Зрабі правільны выбар! 1 сакавіка – Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй
Наркаманія – гэта не толькі цяжкае захворванне, а і складаная сацыяльная з’ява, якая разбурае не толькі здароўе і асобу чалавека, але і аказвае значны ўплыў на грамадства ў цэлым. Асаблівую занепакоенасць выклікае той факт, што непаўналетнія ўцягваюцца не толькі ў спажыванне наркотыкаў, але і ў іх распаўсюджанне. І наступствы закранаюць як самога нарказалежнага, так і яго блізкае акружэнне.

Адным з відавочных наступстваў з’яўляецца разбурэнне сямейных адносін. Чалавек, які ўжывае наркотыкі, пачынае страчваць інтарэс да сваіх абавязкаў перад сям’ёй, што прыводзіць да з’яўлення канфліктаў і распаду сям’і. Дзеці, якія выраслі ў сям’і, дзе адзін з бацькоў ці абодва пакутуюць нарказалежнасцю, маюць розныя псіхалагічныя праблемы або траўмы, што фарміруюць іх характар і прадвызначаюць міжасобасныя адносіны ў будучым. Акрамя
таго, наркаманія цесна звязана са злачыннасцю.
Людзі, якія пакутуюць ад залежнасці, учыняюць супрацьпраўныя дзеянні з мэтай атрымання грошай на набыццё наркотыкаў.
Часта наркаманы страчваюць работу або не могуць яе знайсці з-за фізічнага або псіхічнага стану. Гэта прыводзіць да эканамічнай нагрузкі на дзяржаву і росту ўзроўню беспрацоўя.
Наркаманія таксама садзейнічае распаўсюджанню інфекцыйных захворванняў, такіх як ВІЧ-інфекцыя і гепатыт, развіццю разнастайных незваротных змяненняў у арганізме чалавека. У наркаспажыўца пачынаюць з’яўляцца псіхалагічныя і змяненні паводзін. На пачатковых стадыях ужывання наркотыкаў чалавек адчувае «пад’ём» настрою, прыліў сіл, бязмежныя магчымасці і свабоду. Аднак вельмі
хутка станоўчыя эмоцыі
мяняюцца на нарастаючае пачуццё трывогі, неспакою і бязвыхаднасці. Залежныя людзі пастаянна знаходзяцца ў стане ўнутранага напружання, баяцца быць злоўленымі, застацца без
наркотыку або сутыкнуцца з негатыўнымі наступствамі сваіх паводзін. Узрастаючая патрэбнасць у павелічэнні дозы наркотыку можа пацягнуць за сабой страту кантролю і смерць ад перадазіроўкі. Чалавек можа ўсведамляць сваю праблему, але пры гэтым няздольны справіцца з ёй, што выклікае пачуццё бяссілля і бязвыхаднасці і нярэдка прыводзіць да думак пра самагубства. Такім
чынам, наркатычная залежнасць радыкальна мяняе
чалавека знешне і ўнутрана.
Прафілактыка і дапамога людзям, якія трапілі ў залежнасць і сузалежнасць, адыгрываюць ключавую ролю ў вырашэнні гэтай няпростай праблемы. Правільна арганізаваная прафілактыка выратоўвае значна больш людзей, чым самыя лепшыя сучасныя метады і спосабы лячэння. Асноўны акцэнт па прафілактыцы наркаспажывання робіцца на групах падлеткаў і моладзі як найбольш схільных да ўжывання наркотыкаў.
Наркаманія – гэта праблема асабістага выбару кожнага чалавека. Выбару – ужываць ці не ўжываць наркотык.
Неабходна ведаць, што ў Рэспубліцы Беларусь дзеці і дарослыя, якія ўжываюць наркотыкі, могуць атрымаць неабходную наркалагічную дапамогу.
За кансультатыўнай дапамогай і лячэннем грамадзяне, якія ўжываюць наркотыкі, алкаголь або іншыя псіхаактыўныя рэчывы, могуць звяртацца ў наркалагічны кабінет Ляхавіцкай ЦРБ (тэл. 6-09-43).
Рэспубліканскі «Тэлефон даверу» для наркалагічных пацыентаў – 8-801-100-21-21 па буднях з 9.00 да 17.00 бясплатна.
Агульнанацыянальная дзіцячая лінія дапамогі (працуе як тэлефон даверу для дзяцей і бацькоў, кансультуюць кваліфікаваныя псіхолагі і ўрачы) – 8-801-100-16-11 кругласутачна, бясплатна.
Ірына САЙКО,
урач-нарколаг
Ляхавіцкай ЦРБ.

