавання, сфатаграфаваць птушак буйным планам), што неабходна для ўнясення геаграфічных удакладненняў у “Чырвоную кнігу” – зусім іншая і не такая, трэба сказаць, простая.
Тым не менш, апошнім часам работа ў гэтым накірунку актывізавалася. Зараз у інспекцыі рыхтуюцца пашпарты дзікарослай расліны для белай піхты і калючай слівы (іншая назва расліны – цёрн). Дакументы будуць перададзены ў Акадэмію навук для пацвярджэння і далейшай перадачы месцаў распаўсю-джання гэтых раслін пад ахоўныя абавязацельствы землекарыстальніка.
Літаральна днямі супрацоўнікі прыродаахоўнай службы чарговы раз наведаліся ва ўрочышча “Чорны Брод”, што ў Крывошынскім лясніцтве, каб праведаць маладняк белай піхты (старыя дрэвы, пасаджаныя адным з мясцовых жыхароў у трыццатыя гады мінулага стагоддзя, па нейкай прычыне загінулі, шчодра пакінуўшы пасля сябе “нашчадкаў”, якія адчуваюць сябе ў мясцовых лясах, як дома. У апошнім выданні рэспуб-ліканскай “Чырвонай кнігі” пра белую піхту занатавана: “Барэальны рэліктавы від… У Беларусі адзінае ізаляванае месцазнаходжанне… размешчана ў Белавежскай пушчы ва ўрочышчы “Цісовік”(Брэсцкая вобл., Пружанскі р-н)”.
Трэба спадзявацца, у наступным выданні інфармацыя будзе ўжо ўдакладненай – з ляхавіцкім адрасам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *