Намеснік дырэктара ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод»: «Мінчане ўжо вывучылі графік завозу тавару: як прыязджае транспарт – расце чарга за пакупкамі»

Літаральна ў снежні «Заводскі» запрасіў жыхароў і гасцей сталіцы бліжэй пазнаёміцца з асартыментам кансервавага завода. На Камароўскім рынку з’явілася фірменная кропка – не адзін агляд ад папулярных блогераў, дэгустацыі ад мінчан магазін вытрымаў на выдатна. Тым самым заваяваў давер у пакупнікоў.
Намеснік дырэктара ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Юрый Цюлянкоў расказаў, што попыт на прадукцыю кансервавага ў сталіцы высокі:
– Мінчане ўжо вывучылі графік завозу тавару: як прыязджае транспарт – расце чарга за пакупкамі. Купляюць усё, аднак больш за іншае спадабаліся жыхарам сталіцы махіта з агрэсту, соус песта, спаржа кансерваваная. У топе – памідоры і агуркі ў вакуумнай упакоўцы. Спадзяёмся, што і навінка – таматы кансерваваныя нарэзаныя – «зойдуць» сталічным беларусам.


#нашелучшее, #нашалепшае

Дарэчы, у нашага кансервавага завода ў бліжэйшы час намячаецца чарговае гандлёвае наваселле. Для тых, хто заязджае па пакупкі ў гандлёвы цэнтр «DOVOD» у Баранавічах, гэта навіна будзе прыемнай: 21 лютага адкрыецца фірменны магазін Ляхавіцкага кансервавага завода. Для адкрыцця практычна ўсё гатова: кадры, у працэсе – падрыхтоўка гандлёвай пляцоўкі, хутка пачнецца і завоз тавару. Пасля адкрыцця крамы ў Баранавічах асваенне гандлёвых пляцовак іншых гарадоў не спыніцца. Пакуль у сакрэце, у якім горадзе наступным з’явіцца фірменны магазін «Заводскі».