Правільнае рашэнне – прышчапіцца

У нашым раёне, як і ва ўсёй краіне, праходзіць вакцынацыя насельніцтва супраць грыпу. Слова “грып” французскага паходжання, у перакладзе азначае “хапаць, лавіць, падхопліваць”. Раней грып называлі інфлюэнца (ад старафранцузскага “незаўважана пранікаць, урывацца”). Назва адлюстроўвае раптоўнасць, хуткасць развіцця захворвання, а таксама вірусны характар – чалавек яго “схоплівае”, “ловіць”. Каб прадухіліць заражэнне грыпам і паспець выпрацаваць дастатковую імунную абарону супраць яго ( фарміруецца яна на працягу 2-3 тыдняў пасля вакцынацыі), прышчэпку лепш зрабіць у кастрычніку-лістападзе.

Па стане на 13 кастрычніка ў раёне прышчапілася 53 працэнты ( 6121 чалавек) тых, хто ў першую чаргу падлягае імунізацыі. З іх, удакладняе загадчыца паліклінікі Валянціна Аўдзей, 911 дзяцей.

Абавязковая вакцынацыя для дзяцей, работнікаў устаноў адукацыі, гандлю, сферы бытавога абслугоўвання, транспартных арганізацый, медыкаў, дарослых з хранічнымі хваробамі, цяжарных жанчын і асоб, старэйшых за 65 гадоў. Пералічаныя катэгорыі праходзяць вакцынацыю бясплатна – за кошт бюджэту.

Ад прышчэпкі ў выйгрышу застаецца не толькі насельніцтва, але і самі работадаўцы. Хаця яны пакуль не спяшаюцца праводзіць неабходную працэдуру. Між іншым, па інфармацыі абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, за мінулы эпідсезон эканамічныя страты ад аднаго выпадку грыпу склалі 280 долараў у эквіваленце. У выніку страты пры адсутнасці вакцынацыі перавышаюць затраты на набыццё вакцыны ў 5 разоў.

Памочнік урача эпідэміёлага райЦГІЭ Ірына Літвіненка адзначае, што дзякуючы прышчэпкавай кампаніі, захворванне ВРІ і грыпам па раёне за мінулы сезон (2013-2014г.г.) ніжэй ў 2 разы ў параўнанні з папярэднім. Прычым, сярод непрышчэпленых жыхароў Ляхавіччыны захворванне фіксавалася ў 2,9 разоў часцей.

За кошт прадпрыемстваў і арганізацый у раёне прышчапіліся ўсяго 560 чалавек. На торфабрыкетным, у ПМК-17, райаграсервісе, СВК “Тальмінавічы”, “Шлях новы”, “Жарабковічы” пачалі вакцынацыю работнікаў.

Усяго 9 жыхароў раёна зрабілі прышчэпку за свае сродкі.

Своечасова зробленая прафілактычная прышчэпка – гарантыя здароўя ў разгар эпідэміі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *