Супрацоўніцтва, якому мяжа не перашкода. Яскравым пацвярджэннем сяброўства з’яўляецца рэалізацыя братэрскімі народамі сумесных праектаў у сферы адукацыі і культуры

Сёлета 2 красавіка Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі новымі здабыткамі адзначаюць дзяржавы-суседкі, краіны-сяброўкі, рэспублікі-саюзнікі. Усё больш і больш становіцца фактаў, значных падзей, якія аб’ядноўваюць братэрскія Расійскую Федэрацыю і Рэспубліку Беларусь.
У нашых краін шмат агульнага – мяжа, сацыяльна-эканамічная і культурна-спартыўная прасторы, духоўная і гістарычная еднасць, славянскія карані. Усё гэта нас яднае, згуртоўвае і загартоўвае. Разам мы супрацьстаім, прычым паспяхова, санкцыям і палітычным выклікам. А яшчэ разам пакараем космас. Сёлета 23 сакавіка споўніўся год, як з расійскага Байканура ў космас стартаваў карабель «Саюз МС-25», дзе сярод членаў экіпажа на борце –
першы касманаўт у гісторыі суверэннай Беларусі Марына Васілеўская.

Яскравым пацвярджэннем сяброўства з’яўляецца рэалізацыя братэрскімі народамі сумесных праектаў у сферы адукацыі і культуры.
Жыхары Ляхавіччыны прымаюць актыўны ўдзел у шматлікіх расійска-беларускіх праектах.
Не аднойчы прозвішчы нашых юных землякоў гучалі сярод лепшых у алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная агульнасць», Міжнародным маладзёжным конкурсе сачыненняў эпісталярнага жанру і іншых. Для падрастаючага пакалення Саюзнай дзяржавы адкрыты магчымасці для праяўлення сваіх ведаў і талентаў на сумесных конкурсах, фестывалях і спаборніцтвах.

Навучэнцы СШ № 2 г. Ляхавічы – актыўныя ўдзельнікі міжнародных акцый.

Год назад гімназія і СШ № 2 увайшлі ў склад Асацыяцыі школ Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь і ўжо могуць пахваліцца дасягненнямі.

Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Вольга Шкут адзначае, што навучэнцаў СШ № 2 больш цікавяць мерапрыемствы педагагічнага і ваенна-патрыятычнага блокаў, у гімназістаў да ўсяго і творчыя спаборніцтвы. Нямала выніковых выступленняў у рамках дзейнасці асацыяцыі адбылося ўжо на пачатку гэтага года.
– Сярод шматлікіх мерапрыемстваў асацыяцыі адзначу міжнародны праект «30 дзён да Перамогі», анлайн-урок «80 гадоў вызвалення Беларусі», акцыю «Спяём гімн разам», міжнародныя спаборніцтвы «Cіла розуму», першы дыстанцыйны медыя-фестываль школьных СМІ «Мы ў эфіры» і іншыя. Для нашых навучэнцаў гэта магчымасць не толькі прэзентаваць сябе на міжнародным узроўні, але і павучыцца ў сваіх расійскіх аднагодкаў, – падкрэслівае Вольга Шкут.
Нядаўна падведзены вынікі конкурсу даследчых работ расійскіх і беларускіх школьнікаў «Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі: адзінства праз гісторыю і культуру», у якім каманда гімназістаў заваявала першае месца. Пад кіраўніцтвам настаўніцы Таццяны Маслоўскай навучэнцы Павел Юшкевіч, Ягор Богдан, Аляксандр Яварчук, Вікторыя Люкіш і Вольга Македановіч у даследчай рабоце
параўноўвалі Ляхавіцкую фартэцыю і расійскую вежу Ям, якія маюць нямала агульнага. Пераможцы са сваім навуковым кіраўніком запрошаны ў Маскву.
Вынікова прадставілі даследчую работу і навучэнцы СШ № 2, якія заваявалі дыплом лаўрэата. Разам з настаўнікам гісторыі Віталіем Толкачам Андрэй Валуй, Дзіяна Кудзялевіч, Арсеній Ламанос, Марыя Шкут, Ганна Астроўская паказалі ў даследаванні важнасць уз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі ў 1939 годзе.
Адметна, што дыпломнае выступленне ляхавіцкіх навучэнцаў хутчэй традыцыя. Так, нядаўна навучэнка СШ № 2 Марыя Шкут на II Міжнароднай адкрытай краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі «Памяць у сэрцах жывая…» удастоена дыплома II ступені за даследаванне «Генацыд беларускага народа ва ўспамінах ураджэнцаў Ляхавіцкага раёна»,
а на рэспубліканскай вочна-завочнай навукова-практычнай канферэнцыі «На карысць Радзімы і чалавека» ў дзесяцікласніцы дыплом III ступені.
У фінале конкурсу даследчых работ «Я пазнаю свет» сярод 110 прэтэндэнтаў на перамогу лепшай у намінацыі «Праблемнасць у даследаванні» стала гімназістка Уладзіслава Юшкевіч (настаўнік Наталля Клімава). Гімназісты Вікторыя Маслоўская, Раман Сузікаў, Карына Урвонцава і Валерыя Новік вызначыліся і ў першых матэматычных спаборніцтвах «Формула адзінства» (настаўнік Наталля Пранчак). А Паліна Праневіч і Вікторыя Крывапушчанка заваявалі дыпломы I ступені ў Міжнародным конкурсе вакальнага
мастацтва «Маладыя таленты. Голас 31»
(настаўнік Віктар Бародка). І такіх цудоўных прыкладаў, якімі могуць пахваліцца не толькі члены Асацыяцыі школ Расіі і Беларусі, нямала.
Сучасныя тэхналогіі дазваляюць выйсці на расійскую «сцэну» і дзеячам культуры з Ляхавіччыны. Нашы творчыя землякі, а сярод іх «Вечарніца», «ВІНС-акорд», «Берагіня», «А.Л.О.», калектывы Ляхавіцкай ДШМ і іншыя, па выніках разнастайных конкурсаў удастоены шматлікіх дыпломаў і падзяк.
Літаральна некалькі свежых фактаў. У лютым на міжнародным конкурсе-фестывалі «Трохгучнасць сэрцаў» нашы землякі Сяргей і Ніна Купчынскія заваявалі дыплом лаўрэата І ступені ў намінацыі «Эстрадны вакал».
У сакавіку навучэнцы Ляхавіцкай ДШМ сталі ўладальнікамі адразу некалькіх дыпломаў І ступені. Намеснік дырэктара ДШМ Ірына Тулейка называе дуэт «Натхненне» (кіраўнік Наталля Маслоўская), ансамбль гітарыстаў «Рэзананс» (Таццяна Ладзілава), ансамбль скрыпачоў «Туцці» (кіраўнік Вольга Сілівончык), а таксама Льва Ельцова (кіраўнік Ірына Тулейка). Ляхавіцкая купалаўка каторы год праводзіць з бібліятэкай расійскага горада Кургана традыцыйны тэлемост з чытачамі і супрацоўнікамі бібліятэк.
І гэта толькі невялікі пералік з ляхавіцка-расійскага культурна-адукацыйнага сяброўства.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.